Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Крычаве прызналі факт аварыі на цэмэнтным заводзе праз тыдзень пасьля здарэньня


Факт аварыі на Крычаўскім цэмэнтна-шыфэрным заводзе прызнаны. Пра надзвычайнае здарэньне на прадпрыемстве паведаміла газэта Крычаўскага райвыканкаму «Крычаўскае жыцьцё». У невялікай нататцы прызнаецца, што трое рабочых атрымалі апёкі.

«Падчас правядзеньня ачысткі цыклёнаў печы клінкера трое працаўнікоў атрымалі тэрмічныя апёкі. Крычаўскім аддзелам Сьледчага камітэту вядзецца расьсьледаваньне дадзенага факту», — напісала крычаўская раёнка.

Кіраўніцтва прадпрыемства адмаўляла факт аварыі. Запэўнівала, што нічога падобнага не было

Пра аварыю паведамілі Свабодзе працоўныя прадпрыемства на наступны дзень пасьля таго, як яна адбылася — 17 сакавіка, і даслалі фота аплаўленых дзьвярэй. Рабочыя сьцьвярджалі, што такія пашкоджаньні сьведчаць пра абвал цэмэнтнай масы высокай тэмпэратуры.

«Адбыўся абвал гэтага матэрыялу з мэталічнай ёмістасьці. Тэмпэратура масы сягала 700 градусаў. Ня вытрымалі люкі, і гэты матэрыял пасыпаўся на зямлю, ламаючы ўсё на сваім шляху,— апавядаў адзін з працоўных пра здарэньне. — Застаецца пытаньне, чаму вырашылі праводзіць гэтую працу ноччу. Магчыма, таму, што ўдзень гэтае месца даволі ажыўленае, а падобнае здарэньне ўсё ж дапускалася».

Паводле рабочых, наступствы аварыі ліквідаваліся ў аўральным рэжыме. «Просьба была кіраўніцтва да працоўных не разгалошваць тое, што адбылося на прадпрыемстве», — сьцьвярджалі рабочыя.

У тым жа нумары «Крычаўскага жыцьця» прызнаецца факт масавых звальненьняў з Крычаўскага цэмэнтнага заводу.

За леташні год звольнілі 468 чалавек, а ўжо ад пачатку сёлетняга году — 441.

Рабочыя зьвярнулі ў адміністрацыю прэзыдэнта, каб ім патлумачылі, што адбываецца з прадпрыемствам. Пад лістом прэзыдэнту падпісаліся больш за сотню працоўных. На сход, арганізаваны пасьля звароту ў адміністрацыю кіраўніка дзяржавы, запрасілі толькі частку тых, хто падпісаліся. На сустрэчы абураным людзям паспрабавалі патлумачыць, якія пэрспэктывы чакаюць цэмэнтную галіну.

Дырэктар Беларускай цэмэнтнай кампаніі Ўладзімер Кісялёў у інтэрвію крычаўскай раёнцы адзначае зьніжэньне попыту на цэмэнт. Калі ў 2013 годзе Беларусь спажывала 5 мільёнаў сто тысяч цэмэнту, то летась 3 мільёны 700 тысяч тон. Паводле Кісялёва, сёлета падзеньне аб’ёмаў спажываньня цэмэнту прагназуецца на 15 працэнтаў.

Што тычыцца самога «Крычаўцэмэнтнашыфэру», летась прадпрыемства мела страты ў 380 мільярдаў рублёў. За два сёлетніх месяцы вытворчасьць цэмэнту ўпала на 20 працэнтаў. А Кісялёў заяўляе, што колькасьць працаўнікоў на прадпрыемстве завышаная, у параўнаньні з падобнымі вытворчасьцямі ў Расеі і Польшчы.

Старшыня Крычаўскага райвыканкаму Васіль Сысоеў паабяцаў усім звольненым знайсьці занятак.

Новы цэмэнтны завод у вёсцы Каменка, што пад Крычавам, 16 жніўня 2013 году ўрачыста запусьціў Аляксандар Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы застаўся задаволены прадпрыемствам, якое ўзьвялі на кітайскія інвэстыцыі.

Праз два месяцы, як завод пачаў працаваць, арыштавалі яго генэральнага дырэктара Леаніда Скоцкага, які суправаджаў Аляксандра Лукашэнку па новым заводзе. Крычаўскі раённы суд пакараў Скоцкага дзесяцьцю гадамі калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці за злоўжываньне ўладай і хабарніцтва.

Ужо пасьля запуску ў завода зьявілася праблемы са збытам прадукцыі.

Яшчэ горшая сытуацыя на старым Крычаўскім цэмзаводзе. Летась у верасьні старшыня Магілёўскага аблвыканкаму Ўладзімер Даманеўскі згадаў людзкую незадаволенасьць на Крычаўскім цэмэнтнашыфэрным заводзе, які працяглы час не працуе.

Кіраўнік абласной вэртыкалі запэўніваў крычаўцаў, што сытуацыю нармалізуюць.

«Да мяне даходзяць чуткі, што людзі пасьля выбараў застануцца бяз працы, — казаў Даманеўскі. — Сытуацыя на „Цэмэнтнашыфэры“, а менавіта на ўчастку, які вырабляе цэмэнт мокрым спосабам, вядомая ўраду, аблвыканкаму, і мы ні ў якім разе не пакінем гэтых людзей без заробку і працы».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG