Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кінарэжысэр Туровіч: Ідэя экранізаваць Васіля Быкава міністра культуры ня ўразіла


Аляксей Туровіч
Аляксей Туровіч

Кінарэжысэру Аляксею Туровічу ўдалося патрапіць на прыём да міністра культуры Барыса Сьвятлова. Ён прасіў чыноўніка паспрыяць з завяршэньнем мастацкага фільма паводле апавяданьня Васіля Быкава «Жоўты пясочак», а таксама «разблякаваць» рэжысэрскі сцэнар фільма «Забытая вайна», прысьвечанага пазыцыйнаму супрацьстаяньню ў Смаргоні падчас Першай усясьветнай вайны.

Спадар Туровіч расказаў Свабодзе, што даўно хацеў сустрэцца з кіраўніком культурнага ведамства, аднак да непасрэднага кантакту з творцамі схіліць функцыянэра складана — зрэшты, як і любога міністра ва ўрадзе. Але выпадкова даведаўся, што раз на месяц міністры праводзяць грамадзкі прыём у Савеце міністраў, пра што мала хто нават здагадваецца. У графіку спадара Сьвятлова такі дзень здарыўся 8 красавіка:

«Патрапіць да яго на прыём у міністэрства амаль немагчыма, у прыёмнай кажуць адно і тое ж: ці ў ад’езьдзе, ці на прэзэнтацыі, ці на здымках, няма на месцы. Нарэшце ягоны памочнік здаўся: раз на месяц міністар прымае ў будынку Саўміну. Не скарыстацца такім падарункам было немагчыма. Я напісаў заяву: маўляў, у якасьці кінарэжысэра зьвяртаюся па дапамогу ў заканчэньні экранізацыі апавяданьня Васіля Быкава „Жоўты пясочак“. На самой справе карціна ў значнай ступені гатовая, але патрэбна некаторая фінішная дапамога ў зьвядзеньні матэрыялу. Кінастудыя „Беларусьфільм“ нічога ўкладаць ня хоча, бо новы дырэктар Поршнеў заняты сваімі праектамі з расейцамі; да намесьніцы міністра Дрыгі хадзіў яшчэ два месяцы таму, і яна адмовіла катэгарычна; быў таксама ў Ярашэвіч, якая ў ведамстве заняла месца начальніцы па кінэматаграфіі. Усё бяз сэнсу».

У «Жоўтым пясочку» Васіля Быкава расказваецца, як шасьцёх зьняволеных сумна вядомай сваімі жахамі менскай турмы «амэрыканкі» вязуць на расстрэл ва ўрочышчы Курапаты. Склад сьмяротнікаў разнашэрсны, у апошнія гадзіны жыцьця кожны заняты сваімі ўласнымі думкамі, але аб’ядноўвае ўсіх адно: сытуацыя не пакідае аніякага выбару. І людзі пакорліва капаюць сабе магілы ў жоўтым пясочку...

Аляксей Туровіч перакананы: дапамогай у рэалізацыі кінапраекту па матывах твору клясыка беларускай літаратура дзяржава пацьвердзіла б дэкляраванае жаданьне ўспрымаць гісторыю такой, як яна ёсьць. Прынамсі, гаворыць суразмоўца, на афіцыйным узроўні з разуменьнем было ўспрынятае нядаўняе наведваньне народнага мэмарыялу ў Курапатах кіраўніком польскага зьнешнепалітычнага ведамства Вітальдам Вашчыкоўскім, што давала спадзевы на пачатак «адлігі»:

Міністар замежных спраў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі ушанаваў памяць польскіх ахвяраў у Курапатах. Курапаты, 22 сакавіка 2016 году
Міністар замежных спраў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі ушанаваў памяць польскіх ахвяраў у Курапатах. Курапаты, 22 сакавіка 2016 году

«Я прасіў Сьвятлова, каб паспрыяў з арганізацыяй прагляду працоўнага матэрыялу стужкі, якая набывае актуальнасьць. Нядаўна Курапаты наведаў кіраўнік МЗС Польшчы пан Вашчыкоўскі і, трэба аддаць належнае, нашы ўлады ўспрынялі гэта спакойна. Некаторыя дзяржаўныя ўстановы нават далучыліся да добраўпарадкаваньня тэрыторыі. Працэс зрушыўся. Фільм пра трагічныя старонкі 1920-30-х гадоў стаў бы лягічным працягам аднаўленьня гістарычнай справядлівасьці: праз кіно людзі змогуць азірнуцца на тыя часы і ўшанаваць сваіх продкаў, без усялякай прычыны зьнішчаных у сталінскія часы. Зусім крыху не хапае, каб завершыць стужку, таму і зьвярнуўся да кіраўніка нашай галіны. На жаль, пачуў раўнадушны адказ: падавайце на конкурс, ёсьць камісія, яна вырашыць. Дык у гэтай камісіі з году ў год сядзяць адны і тыя ж таварышы, якія нічога ня робяць. Што дасьць яшчэ адзін зварот? Я і так ужо ўклаў свае грошы, бракуе мізэру».

Спадар Туровіч кажа, што разам з экранізацыяй «Жоўтага пясочка» паводле твору Васіля Быкава спадзяваўся «ажывіць» пакладзены пад міністэрскае сукно рэжысэрскі сцэнар фільма «Забытая вайна». Паводле задумы аўтара, стужка мае ўзнавіць падзеі 100-гадовай даўніны ў Смаргоні на Гарадзеншчыне. Гэта адзіны горад па ўсёй лініі германа-расейскага фронту, які 810 дзён заставаўся ў эпіцэнтры пазыцыйнай вайны і быў цалкам зруйнаваны. Тысячы жыхароў у адзін момант сталі ўцекачамі, а ў разы большая колькасьць тутэйшых мужчынаў, мабілізаваных пад царскія сьцягі, стрымлівалі кайзэраўскія войскі ад прасоўваньня у глыб Расейскай імпэрыі. Іх ахвярны подзьвіг не ацэнены і праз стагодзьдзе:

Германскія ўмацаваньні блізу Смаргоні
Германскія ўмацаваньні блізу Смаргоні

«Я некалькі гадоў рупліва зьбіраў матэрыял для ігравой стужкі, але ўвесь час атрымліваю адмову на працу. Парадокс: на кінастудыі ёсьць рэквізыт, але лепш ён будзе пыліцца, чым пачаць рабіць цікавае кіно. Калісьці, яшчэ ў 2009 годзе, я зьвяртаўся да тагачаснага першага намесьніка міністра Рылаткі, атрымаў адпіску — «стварэньне кінастужак за кошт мэтавых сродкаў рэспубліканскага бюджэту ажыцьцяўляецца на конкурснай аснове на базе „Беларусьфільму“. Потым такіх адказаў я атрымаў цэлы стос, ужо ад ягоных наступнікаў. Выглядае, што проста ніхто нічога ня хоча рабіць, ніхто не жадае ўзяць на сябе адказнасьць. А потым наракаюць, што ў нас няма добрага кіно. Ну, чым не сюжэт? У смаргонскіх акопах было шмат беларусаў, якія паляглі невядома за што, невядома за якую радзіму. На жаль, пра гэта мала пішуць, яшчэ менш здымаюць, таму вайна і забытая».

Інфармацыйны стэнд на лініі супрацьстаяньня
Інфармацыйны стэнд на лініі супрацьстаяньня

Не знайшлі разуменьня і іншыя прапановы спадара Туровіча, не зьвязаныя наўпрост з кінэматографам, але рэалізацыя якіх магла б прынесьці ў бюджэт рэальныя грошы:

«Агучыў ідэю стварыць у ваколіцах Смаргоні музэй па адкрытым небам. Справа ў тым, што там дзясяткі дотаў, якія ў выдатным стане захаваліся да сёньня. Крыху падрэстаўраваць, і будзе арыгінальнае фартыфікацыйнае ўмацаваньне, ня роўня кічавай „Лініі Сталіна“. Мінімальныя ўкладаньні імгненна акупяцца, бо такія рэчы выклікаюць цікавасьць як у нашых аматараў, так і ў замежнікаў. А заадно будзе напамінам пра тую „забытую“ вайну. У Эўропе ўдзельнікаў Першай усясьветнай шануюць гэтак жа, як і ўсіх іншых баталій, а ў нас ні помнікаў, ні музэяў, нічога. Пры тым, што ў той мясарубцы загінулі сотні тысяч беларусаў... Я даваў гарантыі, што фільм атрымаецца відовішчным, бо маю салідны кінэматаграфічны досьвед. Усё дарэмна. „Дык куды зьвяртацца далей?“, — запытаў на разьвітаньне ў міністра. У адказ — цішыня. Выйшаў абсалютна ні з чым, ён мяне проста праігнараваў. І гэта чалавек, які павінен спрыяць разьвіцьцю культуры, а не патураць капрызам сваіх падначаленых».

Будынак Савета міністраў Рэспублікі Беларусь, ілюстрацыйнае фота
Будынак Савета міністраў Рэспублікі Беларусь, ілюстрацыйнае фота

Аляксея Туровіча нямала зьдзіўляе, што ў будынак Савету міністраў на прыём да міністра культуры ён прыйшоў... адзін. Гэтая акалічнасьць, на яго думку, найбольш яскрава сьведчыць пра ступень інтарэсу да духоўнай, культурніцкай сфэры як з боку адмыслоўцаў, так і шараговых грамадзянаў: «Што самае паказальнае ў гэтай гісторыі: я там быў адзін! Няма чаргі да міністра культуры, уяўляеце? Ніхто не прыйшоў параіцца, нешта прапанаваць, выслухаць яго пазыцыю. Зрэшты, напэўна, я таксама больш не пайду да такога чыноўніка, які ўспрымае цябе толькі як навязьлівую муху. Дый навошта міністар, ад якога нічога не залежыць? Так, ён мусіў прыйсьці, адпрацаваць графік, бо з адміністрацыі, відаць, прымушаюць чыноўнікаў спускацца да народа. Але гэта ня добрая воля, а абязалаўка. Таму ў яго няма ніякага імпэту штосьці вырашаць. Гэтыя людзі прыгожа гавораць на камэру, наведваюць нейкія фэстывалі, ходзяць у музэі. Але чаму ігнаруюць тэатральнае, кінэматаграфічнае жыцьцё?.. Ведаеце, я ўсё роўна зраблю карціну — дзеля памяці Быкава, дзеля нявінных ахвяраў Курапатаў ды іншых канвэераў сьмерці. Пайду па крэдыт у банк, буду пазычаць па людзях, але давяду задуманае да канца, абяцаю...».

Дзеля атрыманьня фінансаваньня ў рамках дзяржаўнай праграмы падтрымкі і разьвіцьця кінэматаграфіі Аляксей Туровіч двойчы падаваў свае літаратурныя і рэжысэрскія сцэнары на конкурс пад эгідай Міністэрства культуры. Апроч згаданай ужо «Забытай вайны» пра падзеі Першай усясьветнай на Смаргоншчыне, прапаноўваў матэрыял пад працоўнай назвай «Аўган» — пра складаную адаптацыю да мірнага жыцьця «інтэрнацыяналістаў», якія вярнуліся з Аўганістану. У абодвух выпадках атрымаў адмову. А летась ужо гатовая мастацкая стужка «Трэба жыць» не была дапушчаная да конкурснай праграмы менскага кінафэстывалю «Лістапад».

Рэжысэр, актор, прадусар Аляксей Туровіч нарадзіўся ў 1959 годзе ў Глыбокім на Віцебшчыне. Рос без бацькоў у інтэрнаце. Да войска працаваў у саўгасе трактарыстам, быў кіроўцам вялікагрузных аўтамабіляў у расейскай Сыбіры, вадзіў цягнікі менскага мэтрапалітэну. У 1994-м скончыў школу-студыю на базе кінастудыі «Беларусьфільм». Як рэжысэр зьняў шэраг фільмаў, найбольш вядомыя зь іх — «Турма для кума», «Сынок», «Яблык Месяца», «Трэба жыць». Зьняўся амаль у паўсотні 40 стужках, сярод якіх «Анастасія Слуцкая», «Franz+Polina», «Ліст да Фэліні», «Паскораная дапамога», «Кантракт са сьмерцю» , «Вам — заданьне» і г.д.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG