Як зьяўленьне ў Беларусі расейскага агенцтва «Спутник» можа паўплываць на інфармацыйную прастору краіны? Ці адчуваюць беларускія ўлады небясьпеку ад таго, што ў краіне пануе расейскае інфармацыйнае поле, і што яны могуць зрабіць? На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы «Экспэртыза Свабоды» адказваюць рэдактар інтэрнэт-выданьня «Салідарнасьць» Аляксандар Старыкевіч і старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец. Вядзе перадачу Віталь Цыганкоў.
Цыганкоў: Прыезд у Беларусь Дзьмітрыя Кісялёва і адкрыцьцё прадстаўніцтва «Спутника» ў Менску прыцягнула ўвагу незалежнай прэсы, бо адыёзная фігура Кісялёва вельмі прыдатная для вострых загалоўкаў. Але ці мяняе адкрыцьцё «Спутника» што-небудзь у беларускай інфармацыйнай прасторы?
Старыкевіч: Аўтаматычна яно нічога не мяняе, але ў пэрспэктыве гэта вельмі небясьпечная зьява. Ужо цяпер, наколькі мне вядома, у гэты праект укладаюцца вялізныя грошы — непараўнальныя з тымі рэсурсамі, якія даступныя беларускім незалежным грамадзка-палітычным мэдыям. Таму ў будучыні гэта можа паўплываць на інфармацыйнае поле краіны.
Цыганкоў: Прадстаўніцтвы «Спутника» адкрываюцца паўсюль — у Латвіі, Брытаніі, Нямеччыне, цяпер у Беларусі. Яны проста дзейнічаюць паводле графіку, незалежна ад абставінаў краіны? Ці ўсё ж да Беларусі зь іх боку нейкая асаблівая ўвага?
Старыкевіч: У цэлым гэта ў рэчышчы агульнай інфармацыйнай палітыкі Крамля. Ясна, што яны спрабуюць уплываць і на Нямеччыну — але, хутчэй, толькі дзеля таго, каб трансьляваць свой пункт гледжаньня.
Што да Беларусі — то тут з боку Расеі асаблівае стаўленьне. Нядаўна Пуцін чарговым разам пацьвердзіў, што Ўкраіна для яго ня ёсьць паўнавартаснай дзяржавай. Тым болей ён не разглядае ў гэтым сэнсе Беларусь. І для іх прынцыпова, каб Беларусь заставалася прынамсі пад інфармацыйным уплывам Расеі. А потым гэта ў любы момант можа быць скарыстана і ў іншых мэтах.
Бастунец: Фармальна, калі паглядзець на структуру тэлебачаньня, то самыя папулярныя ў Беларусі — гэта юрыдычна беларускія тэлеканалы. Але зь іх многія працуюць на расейскім інфармацыйным прадукце. 9 тэлеканалаў абавязковыя для распаўсюду ўсімі апэратарамі электрасувязі, зь іх 4 заснаваныя на прадукце, які робіцца ў Расеі.
Атрымліваецца такая дзіўная сытуацыя, калі наша сувэрэнная краіна аддае перавагу тым тэлеканалам, якія працуюць зь небеларускім кантэнтам. І гэта небясьпечна. Зьяўленьне тут «Спутника» — гэта чарговы крок з боку Расеі па пашырэньні сваёй інфармацыйнай прысутнасьці. Тое, што на адкрыцьці «Спутника» прысутнічалі два беларускія міністры — інфармацыі і замежных спраў — дадаткова паказвае, наколькі вялікі ўплыў Расеі на нашу краіну.
Цыганкоў: Няўжо ўлады ня бачаць гэтай небясьпекі ад панаваньня ў Беларусі расейскага інфармацыйнага поля? Чаму яны тады вітаюць тут Кісялёва?
Старыкевіч: Варта яшчэ адзначыць, што «Спутник», сярод іншага, накіраваны на онлайн. Трэба разумець, што ў гэтай сфэры сярод беларускіх карыстальнікаў няма панаваньня расейскіх прапагандысцкіх рэсурсаў. А «Спутник» пакліканы ўплываць менавіта на тую частку інфармацыйнага поля, якая на сёньня мала падкантрольная Маскве.
Што тычыцца пазыцыі афіцыйнага Менску — то яны ня ў стане ісьці на адкрыты канфлікт. Дагэтуль працягваецца дапамога Расеі (хоць яна і зьменшылася), і ў сёньняшніх крызісных умовах немагчыма ставіць яе пад пагрозу. Па вялікім рахунку, у Менску не было і ніякіх варыянтаў, акрамя як прымаць і вітаць Кісялёва.
Мы пабудавалі кітайскі мур на заходняй мяжы — і ніякай мяжы на Ўсходзе. І гэта тычыцца ня толькі інфармацыйнай прасторы.
Бастунец: Дзейнічаюць два супрацьлегла накіраваныя вэктары. Першы — інфармацыйная галіна ж толькі адна галіна дрэва, якое называецца «саюзная дзяржава», інтэграцыя і гэтак далей.
У групе экспэртаў, якая працавала над праектам нацыянальнай інфармацыйнай бясьпекі, мы прааналізавалі шэраг нарматыўных актаў, якія тычацца абароны інфармацыйнай прасторы Беларусі. І мы бачым, што ўсё закладзена ў самой канцэпцыі нацыянальнай бясьпекі РБ. Наша дзяржава бачыць ворагаў з аднаго боку. І ня бачыць ніякай небясьпекі з боку Расеі. Умоўна кажучы, мы пабудавалі кітайскі мур на заходняй мяжы — і ніякай мяжы на Ўсходзе. І гэта тычыцца ня толькі інфармацыйнай прасторы.
Зь іншага боку — нельга казаць, каб беларускія ўлады ня бачылі гэтай небясьпекі. Яшчэ ў 2001 годзе, калі падчас выбараў у расейскіх СМІ ўсплыў «расстрэльны пісталет» — з таго часу ўлады вельмі напружана пачалі ставіцца да расейскай прысутнасьці ў інфармацыйнай прасторы Беларусі. Іншая справа, што яны навучыліся блякаваць тыя сюжэты, якія тычацца кіраўніцтва дзяржавы. Але не задумваюцца, што нешта трэба рабіць з тым мэсыджам, які атрымліваюць беларускія спажыўцы.
Улады навучыліся блякаваць тыя сюжэты, якія тычацца кіраўніцтва дзяржавы, але не задумваюцца, што нешта трэба рабіць з тым мэсыджам, які атрымліваюць беларускія спажыўцы.
Цыганкоў: А хіба пабудова кітайскага інфармацыйнага муру на ўсходняй мяжы не была б парушэньнем прынцыпаў свабоды прэсы?
Бастунец: Тыя самыя экспэрты, якія працавалі над канцэпцыяй абароны нацыянальнай інфармацыйнай прасторы Беларусі — якраз і зыходзілі з таго, што гэтая канцэпцыя не павінна парушаць правоў на свабоду выказваньня. Наадварот, галоўнай прапановай было разбурыць той мур, які пабудаваны з Захадам. Гаворка ішла не пра ўвядзеньне пэўных абмежаваньняў, а пра скасаваньне рэжыму найбольшага спрыяньня для мэдыяў, якія робяцца на інфармацыйным прадукце іншай дзяржавы. Давайце спрыяць беларускім мэдыям, іх падтрымліваць.
Цыганкоў: Што можа — нават пры цяперашніх палітычных умовах — зрабіць беларуская дзяржава дзеля абароны свайго ўласнага інфармацыйнага поля? Можа, ёй варта было б працягнуць руку супрацоўніцтва беларускім незалежным мэдыям?
Старыкевіч: Пакуль гэта выглядае фантастыкай. Кіраўніцтва Беларусі, як яно ня раз засьведчыла, можа зрабіць усё што заўгодна. Аднак жаданьня абмяжоўваць расейскі інфармацыйны ўплыў апошнія гады я ня бачу.
Так, колісь былі створаны дзяржаўныя тэлеканалы, якія часткова падмяняюць сваім кантэкстам тое, што наўпрост ішло з Расеі. Так, час ад часу зь сеткі вяшчаньня выразалі тыя праграмы, якія не падабаюцца ўладам. Аднак, па вялікім рахунку, не заўважна нейкага сыстэмнага процістаяньня ўладаў Беларусі прапагандысцкаму ўплыву з Усходу.