Урад Нідэрляндаў закупіць 15 млн таблетак зь ёдам, каб абараніць людзей, якія жывуць паблізу атамных электрастанцый, паведамляе The Guardian. Боязь у галяндзкіх уладаў выклікаюць АЭС суседняй Бэльгіі, якія старэюць.
Таблеткі ў выпадку неабходнасьці будуць выдаваць дзецям да 18 гадоў і цяжарным жанчынам, якія жывуць у радыюсе 100 км ад АЭС. Згодна са старымі правіламі, таблеткі прызначаліся толькі жыхарам маладзейшым за 40 гадоў і толькі тым, што жывуць у радыюсе 20 км ад станцыі.
У Нідэрляндах ёсьць усяго адна АЭС — «Борсэльле» на паўднёвым захадзе краіны. Як мяркуюць галяндзкія ўлады, павелічэньне колькасьці патэнцыйных спажыўцоў ёдных аблетак дазволіць абараніць грамадзян, якія жывуць непадалёк ад нямецкай «Эмслянд» і бэльгійскіх АЭС «Доэль» і «Тыанж».
Пра гэтае рашэньне было абвешчана праз дзень пасьля таго, як улады Бэльгіі заявілі пра намер забясьпечыць таблеткамі з ёдам усё 11-мільённае насельніцтва краіны.
Такое рашэньне бэльгійскі ўрад прыняў пры абмеркаваньні сытуацыі вакол японскай АЭС Фукусіма, на якой у 2011 годзе ў выніку землятрусу адбылася аварыя.