Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь–ЗША. Ці распачаўся новы этап?


Карбалевіч: 30 сакавіка Аляксандар Лукашэнка прыняў намесьніка памочніка міністра абароны ЗША Майкла Карпэнтэра і выказаў пажаданьне, каб той пазытыў, які акрэсьліўся ў дачыненьнях Беларусі з Захадам, стаў «новым этапам у адносінах». Пазытыў сапраўды заўважны, але найперш у стасунках Беларусі з ЭЗ. Брусэль адмяніў санкцыі адносна беларускіх чыноўнікаў і бізнэсоўцаў. Менск наведваюць высокія эўрапейскія палітыкі.

А вось працэс размарожваньня адносін Беларусі са Злучанымі Штатамі ідзе ня так шпарка, як з ЭЗ. Надалей дзейнічаюць эканамічныя санкцыі ЗША адносна Беларусі — яны былі ўведзеныя ў 2007 годзе пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, якія суправаджаліся жорсткімі рэпрэсіямі супраць апазыцыі. Санкцыі тычацца ў асноўным дзяржаўных нафтахімічных прадпрыемстваў. Працягае дзейнічаць «Акт аб дэмакратыі ў Беларусі» — дакумэнт, на якім грунтуюцца гэтыя санкцыі. У кастрычніку 2015 году пасьля прэзыдэнцкіх выбараў амэрыканскія санкцыі былі часткова скасаваныя. Не адноўлена паўнавартасная дзейнасьць амбасадаў ЗША ў Беларусі і Беларусі ў ЗША. Пасьля канфлікту 2008 году, калі ўрады абедзьвюх краін адклікалі амбасадараў, захоўваецца дыпляматычны статус-кво. Тое, што ЗША не сьпяшаюцца касаваць усе санкцыі, тлумачыцца пэўнай інэрцыяй амэрыканскай палітыкі, больш жорсткім стаўленьнем Вашынгтона да праблемы правоў чалавека.

Злучаныя Штаты могуць ісьці на кампрамісы з дыктатарскімі краінамі, пра што сьведчыць візыт Барака Абамы на Кубу

У беларускай унутранай палітыцы, па вялікім рахунку, нічога не зьмянілася. Злучаныя Штаты могуць ісьці на кампрамісы з дыктатарскімі краінамі, пра што сьведчыць візыт Барака Абамы на Кубу. Але вялікай краіне такія крокі даюцца значна цяжэй. Да таго ж Беларусь у пэўным сэнсе знаходзіцца на пэрыфэрыі ўвагі замежнай палітыкі ЗША. Для ЭЗ Беларусь значна бліжэйшая, таму і ўвага да яе большая. Тое, што кіраўнік Беларусі прыняў намесьніка памочніка міністра абароны ЗША, паказвае зацікаўленасьць беларускага кіраўніцтва ў тым, каб размарозіць адносіны з ЗША. Бо тая пасада, якую займае амэрыканскі чыноўнік, — не прэзыдэнцкага ўзроўню. У лютым 2015 году Лукашэнка таксама прымаў намесьніка памочніка дзяржсакратара ЗША Эрыка Рубіна. Падчас сустрэчы з Карпэнтэрам Лукашэнка чарговым разам выказаўся пра важнасьць удзелу ЗША ў вырашэньні ўкраінскага крызісу.

Зьвяртае на сябе ўвагу разьвіцьцё менавіта вайсковага супрацоўніцтва паміж Беларусьсю і ЗША. У сьнежні 2015 году дэлегацыі міністэрстваў абароны Беларусі і ЗША правялі кансультацыі. І вось прыезд у Менск амэрыканскай вайсковай дэлегацыі. 29 сакавіка памочнік міністра абароны ЗША Майкл Карпэнтэр правёў сустрэчу зь міністрам абароны Беларусі Андрэем Раўковым. Бакі абмеркавалі абмен вайсковымі аташэ.

Варта нагадаць, што апошнія два гады, з пачаткам украінскага крызісу, беларускае кіраўніцтва значна большую ўвагу стала надаваць вытворчасьці ўласных узбраеньняў. Гэта адбываецца на тле таго, што Расея адмаўляецца пастаўляць Беларусі найноўшую зброю. Прычым у гэтым пляне Беларусь актыўна супрацоўнічае з Украінай, Кітаем і вось цяпер і з ЗША. Што наўрад ці выклікае вялікае захапленьне ў Масквы.

Навумчык: Пагаджуся ў тым, што сапраўды адбываецца такі агульны працэс. Выглядае, што ў гэтым працэсе наперадзе ўсё ж такі Эўразьвяз, у нармалізацыі адносін з рэжымам Лукашэнкі ЗША маюць інэртную палітыку. Ну занадта далёка Беларусь! Наступнай тэмай нашай перадачы будзе дзейнасьць спэцслужбаў. У сытуацыі зьняцьця санкцый з беларускіх чыноўнікаў ініцыятыва як выглядае была не толькі брусэльскай, але і менскай, былі выкарыстаныя спэцсродкі. Але безумоўна калі б не было жаданьня Брусэлю і Вашынгтону, ніякія спэцслужба, ніякі Макей, ніхто проста не мог бы нічога зрабіць, як гэта было 2-3 гады таму.

Увогуле, калі мы гаворым пра палітыку ЗША на эўрапейскім кантынэнце, больш вузка ва ўсходняй Эўропе, яшчэ больш вузка ў Беларусі, дык мы павінны разумець, што ў ЗША на тым ці іншым гістарычным этапе ёсьць пэўныя прыярытэты — рэгіёны альбо канкрэтныя краіны. Апошнія гады гэта канешне Блізкі Усход. Увага амэрыканскіх палітыкаў, Белага Дому, ну і, канешне, спэцслужбаў накіраваная на памяншэньне пагрозы для Злучаных Штатаў і шырэй для сьвету.

Доўгі час такім прыярытэтам была Расея. У 90-я гады мы памятаем якія велізарныя крэдыты выдаваліся, фінансавыя і таксама палітычныя. Іншыя колішнія рэспублікі былога СССР такой увагі не мелі.

Прыгадаю, у 1994-га году адстаўку першага амбасадара ЗША ў Беларусі Дэвіда Суорца. Пасьля візыту ў Менск у студзені 1994-га году прэзыдэнта ЗША Біла Клінтана Суорц сышоў у адстаўку менавіта па той прычыне, гэта была рэальная прычына, ён сам так мне тлумачыў, што ён чакаў значна большай дапамогі Вашынгтона Беларусі, і палітычнай, і эканамічнай. Хоць бы нават у знак удзячнасьці за вывад ядзернай зброі. Асноўная частка ўвальвалася ў Расею, грошы гэтыя ў значнай ступені раскрадаліся. Мы бачым, у што ператварылася Расея і на сёньняшні дзень Вашынгтон проста не мае нейкай агульнай канцэпцыі, колькі-небудзь выпрацаванай пасьлядоўнай палітыкі ў дачыненьні да Масквы.

Наперадзе прэзыдэнцкія выбары ў Злучаных Штатах, зусім магчыма, што будзе істотны разварот, залежна ад таго, хто будзе абраны. Калі ж казаць пра цяперашняга кіраўніка Барака Абаму, то тут можна канстатаваць поўны правал у дачыненьні да Расеі. Асобная тэма — «выкананьне» Злучанымі Штатамі сваіх абавязкаў паводле Будапешцкага мэмарандуму да Ўкраіны. Між іншым заўважу, што такія ж абавязкі Злучаный Штаты маюць і да Беларусі, за вывад ядзернай зброі. Што ужо казаць на фоне такіх правалаў пра канцэпцыю падыходаў да Беларусі.

Карбалевіч: Справа ў тым, што адміністрацыя Барака Абамы прыйшла да ўлады на тле адмовы ад вонкавай палітыкі папярэдняй адміністрацыі рэспубліканцаў Джорджа Буша. То бок мы ведаем, што Джордж Буш вельмі вялікую ўвагу надаваў тэме дэмакратыі, а Барак Абама прыйшоў да ўлады з тэзісам, што ЗША больш не будзе актыўна прасоўваць гэтую ідэю. І вы памятаеце, калі дзяржсакратар ЗША Хілары Клінтан прыехала ў Маскву з ідэяй перазагрузкі. І сэнс гэтай перазагрузкі ў амэрыканска-расейскіх адносінах быў у тым, што ЗША аддае ўсю постсавецкую прастору Расеі і не будзе ўмешвацца, гэта расейская дзялянка. Але тут нечакана здарыліся ўкраінскія падзеі, Майдан, канфлікт Расеі з Украінай, і волей-няволей ЗША давялося ўмешвацца ў гэты канфлікт, і украінскі крызіс актуалізаваў увагу да рэгіёна і да Беларусі ў прыватнасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG