Дракахруст: Эўразьвяз працягнуў яшчэ на год санкцыі, якія былі накладзеныя на Расею ў сувязі з незаконнай анэксіяй Крыму. Абмежавальныя меры закранаюць інвэстыцыі, турызм, экспарт шэрагу тавараў і тэхналёгіяў, а таксама прадугледжваюць пэрсанальныя абмежаваньні для асобаў, датычных да анэксіі.
«ЭЗ па-ранейшаму асуджае незаконную анэксію Крыму і Севастопаля Расейскай Фэдэрацыяй і пацьвярджае сваю прыхільнасьць ў поўнай меры рэалізаваць палітыку непрызнаньня», адзначаецца ў прэс-рэлізе прадстаўніцтва ЭЗ у РФ.
Размова ідзе пра працяг самых першых санкцыяў ЭЗ, якія былі ўведзеныя адносна Расеі адразу пасьля далучэньня паўвострава да РФ.
Рашэньні па больш шырокім пакеце санкцый, якія былі ўведзеныя падчас падзеяў у Данбасе, будзе прынятае да канца чэрвеня — альбо на нарадзе міністраў замежных справаў краінаў ЭЗ у гэтую суботу, альбо на саміце Зьвязу, які адбудзецца 28-29 чэрвеня.
Які наагул уплыў заходніх санкцыяў на Расею? Можна сказаць, што Масква не мяняе сваіх паводзінаў пад ўзьдзеяньнем санкцыяў. Пасьля Крыму адбыліся падзеі ў Данбасе, лінія фронту, тэрыторыя тамтэйшых самаабвешчаных рэспублік, мянялася ў выніку баявых дзеяньняў, а не волі Крамля, зломленай санкцыямі.
Масква не мяняе сваіх паводзінаў пад ўзьдзеяньнем санкцыяў
Нядаўна кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Расеі Сяргей Іваноў заявіў, што санкцыі нават спрыялі структурнай перабудове расейскай эканомікі. Але падобныя заявы больш нагадваюць добрую міну пры кепскай гульні.
Экспэртныя ацэнкі сьведчаць пра дзесяткі мільярдаў даляраў стратаў, якія Расея ўжо панесла ад узьдзеяньня санкцыяў. Цяперашні крызіс, у якім знаходзіцца расейская эканоміка, вынік не ў апошнюю чаргу і санкцыяў таксама. Кажучы словамі расейскага прэм’ера Дзьмітрыя Мядзьведзева, якія ўжо сталі інтэрнэт-мэмам, «проста грошай няма».
Акрамя таго, галоўнае прызначэньне санкцыяў — стрымліваньне. Расея ведае, што яе паводзіны ва Ўкраіне маюць пэўны кошт і ён не зьмяншаецца зь цягам часу. У Масквы ёсьць падставы меркаваць, што калі яна пойдзе далей у сваёй экспансіі, то санкцыі ўзмацняцца. Гэта і матэрыяльны, але ў першую чаргу маральны, палітычны фактар, сьведчаньне таго, што Захад не капітулюе і не даруе.
галоўнае прызначэньне санкцыяў — стрымліваньне
Праўда, зараз у Эўропе гучаць розныя галасы і робяцца розныя крокі. Паездка прэзыдэнта Эўракамісіі Жан Клода Юнкера і прэм’ера Італіі Матэа Рэнцы на Пецярбурскі эканамічны форум, галасаваньне за зьняцьце з Расеі санкцыяў у Нацыянальным сходзе Францыі, шэраг іншых падзеяў і заяваў сьведчаць пра тое, што фронт за захаваньне санкцыяў не такі ўжо і маналітны.
Аднак большасьць экспэртаў, у тым ліку і расейскіх, схіляюцца да таго, што ў чэрвені санкцыі ўсё ж будуць працягнутыя прынамсі на паўгода. А вось што будзе потым — гэта пытаньне. Іншымі словамі, на мой погляд, санкцыі аказваюць пэўнае, ў большай ступені псыхалягічнае, ўзьдзеяньне на Расею.
Карбалевіч: У ЭЗ няма іншага выйсьця. Падчас увядзеньня санкцый ён запісаў у дакумэнтах, што санкцыі могуць быць скасаваныя толькі пры ўмове, што адбудзецца палітычнае ўрэгуляваньне канфлікту на ўсходзе Ўкраіны. І адмовіцца ад гэтага, не страціўшы палітычны твар, Эўропа ня можа. А палітычнае ўрэгуляваньне канфлікту на ўсходзе Ўкраіны бліжэйшым часам нерэальнае. Таму бакі ў пэўным сэнсе трапляюць ў такую каляіну, зь якой цяжка выбрацца.
Што тычыцца ўплыву санкцыяў на эканоміку Расеі, то, зразумела, уплыў ёсьць, і ён нэгатыўны. Расейскія кампаніі ня могуць атрымоўваць навейшыя тэхналёгіі. Расейскія банкі ня могуць браць крэдыты на Захадзе на спрыяльных умовах і інш. Дарэчы, гэта ўскосна ўдарыла і па Беларусі. Бо вядучыя расейскія банкі, такія, як «Сбербанк», «Внешэкономбанк» маюць сваіх «дачок» у Беларусі. Але цяжка дакладна сказаць, якая доля ў расейскім крызысы прыпадае менавіта на заходнія санкцыі.
У дзейнасьці Пуціна дамінуе не эканоміка, а геапалітыка
Справа ў тым, што крызысныя зьявы ў расейскай эканоміцы былі заўважальныя яшчэ да пачатку ўкраінскага канфлікту. Прырост ВУП прадукту за 2012-2016 гады складае 1,3%. Гэта нават менш, чым у Беларусі. І таваразварот Расеі ўпаў ня толькі з краінамі Захаду, але і з краінамі ЭАЭС, у прыватнасьці, зь Беларусьсю. І тут ужо заходнія санкцыі не пры чым. То бок, праблемы расейскай эканомікі больш глыбокія. І зводзіць іх да заходніх санкцый было б няправільна.
Як заявіў нядаўна міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў, Расея бярэ курс на самадастаковасьць. Іншымі словамі, на самаізаляцыю. У дзейнасьці Пуціна дамінуе не эканоміка, а геапалітыка. У выніку, сёньня сярэдні заробак у Расеі апусьціўся на ўзровень 2007 году, стаў ніжэйшым, чым у Кітаі. Як сказаў прэм’ер Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў у адказ на прэтэнзіі жыхароў Крыму, «грошай няма, но вы трымайцеся, усяго вам добрага».
Цыганкоў: У мяне адбылася нядаўна цікавая размова з вядомым расейскім аналітыкам Вячаславам Іназемцавым. Ён выступаў на канфэрэнцыі і заявіў, што падзеньне коштаў на нафту складае паводле яго ацэнак прыблізна 20%, прычынаў падзеньня расейскай эканомікі, яшчэ 10% — гэта якраз заходнія санкцыі. А астатнія 70% крызісу — гэта вынік унутранай эканамічнай палітыкі расейскіх уладаў. Я спытаў яго, дык а чаму гэтым уладам, калі ўсё ж замежная сытуацыя не такая страшная, як здаецца большасьці аналітыкаў, не зьмяніць гэтую эканамічную палітыку, не зрабіць яе больш лібэральнай, спрыяльнай для росту?
гэтыя санкцыі прыпалі на час, калі Расея сама ідзе ў самаізаляцыю
Іназемцаў адказаў, што гэта пры цяперашняй палітычнай і сацыяльнай сыстэме немагчыма, бо калі дапусьціць большую свабоду рынку, то сыстэма сувязяў, распілаў і адкатаў разваліцца. Таму ўлады на гэта не пойдуць. Дастаткова радыкальна гучала такое меркаваньне, але зь ім можна пагадзіцца, бо санкцыі маюць пераважна сымбалічнае значэньне. Не было ў эўрапейскіх палітыкаў выхаду, яны павінныя былі неяк рэагаваць, зыходзячы са сваіх прынцыпаў.
Але сапраўды гэтыя санкцыі прыпалі на час, калі Расея сама ідзе ў самаізаляцыю. А самаізаляцыя ў сучасным сьвеце ніколі не прыводзіць да эканамічнага росту, а суправаджаецца эканамічным падзеньнем і пагаршэньнем усіх паказчыкаў. На сёньня менавіта палітыка ў Расеі дыктуе эканоміку, самаізаляцыя — гэта той курс, які падабаецца ня толькі простаму народу пад адпаведнай апрацоўкай расейскімі СМІ, а і значнай частцы істэблішмэнту, у тым ліку эканамічнага.
Яны бачаць, што могуць падняць сваю сельскую гаспадарку і вытворчасьць і замясьціць больш танны і якасны імпарт сваім прадуктам. «Купляйце расейскае». У Беларусі гэтыя ілюзіі даўно збанкрутавалі. Імпарт і больш якасны, і больш танны. Расея зараз таксама сутыкнецца з гэтай ілюзіяй.