Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пакуты юнага Сартра


Наста Грышчук

Сярод іх ніхто дакладна ня ведаў, што такое шчасьце і ў чым менавіта сэнс жыцьця. І яны прынялі рабочую гіпотэзу, што шчасьце ў бесьперапынным пазнаваньні невядомага і сэнс жыцьця ў тым жа.

Браты Стругацкія, «Панядзелак пачынаецца ў суботу».

Гэты эпіграф — трапная характарыстыка герояў Кірыла Стаселькі, вестуноў «Дзіцячага маніфэсту».

Малады празаік засяроджана ўглядаецца ў чалавека. Яго назіраньні максымальна адасобленыя ад пачуцьцяў, спачуваньня. Ён бясстрасны, але ня жорсткі. У тым ліку — у дачыненьні да сябе самога. Шчыры — дык шчыры дарэшты. І не дзеля таго, каб шакаваць чытача (чым ты яго шакуеш...). Але дзеля ідэі, якая лучыць усе без выключэньня творы «Маніфэсту»: самае каштоўнае ў жыцьці — воля. Ці лепей сказаць — свабода. Свабода быць такім, які ты ёсьць насамрэч, а не такім, якім жадае бачыць цябе соцыюм — вялікі ці малы, звужаны да сям’і. Але пры гэтым трэба быць гатовым, што ўбачанае не спадабаецца.

Аўтар быццам бы пайшоў у заклад сам з сабою: а ці здолееш ты, дружа, агаліць заганы чалавека, у тым ліку — празь сябе самога?.. І здаецца, перамог (прайграў?).

Прыз у гэтай піравай перамозе — выключная дакладнасьць апісаньняў. Закаханы герой адчувае шчасьце, здавалася б, сьветлае, чыстае ― і не хавае ад сябе, што ёсьць у гэтым пачуцьці дамешак пагарды ― да мінакоў, шчасьцем абдзеленых. Іншы герой, alter ego апавядальніка, не хавае абыякавасьці там, дзе «нармалёвы», «правільны» чалавек мусіў бы адчуваць сорам ці страх. Міжволі згадаеш «Чужаніцу» Камю. Тая самая душэўная анэмія, «нездаровасьць», якая насамрэч ― ключ да свабоды.

«Дзіцячы маніфэст» —— сьмелы. Для некага, магчыма, неадназначны. Але ўспрымаць яго як юначую браваду памылкова. Аўтар толькі разважае, адштурхоўваючыся ад упадабаных філязофскіх канцэпцый, і час ад часу падводзіць рысу, нязьменна трымаючыся спакойнай інтанацыі. Ён у пошуку новай, не навязанай грамадзтвам ісьціны. Лябарант, які праводзіць экспэрымэнты і занатоўвае іх, ня маючы на мэце ні шакаваць, ні вылучыцца, ні стаць кумірам стоеных вычварэнцаў.

І калі асобныя моманты ў яго дэбютнай (пры гэтай акалічнасьці ― надзвычай удалай) кнізе ўсур’ёз напалохаюць чытача, чытачу варта задумацца: што менавіта палохае ― апісаная маладым празаікам паталёгія ці тое, як адгукнулася яна ў душы, сьвядомасьці?..

Кніга гэтая ня вырасла ў пустым полі. Ідэйную глебу для яе стварыў (перадусім) экзыстэнцыялізм, і ўжо на ёй, гэтай глебе, буяюць маляўнічыя прыклады — часам пацешныя, часам непамысныя. Герой у сваёй неадчэпнай маніі быць свабодным, разарваць кола псэўдабыцьця даводзіць сябе да мяжы (жыцьця і сьмерці, рэальнага і ірэальнага). Вось ён, клясычны пункцік: толькі ў памежнай сытуацыі востра адчуваецца жыцьцё, адкідаюцца сацыяльныя ролі, навязаныя шаблёны дзеяньня. Уласна, у памежнай сытуацыі чалавек толькі нараджаецца. Паводле гэтай, клясычнай, схемы разьвіваюцца многія апавяданьні Кірыла Стаселькі.

Да пытаньня пра свабоду яго падштурхоўвае зьмярцьвеньне грамадзтва, калі жыцьцё сярэднестатыстычнага, «нармальнага» чалавека працякае ў сонным стане, калі чалавек адмежаваны ад сапраўднага выбару, рызыкі. У такога грамадзтва — свае хваробы. Іх Кірыл Стаселька мэтафарычна выявіў у аповесьці «Ў пошуках сябе». (Датычна назвы: на першы погляд, такая просталінейная. Але супаставім яе з колішнімі «Пошукамі будучыні». Як зьмяніўся вэктар пошуку за кароткі час!..)

Гісторыі пацыентаў, прыведзеныя «Ў пошуках сябе», быццам бы і ня маюць сувязі зь сюжэтам. Але насамрэч якраз сюжэт толькі дзеля таго і патрэбны, каб паказаць нам гэтыя невясёлыя карцінкі, рэнтгенаўскія здымкі паталёгій. А таксама ― неспатольную прагу жыцьця, тое, якімі хваравітымі шляхамі імкнуцца людзі да самавызваленьня. Дый ці можа быць іншы шлях?.. У пэўны момант пачынае гучаць талстоўкі матыў: дом у ціхім месцы, праца, любоў да блізкіх — але гэта хутчэй часовая анэстэзія, чым дзейсныя лекі.

Празаік выштурхоўвае сваіх паддосьледных з зоны камфорту, з бутафорскага раю, даводзіць іх да той самай памежнай сытуацыі. Балянсуючы на лёзах, зьнявечаныя героі шчасьлівыя. Але доўга так не прастаіш, вось у чым штука. Трагедыя гэтых людзей яшчэ і ў тым, што памкнуўшыся да ніцшэанскага звышчалавека, яны забыліся, што ня ім наканавана дасягнуць ідэалу: яны ўсяго толькі страла, мост ад малпы да велічы.

І выбітны інтэлект абарочваецца супраць свайго ўладальніка. Прыгажосьць разбэшчвае. З усімі козырамі на руках ты прайграеш ― проста таму, што ты чалавек, слабы.

Заканамерна, што ўсе хворыя ў мадэрновай палаце № 6 — людзі творчых прафэсій. То не гуманітарнае какецтва, хутчэй, непазьбежнасьць: бег за адцягненай ідэяй прыводзіць на памежжа здаровага і паталягічнага. Перасягнуўшы мяжу, ты ўжо ня бачыш розьніцы. А значыць, ня здольны вярнуцца. Пачынаеш верыць, што мяжы няма.

Аддзеленая ад цела галава мастака працягвае жыць. Цікавостка для чытача? Мэтафара: розум аддзяляецца ад жыцьця зь яго здаровым сэнсам, ад «цела быція».

Лёгка расчытваецца і вобраз італьянца, які распрадаў сябе на органы. Чым не ілюстрацыя нездаровага альтруізму? Калі чалавек, адчуваючы пустэчу ўнутры, сутаргава шукае сэнсы, за якія можна было б зачапіцца, і кідаецца ў дабрачынную дзейнасьць, даглядае коцікаў ля пад’езду, уладкоўваецца ў хоспіс — адмыслова разьдзірае сябе на часткі.

Актор, які займаўся любошчамі сам з сабой, ― відавочны прыклад нарцысізму (добрая нагода згадаць, як па-польску будзе «сэлфі»).

Ну і зусім літаральны прыклад ― пісьменьнік, ego якога даводзіцца адпампоўваць па некалькі разоў на дзень, каб тое ня лопнула. Такія вось крывыя люстэркі.

Да слова, безгаловы мастак, які зламанымі рукамі круціў пятлю ды так і ня здолеў засіліцца — найяскравейшы сымбаль кнігі, сымбаль слабога, і ўсё ж сьмелага чалавека.

Бясконца важна, што кранаючы такія высокія матэрыі, аўтар не зрываецца на танны патас. Яго стрыманасьць імпануе. Як і сьмеласьць: замахнуцца на тэмы, на якіх абломвалі іклы акулы мысьлярства. Амаль безнадзейна — і ўсё ж!.. Аўтар часам пакеплівае, іранізуе, але, здаецца, гэта не натуральная зьява, не аўтарская манера выказвацца, а спроба ня быць занадта сур’ёзным з выкладаньнем «усіх гэтых тэорый».

Пры гэтым Кірыл Стаселька трымаецца ляканічнасьці ў апісаньнях і выяўляе час ад часу дасьціпнасьць. Іншыя яго заўвагі калі не арыгінальныя, то, зноў жа, праўдзівыя, трапныя. Нэўтральныя паасобку, разам яны ствараюць патрэбны настрой. Прыкладам, прадчуваньне бяды, трывогі, калі ў аповесьці адно за адным паўстаюць аўтобус без пасажыраў, занядбаны будынак, бязьлюднае мястэчка, прывабны, але чамусьці страшны вобраз доктара Франка. Атмасфэра «Вострава выклятых».

Падзеі пры гэтым падаюцца з пункту гледжаньня розных герояў (як у аповесьці, так і ў аповедах), што дазваляе перанесьці акцэнты, выявіць незаўважаныя дробязі. Гэты прыём адначасова працуе і на карысьць галоўнай думкі: мяжа нармальнага існуе толькі ў сьвядомасьці^; тое, што адзін лічыць хваробай, для другога — вызваленьне.

Пошук сапраўднага, сябе самога ў «Дзіцячым маніфэсьце» набывае і іншыя, не такія страхотныя формы. Вяртаньне ў дзяцінства — самы кароткі шлях. І справа не ў бесклапотнасьці, але ў тым, што дзіця вольнае ад маралі, для яго няма дабра і зла. І проста-такі немінучая ў гэтым кантэксьце згадка пра Уайлда. Асабліва датычна «Нататак экспэрымэнтатара», у якіх героі па чарзе выконваюць ролі Дорыяна і лорда Генры.

Думкі, схаваныя між радкоў ці пераствораныя ў вобразы, наўпрост выказваюцца ў тым самым «Дзіцячым маніфэсьце», што даў назву зборніку. Лішне казаць, што размова не пра дзяцей — але пра вас, пра мяне, пра аўтара. Пра жыцьцёвую неабходнасьць быць сабой, змагацца за сябе, быць сьмелым. Каб пазьбегнуць ганебнага двукосься, у якое ўзятыя ў адным з аповедаў «людзі». Каб зьберагчы ў сабе чалавека, насьледуючы запавету аўтара «Палаты № 6».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG