Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Народжаныя вайной


Палітоляг Андрэй Шчарбак пра біяграфіі ўкраінскіх і «наварасійскіх» палявых камандзіраў

Што гэта за людзі — палявыя камандзіры Ўкраіны і так званай «Наваросіі»? Якая ў іх адукацыя, узрост, даходы? Адкуль яны зьявіліся? Дацэнт дэпартамэнту прыкладной паліталёгіі Школы сацыяльных і гуманітарных навук Навукова-дасьледчага ўнівэрсытэту Вышэйшай школы эканомікі Андрэй Шчарбак правёў дасьледаваньне, якое называецца «Адрынутыя: параўнальныя біяграфіі ўкраінскіх і наварасійскіх палявых камандзіраў».

Вось вытрымка з паведамленьня Андрэя Шчарбака, зробленага ім у Лявонцьеўскім цэнтры ў Пецярбургу, — пра тое, як зьявілася ідэя правесьці такое дасьледаваньне:

палітоляг Андрэй Шчарбак
палітоляг Андрэй Шчарбак

— Мы ведаем, што ў канцы 2013 году ва Ўкраіне адбыўся палітычны крызіс, які досыць хутка, вясной наступнага году пачаў пераходзіць у «гарачую» фазу з масавым гвалтам, з хваляваньнямі на паўднёвым усходзе краіны. І практычна адразу мы ўбачылі такі фэномэн, як фармаваньне добраахвотніцкіх батальёнаў, атрадаў апалчэньня, убачылі, адпаведна, тых, каго называлі камандзірамі атрадаў апалчэньня ў так званай «Наваросіі», а таксама камандзірамі добраахвотніцкіх атрадаў ва Ўкраіне. Узьнікае простае пытаньне: хто ўсе гэтыя людзі? Адкуль яны ўзяліся? Прычым мяне не цікавяць іх палітычныя біяграфіі, мне абсалютна ўсё роўна: яны — дэмакраты або нацыяналісты, камуністы ці лібэралы... Мяне цікавіць іх сацыяльнае паходжаньне, я хачу зразумець, зь якіх сацыяльных груп яны выйшлі, і высьветліць адказ на пытаньне: наколькі апраўдана называць гэтых людзей контрэлітай?

Два самыя, бадай, вядомыя пэрсанажы. Ігар Стралкоў — мяне ня будзе цікавіць, ці зьяўляецца ён манархістам або нацыяналістам, гэтак жа як ня будзе цікавіць, як можна назваць Дзьмітра Яраша — нацыянал-дэмакратам, нацыянал-лібэралам ці неяк інакш. Мяне будзе цікавіць, у першую чаргу, колькі ім гадоў, дзе яны вучыліся, кім былі на канец 2013 году і што мы можам зразумець зь іх біяграфій.

Як увогуле можна растлумачыць падзеі 2013-2015 гадоў ва Ўкраіне? Тут у нас ёсьць стандартны мэханізм — тэорыя дэмакратызацыі, якая падкрэсьлівае важнасьць ролі актараў. Паводле гэтага падыходу, сутнасьць транзыту, яго плынь і яго зыход шмат у чым залежаць ад стратэгіі і рашэньняў актараў у розных сацыяльных умовах, ад тых магчымасьцяў, якія ў іх ёсьць. Гэтая самая канцэпцыя была прыменена да розных «каляровых рэвалюцыяў», гаварылася, што слабы гібрыдны рэжым разбураецца з-за пратэстаў, арганізаваных апазыцыяй, грамадзкімі рухамі і грамадзянскімі актывістамі. А падставай да іх могуць быць фальсыфікацыі на выбарах, асабліва прэзыдэнцкіх. І «ўдарнай базай» гэтай рэвалюцыі зьяўляюцца гараджане, гэта значыць сярэдняя кляса.

Мы з маімі калегамі сабралі больш за 60 біяграфій палявых камандзіраў, усё з адкрытых крыніц, з інтэрнэту. Мы пераправяралі дадзеныя, глядзелі на такія паказчыкі, як узрост, адукацыя, род заняткаў, магчымы прыбытак, вопыт грамадзка-палітычнай дзейнасьці і ваенны досьвед чалавека.

Адразу скажу пра некаторыя асаблівасьці. Першая тычыцца спэцыфікі пастаўленых перад гэтымі людзьмі задач. Галоўная задача стаяла простая, але спэцыфічная — стварыць узброены атрад, таму не выпадкова сярод гэтых людзей шмат прадстаўнікоў сілавых структур альбо людзей, якія выйшлі з гэтых структур. Другое: мы глядзелі біяграфіі толькі першых камандзіраў, «бацькоў-заснавальнікаў».

Цяпер гэтых атрадаў у тым выглядзе, у якім яны ствараліся ў 2014 годзе, практычна няма. Яны або былі расфармаваныя, або ўключаны, часта супраць іх волі, у структуры рэгулярных узброеных сіл ці праваахоўных органаў. З «вольніцай» цяпер спрабуюць адчайна змагацца як з аднаго, так і з другога боку.

І трэцяе: мы ў наш сьпіс уключылі пэўную колькасьць палітычных лідэраў, галоўным чынам з боку «Новороссіі» — з той прычыны, што, калі структура ўлады ва Ўкраіне ня моцна зьмянілася на працягу гэтага часу, то ў «Новороссіі» з нуля ствараліся палітычныя ці вайскова-палітычныя структуры, разнастайныя «саветы», «рэспубліканскія парлямэнты» і іншае.

— Да якіх вынікаў вы прыйшлі ў ходзе свайго дасьледаваньня?

— Пол — усе мужчыны. Сярэдні ўзрост — каля 40 гадоў, мінімальны — 23 гады, гэта Аляксей Мільчакоў па мянушцы «Сэрб» з ДШРГР (дывэрсійна-шпіёнская разьведная група «Русіч»), выхадзец зь Пецярбургу. Летась ён прыняў актыўны ўдзел у «міжнародным кангрэсе вельмі правых» у Пецярбургу, які быў названы «зьездам фашыстаў». Максымальны ўзрост — 58 гадоў, Мікалай Казіцын, Казачая нацыянальная гвардыя ў ЛНР. Маладзейшыя за 40 гадоў — 30 камандзіраў, старэйшыя — 27, але сярэдні ўзрост аднолькавы і ва ўкраінскіх, і ў «наварасійскіх» камандзіраў.

"Матарола" (Арсені Паўлаў)
"Матарола" (Арсені Паўлаў)

Без адукацыі — дзесяць чалавек, сярэдні спэцыяльны тэхнікум у траіх. Вышэйшая адукацыя ёсьць практычна ў 60% камандзіраў — у 30 чалавек, але да гэтых дадзеных трэба ставіцца з асьцярогай. Мы паглядзелі, што гэта за дыплёмы, параўналі іх са сьпісам топ-25 ўкраінскіх ВНУ. З камандзіраў, якія атрымалі вышэйшую адукацыю дзесьці не ва Ўкраіне, толькі адзін, Аляксандр Барадай, мае дыплём аб заканчэньні філязофскага факультэту МДУ. Мы выявілі, што па большай частцы яны вучыліся ў ВНУ, якія знаходзяцца ў канцы сьпісу топ-25, і ў цэлым узровень іх адукацыі невысокі.

Да таго ж з гэтых трыццаці чалавек па спэцыяльнасьці працуюць усяго восем чалавек, большасьць зь якіх — міліцыянты, якія скончылі профільныя ВНУ. Па родзе заняткаў сярод камандзіраў найбольш папулярнымі зьяўляюцца прафэсіі міліцыянта і вайскоўца — 25%. Яшчэ прыкладна чвэрць зь іх — прадпрымальнікі. На трэцім месцы — палітыка-грамадзкі дзеяч, затым ідуць: наёмны работнік, мэнэджэр, супрацоўнік дзяржсэктару.

Менш за ўсё прыватных ахоўнікаў. Напрыклад, сярод іх ёсьць начальнік аддзелу рынкавага нагляду абласной інспэкцыі па справах абароны правоў спажыўцоў. Між іншым, гэта Ігар Платніцкі, які цяпер жалезнай рукой кіруе ЛНР. Можна сабе ўявіць, якую кар’еру ён зрабіў! Сярод працоўных спэцыяльнасьцяў ёсьць гранітчык — «Матарола», прамысловы альпініст — «Гіві», муляр, ахоўнік у начным клубе — «Бэтмэн» ці, напрыклад, кіраўнік службы бясьпекі інвэстыцыйнага фонду «Маршал-Капітал» — Стралкоў (Гіркін).

Сярод украінскіх камандзіраў больш дзяржаўнікаў, гэта дзяржсэктар, праваахоўныя органы, палітыкі. А сярод новарасійскіх камандзіраў больш прадпрымальнікаў і працоўных.

Вельмі характэрна, каго мы ня бачым тут па родзе заняткаў — верхняй і сярэдняй клясы. Сярод камандзіраў няма генэралаў, усе афіцэры не вышэй за падпалкоўніка (ёсьць толькі адзін палкоўнік), няма буйных прадпрымальнікаў, алігархаў і нават напаўлігархаў. Няма вышэйшых дзяржслужбоўцаў, няма ніводнага вышэйшага чыноўніка ўзроўню віцэ-губэрнатара ці кіраўніка дэпартамэнту. З палітыкаў у гэтым сьпісе ёсьць толькі адзін дэпутат Вярхоўнай Рады Андрэй Парубій, які стаў камэндантам Майдану, ужо будучы дэпутатам.

Андрэй Парубій
Андрэй Парубій

Фактычна сярод камандзіраў няма нікога, каго можна назваць прадстаўнікамі эліты, — таму, можа быць, іх можна назваць патэнцыйнай контрэлітай. Камандзіраў з афіцэрскім мінулым — 53% (сярод украінскіх камандзіраў — амаль 70%, сярод наварасійскіх — 35%).

— Калі падвесьці вынік, хто ўсе гэтыя людзі?

— Камандзіры — гэта, вядома, не сацыяльнае «дно» ўкраінскага грамадзтва, але гэта і не сярэдняя кляса. У лепшым выпадку, гэта ніжні пласт сярэдняй клясы, а дакладней, прадстаўнікі кааліцыі ніжняй непрывілеяванай клясы і ніжняй сярэдняй клясы. Гэтыя групы валодаюць падобнай сацыяльнай характарыстыкай.

Тут, вядома, шмат выпадковых людзей. Але ўзьнікаюць некаторыя пытаньні. Чаму, напрыклад, тут так шмат афіцэраў, сілавікоў? У нас вельмі мала дасьледчых прац, якія казалі б пра палітычныя уяўленьні сілавікоў, бо тое, на якім баку яны будуць у выпадку зьмены рэжыму, мае вялікае палітычнае значэньне. У момант крызісу дзяржавы самымі баяздольнымі і дзеяздольнымі прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці аказваюцца воіны-дэсантнікі, казакі і нацыяналісты. Салідарнасьць, здольнасьць да самаарганізацыі ў іх вышэйшыя, чым ва ўсіх астатніх.

— Калі карыстацца тэрміналёгіяй Лява Гумілёва, то сытуацыя, якая склалася на ўсходзе Ўкраіны, прыцягнула туды мноства пасіянарыяў. Ці не намячаецца ў Расеі такі пункт напружаньня, які можа стаць у найбліжэйшай будучыні прывабным для такіх людзей — «людзей доўгай волі», як іх называў Гумілёў?

— Я ня вельмі схільны лічыць навуковай тэорыю пасіянарнасьці Лява Гумілёва, але калі перафармуляваць ваша пытаньне, то можна спытаць: што тыповага ў гэтай сытуацыі, наколькі яна можа мець сэнс у расейскім кантэксьце? Я б проста адаслаў вас да нядаўняй публікацыі на «Фонтанке.ру» пра прыватную вайсковую кампанію Вагнэра. Там гаворыцца пра тое, што ў Сырыі ваюе прыватная вайсковая кампанія, па-мойму, зь піцерскімі каранямі, і што характэрна: натоўпы людзей б’юцца паўдзельнічаць у гэтых баях за прыстойныя грошы. Тут я б прыгадаў сытуацыю ў Расеі гадоў 15-20 таму, калі мы бачылі паслабленьне дзяржаўнасьці, і многія людзі зь сілавым бэкграўндам: спартоўцы, вэтэраны ваенных канфліктаў — пачалі ствараць брыгады. Цяпер пытаньне аб пераходзе да рынку не стаіць, уласнасьць знаходзіцца ў тых руках, у якіх яна знаходзіцца, але пытаньні ўлады могуць аказацца нявырашанымі. І я ўпэўнены: калі такое акно магчымасьцяў адчыніцца, то мы ўбачым натоўпы людзей з пэўнымі здольнасьцямі, выдатных, таленавітых, якія будуць шчасьлівыя стварыць свае баявыя атрады і стаць палявымі камандзірамі.

Нацыяналісты цяпер вывучаюць урокі падзей ва Ўкраіне. Яны засвойваюць той урок, што гвалт становіцца больш прымальнай стратэгіяй барацьбы за ўладу, чым выбары, агітацыя, барацьба за грамадзкую думку. Як казаў Мао: «Вінтоўка нараджае ўладу!»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG