Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэты Чарнобыль — як вайна». Р-140 — дарога праз радыяцыю


Два райцэнтры — Слаўгарад ды Краснапольле — злучае грунтовая дарога, пазначаная на аўтамабільных мапах нумарам Р-140. Яна працінае радыяцыйны край.

За тры дзясяткі гадоў пасьля Чарнобыля мясьціны, якія апынуліся ў зоне радыяцыйнага забруджваньня, зьмяніліся да непазнавальнасьці. Бязьлюдныя вёскі, закінутыя ды зарослыя кустоўем сялянскія сядзібы, неўзараныя палі ды сасоньнік, які разросься на месцы пахаваных паселішчаў. Тыя, хто застаўся ў «зоне», нібыта зжыліся з радыяцыяй і не адчуваюць небясьпекі.

У вёсках Слаўгарадзкага і Краснапольскага раёнаў Магілёўшчыны пабываў журналіст Свабоды і пагутарыў зь вяскоўцамі, якія трымаюцца сваіх хат, не зважаючы на самоту.

Два райцэнтры — Слаўгарад ды Краснапольле — злучае грунтовая дарога, пазначаная на аўтамабільных мапах нумарам Р-140. Яна працінае радыяцыйны край. Узімку, кажуць тутэйшыя жыхары, пад Слаўгарадам на Сажы разьбіраюць пантонны мост, і тады паселішчы Засожжа застаюцца адрэзанымі ад райцэнтру. Дый улетку па грунтоўцы легкавікі праяжджаюць зрэдку.

Сэзонны пантонны мост на Сажы пад Слаўгарадам
Сэзонны пантонны мост на Сажы пад Слаўгарадам

«Тут усё вымірае», — кажуць пра сваё жыцьцё жыхары Дубны, адной з тутэйшых вёсак. У гэтым некалі вялікім паселішчы засталося зь дзясятак жыхароў. Двары без гаспадароў разбураюцца і зарастаюць. Зарасьлі і зямельныя пляцы вяскоўцаў, якія павыяжджалі або паўміралі.

Дубна — у зоне з правам на адсяленьне. Вяскоўцы перакананыя, што за тры дзясяткі гадоў «калі радыяцыя і была, дык даўно зьвялася». Яны лічаць: многія, хто выехаў, паўміралі, а хто застаўся — «той яшчэ пажыў».

Вёска Дубна
Вёска Дубна

«Якая тут радыяцыя? З Гомеля прыяжджалі спэцыялісты і казалі, што ўсё чыстае. Грыбы і ягады бяром. І малако правяралі — яно таксама нармальнае. Ну, крыху неяк перавышэньне было, а потым нармалізавалася ўсё», — адказвае на пытаньне пра радыяцыйную небясьпеку жыхар вёскі Мікалай.

«Мы ўжо столькі гадоў з гэтай радыяцыяй, і дагэтуль ня ведаем, на што яна ўплывае, — прызнаецца ён. — Нас неяк правяралі на радыяцыю. У мяне ўсё ў норме было, а ў маёй жонкі чамусьці ў два разы вышэйшая была. Усе пыталі ў мяне, чаму так. А я адказваў: «Гарэлку п’ю!».

Мікалай са сваёй казінай фэрмай
Мікалай са сваёй казінай фэрмай

«А мне тады наказвалі мэдыкі, каб меней ела грыбоў ды ягад», — згадала жонка суразмоўцы і тут жа прызналася, што рэкамэндацыяў тых ня надта трымаецца:

«Усё, што бяром у лесе, і свойскае ямо. Радыяцыі не баімся. Усё адно паміраць. Дзеці разьехаліся. Здароўе, праўда, ня дужа. Часта хварэю. Баляць суставы. Сёлета ўсю зіму прахварэла. Да лекараў не зьвярталася».

Як была магчымасьць, многія вяскоўцы бралі кампэнсацыю за свае хаты ды зьяжджалі. Тым, хто заставаўся, плацілі гэтак званыя «грабавыя». Выплаты былі невялікія, але і іх, наракаюць жыхары Дубны, скасавалі. «Патлумачылі, што ў нас ужо нібыта няма радыяцыі», — кажуць яны.

«Куды нам ужо ехаць. Лепшага жыцьця мы ня знойдзем, — разважае Мікалай. — Сюды прыяжджае аўталаўка два разы на тыдзень, але на жончыну пэнсію, два мільёны шэсьцьсот, шмат ня купіш. Мне да пэнсіі яшчэ тры гады. Раней тут быў калгас, але ў 2000 годзе яго разагналі. Мноства вёсак пазьнішчалі».

«Мы да адзіноты ўжо прывыклі, — дадае жонка Мікалая. — Гаспадарка ў нас вялікая. Пакуль усё дагледзіш, і час мінаецца».

«Моладзь, якая засталася ў тутэйшых вёсках, жыцьцё вымушае зьехаць. Застаюцца адны старыя», — кажа Мікалай.

Як апавялі вяскоўцы, яшчэ летась у Дубне жылі сем’і зь дзецьмі. Дзятву вазілі ў школу за трыццаць кілямэтраў, пад самае Краснапольле.

asip0416_5 — Трымаецца сваёй «хаты» ў «зоне» і сям’я буслоў
asip0416_5 — Трымаецца сваёй «хаты» ў «зоне» і сям’я буслоў

З паглыбленьнем у «зону» бязьлюдныя вёскі з рэдкімі ацалелымі жылымі дварамі пераконваюць: чалавек ня хутка сюды вернецца. Кінутыя тут хаты не закопваюць, як у тых мясьцінах, дзе людзей высялялі ў першыя паўтара дзесяцігодзьдзя пасьля Чарнобыля. Няма пры дарозе і знакаў радыяцыйнай небясьпекі.

У адной з такіх вёсак з назваю Сычын (ён таксама ў зоне з правам на адсяленьне) засталося шасьцёра жыхароў. Адзін зь іх, Уладзімер Дзьмітрыевіч, згадвае, якім вялікім паселішчам быў Сычын да Чарнобыля:

«Тут было каля ста двароў. А потым усё пакідалі і разьбегліся. Хаты яшчэ новыя былі. Чужыя прыяжджалі, разьбіралі іх ды вывозілі. Казалі, што радыяцыя была вялікая, дык людзі яе баяліся. Я дык зь сям’ёю застаўся. Жонка дзесяць год таму як памерла, а я ўсё жыву. Пэнсію плацяць. Гаспадарка ёсьць. Гэты Чарнобыль — як вайна. У многіх у вёсцы пасьля яго кроў ішла з носу. Пляваліся крывёю. Жах, што было...»

Жыхар Сычына Ўладзімер Дзьмітрыевіч дажывае свой век у родных мясьцінах
Жыхар Сычына Ўладзімер Дзьмітрыевіч дажывае свой век у родных мясьцінах

Паводле старога, два разы на тыдзень у вёску прыяжджае аўталаўка. Улетку, кажа ён, хлеб прывозяць са Слаўгарада праз пантонны мост, а ўзімку, калі яго разьбіраюць, — з Краснапольля.

«Абяцалі, што пабудуюць мост на Сажы пастаянны, а потым, відаць, забыліся. У лістападзе пантоны здымаюць», — з усьмешкай кажа Ўладзімер Дзьмітрыевіч.

Застацца бяз працы і заробку, угнявіўшы начальства, тутэйшых людзей пужае значна болей, чым небясьпека ад радыяцыі. Тыя, хто вырас у забруджанай зоне, наважваліся гаварыць з журналістам толькі пры ўмове, што іхныя імёны і назвы вёсак ня будуць згадвацца. У «зоне» запатрабаваныя мужчынскія рукі. Жанчыны застаюцца пры хатняй гаспадарцы.

«Для жанчын тут працы няма, — наракае адна з гаспадынь. — Сваіх дзяцей мы ўжо выгадавалі, але нам няма дзе працаваць. Для мужчын праца ёсьць у лясьніцтве, а мы ўвесь час у двары. Тут калгас быў, а потым разваліўся. Да нас толькі аўталаўка прыяжджае. Рэйсавы аўтобус адмянілі летась. Чаму? Невядома. Напісалі толькі ў раёнцы, што маршрут скасаваны».

На пытаньне, ці вядома што пра ўзровень радыяцыі ў вёсцы, жанчына адказала: «Хто нам тут кажа пра тую радыяцыю...»

«Жыць тут можна, але каб толькі была праца, — працягнула гутарку яшчэ адна вяскоўка. — Раней я працавала, але мяне скарацілі. Заробак мае толькі муж».

Пахаваныя вёскі засяваюць соснамі
Пахаваныя вёскі засяваюць соснамі

Калі здарылася аварыя на Чарнобыльскай АЭС, суразмоўніцы было дзевяць гадоў. Яркіх успамінаў, зьвязаных з тагачаснымі падзеямі, якія кардынальна зьмянілі жыцьцё вёскі, у памяці жанчыны не адклалася. Яна прыгадала, як вывозілі на аздараўленьне мясцовую дзятву ў далёкія расейскія краі і як малыя там сумавалі па родных мясьцінах.

«Вёска наша была вялізная, а цяпер засталося пяць жылых двароў. Людзі выяжджалі, бо давалі пад высяленьне новыя дамкі. Але і ў нас тады быў калгас. Усе былі пры занятку. Радыяцыі баяліся і цяпер баяцца, але ж мы жывём яшчэ, дзякаваць богу. А многія, хто выехаў, паўміралі. Тут забаранялі ў першыя гады пасьля Чарнобыля малако піць. Наагул трымаць каровы. Але многія людзі ня слухаліся».

Зьдзічэлыя сады падказваюць, што тут была вёска і жылі людзі
Зьдзічэлыя сады падказваюць, што тут была вёска і жылі людзі

Прычыну таго, што вёска імкліва абязьлюдзела, суразмоўніца бачыць у выплаце кампэнсацыяў за хаты.

«Выплачвалі грошы, і гэта падахвоціла да выезду, — разважала яна. — Многія ня ведалі, куды ўцякаюць, і не разумелі, ад чаго. Нямала тых, хто выехаў, вярталіся, бо не змаглі прыжыцца ў далёкіх чужых мясьцінах. Многія скардзіліся, што на новым месцы стаўленьне да перасяленцаў было варожае і яны не вытрымлівалі — варочаліся ў свае хаты. Некаторыя сваіх дамоў не знаходзілі, бо іх нехта вывозіў. Тады сяліліся ў чужыя».

Вяскоўка не хавае, што ня супраць была б выехаць зь сям’ёю — але, кажа, няма куды і за што пераяжджаць. Пэрспэктываў для нас тут няма, кажа яна, але праблему пераезду вырашыць цяжка.

«Муж тут пры працы, а на новым месцы як будзе, невядома, — кажа яна. — Крыўды на ўладу ў нас няма. Нам прапаноўвалі выехаць і давалі працу, але мы адмовіліся, бо тут для нас быў занятак і заробак...»

Рэдкі пры дарозе Р-140 знак "радыяцыйная небясьпека"
Рэдкі пры дарозе Р-140 знак "радыяцыйная небясьпека"

Як і ў іншых вёсках, суразмоўніца ходзіць у грыбы ды ягады. Сьцьвярджае, што дары лесу правяралі і яны былі чыстыя...

Ад пахаваных па дарозе са Слаўгарада ў Краснапольле вёсак засталіся зьдзічэлыя сады ды высаджаныя лесьнікамі сасоньнікі. Не міне і дзесяці год, як купкі сосен схаваюць сялянскія дворышчы ў Старынцы, Дабранцы, Ельні, Багданаўцы. Цяпер пра гэтыя паселішчы нагадваюць могілкі з павязанымі паводле беларускай традыцыі ручнікамі на крыжах. А яшчэ — рэдкія знакі «Радыяцыйная небясьпека».

Дазымэтар у адной з пахаваных вёсак паказаў лічбу "0320". Спэцыялісты кажуць, што дапушчальны ўзровень радыяцыйнага фону — да 44 мікрарэнтгэн у гадзіну
Дазымэтар у адной з пахаваных вёсак паказаў лічбу "0320". Спэцыялісты кажуць, што дапушчальны ўзровень радыяцыйнага фону — да 44 мікрарэнтгэн у гадзіну

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG