На Ўсебеларускі народны сход з усёй Беларусі сабралі дзьве з паловай тысячы кандыдатаў. Ад кожнай вобласьці быў арганізаваны транспарт у Менск. У Менску ўсе жывуць у розных гатэлях — хто ў «Плянэце», хто ў «Беларусі». На гэтых жа аўтобусах арганізавана падвезьлі да Палаца Рэспублікі.
— А праўда, што вам як дэлегату пляншэт падарылі? — пытаемся ў дэлегата зь Менску.
— Праўда.
— «Самсунг?»
— Здаецца, так.
— А пакажыце.
— А я яго ня браў.
Як менавіта вылучалі дэлегатаў, цямна ніхто не адказаў — «горад вылучыў», «выканкам вылучыў», «раз нас выбралі, значыць, заслужылі». Маладых дэлегатаў у асноўных прасоўвалі «па лініі БРСМ».
Вера Шырокая з Бабруйску — першы сакратар Бабруйскага гарадзкога камітэту БРСМ. На сходзе яна разам са сваёй «вылучэнкай», сакратаром БРСМ у гандлёва-эканамічным каледжы Валянцінай Шадзейкінай. Арганізацыяй дзяўчаты задаволеныя: «усе на вышэйшым узроўні», «усе па раскладзе». Вера кажа, што сход мусіць стаць «імпульсам для разьвіцьця дзяржавы», а выступам Аляксандра Лукашэнкі яна ўражаная:
«Не пагадзіцца з прэзыдэнтам нельга па вызначэньні. Будзем казаць адэкватна. Усё, што ён кажа „претерпевает опыт“ (так у арыгінале — рэд.), пройдзены нашай краінай за гэтыя пяць год. І праблемы, якія мы чулі, асабліва ў сфэры адукацыі, усё рэфармуюць-рэфармуюць, а нашыя школьнікі пакутуюць. Сфэра ЖКХ — усё ніяк мы ня можам удзешавіць нашы тарыфы, выйсьці на рэнтабэльнасьць. Усе аспэкты, закранутыя кіраўніком дзяржавы — аб’ектыўныя. Пытаньне ў іншым: наколькі мы зможам за будучую пяцігодку рэалізаваць задачы, пастаўленыя нашым Прэзыдэнтам».
— За папярэднюю пяцігодку ня надта атрымалася.
— Мы закладнікі геапалітычнай сытуацыі і абставінаў. Эканамічны крызыс, які закрануў і Расею, і Эўропу, прайшоўся па нам, можна сказаць гусеніцамі ад танка. Мы закладнікі, ня можам абстрагавацца ад зьнешняга ўзьдзеяньня, — парыруе першы сакратар Бабруйскага БРСМ.
Боўтрэль Вікторыя з Наваградзкага каледжа пра свой удзел у сходзе кажа бадзёра: «Як выпускніцу мяне будуць цікавіць пытаньні рэалізацыі моладзевай палітыкі, хацелася б пачуць пра новыя працоўныя месцы для маладых спэцыялістаў, пра разьмеркаваньне маладых спэцыялістаў, мне будзе цікава паслухаць пра вынік сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця за першую пяцігодку.
«Для нас гэта вялікая падзея, самая прыкметная за ўсё жыцьцё!» — кажуць дзьве дэлегаткі з Гарадзеншчыны. Ад гарадзенскай вобласьці тут 350 дэлегатаў.
Настаўніцы з Гарадзенскай вобласьці, якія толькі што паміж сабой зьдзіўляліся, што ў Менску «па 500 тысяч плацяць у цырульні» на пытаньне: «Як вам арганізацыя?» — кажуць «камсамольскімі галасамі»:
«Дзякуй і прэзыдэнту, і ўсяму ўраду, што арганізацыя на такім узроўні. Мы ўсё перадамо нашаму народу, распавядзем. Мне, як пэдагогу, прыемна, што было шмат увагі адукацыі. І ўсё было так сказана, як мы ў жыцьці сутыкаемся. Такое адчуваньне, што Аляксандр Рыгоравіч у нас у школе пабываў, усё пабачыў. Увесь выступ і гонар выклікаў, дзе мы дасягнулі нейкіх паказьнікаў. І сум, калі не ўдалося нешта выканаць. Канечне, не ўдалося выканаць, што зьвязана з нашымі суседзямі, з Украінай, Расеяй. Пра ўсё гэта было сказана».
З вылучэньнем у дэлегаты вярхоўнага муфція Абу-Бэкіра Шабановіча ўсё больш зразумела, ён тут прадстаўляе мусульманскую супольнасьць.
«Я ўважліва паслухаў і нататкі зрабіў, — кажа спадара Шабановіч. — Лічу, што даклад маштабны і ахоплівае ўсе сфэры жыцьця дзяржавы і грамадзтва. У мяне супярэчнасьцяў няма. Толькі пажаданьне, каб гэтыя аргумэнтаваныя размовы сталі рэальнымі дзеяньнямі. Прэзыдэнт правільна сказаў, што некалькі разумных людзей даюць добрыя ідэі, але выконваць іх трэба ўсім астатнім у структуры дзяржаўнай улады».
Міхаіл Мілаванаў з Музэю гісторыі горада Менску перакананы, што ўсе нашыя праблемы ад таго, што мы «мала працуем»:
«Для мяне самае галоўнае — працаваць закасаўшы рукавы. І не патрабаваць нічога. Усе мала працуюць. Як працаваў без выходных, так я буду і далей дзейнічаць. Нас можна параўнаць з Паўднёвай Карэяй, квітнеючай у тэхналягічным пляне краінай. Але ані ў Паўднёвай Карэі, ані ў Беларусі няма карысных выкапняў. Як сказаў прэзыдэнт сёньня: „Няма — шукайце“. Там ёсьць толькі людзі. У нас ёсьць толькі мы самі. Калі будзем працаваць у межах той праграмы, якая будзе тут прынятая, то нам нічога не пагражае. Мне здаецца, што мы звыкліся патрабаваць. А я рэкамэндаваў бы задумацца пра тое, што ня нам павінныя, а мы павінныя», — кажа ён.
Актор Уладзімер Гасьцюхін у размове з журналістамі моцна шкадаваў пра «вялікае савецкае кіно». А што да сходу, то ён салідарны з іншымі дэлегатамі:
«Захавалася стабільнасьць, прынамсі. Пра ўсе праблемы прэзыдэнт даклаў — што не атрымалася, што меркавалася. Спадзяюся, што ў наступнай пяцігодцы ўсё гэта будзе дасягнутае», — кажа актор.
Сёньня дэлегаты працуюць на сходзе да 18 гадзіны. Пасьля іх разьвязуць па гатэлях на вячэру, а да 20.30 арганізавана даставяць у Палац спорту на «канцэрт майстроў мастацтва».