Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адміністрацыя Крычаўскага цэмзаводу: «Забастоўкі не было». Працоўныя: «Быў эмацыйны выбух»


Адміністрацыйны корпус новага цэмзаводу, што пад Крычавам
Адміністрацыйны корпус новага цэмзаводу, што пад Крычавам

Адміністрацыя акцыянэрнага таварыства «Крычаўцэмэнтнашыфэр» абвяргае зьвесткі пра страйк працоўных 19 лютага. Інфармацыю, якая была распаўсюджана пра яго, называюць выдумкай. Тым часам самі працоўныя настойваюць, што грамадою спрабавалі дамагчыся адказу, чаму заробкі на прадпрыемстве падаюць і што з заводам адбываецца наагул. Працоўныя прызнаюць, што іхні выступ быў эмацыйным выбухам супраць, як яны кажуць, несправядлівага абыходжаньня.

На пытаньне, ці будзе працяг пратэсту, адзін з удзельнікаў пятнічнага працоўнага сходу сказаў, што бліжэйшым часам нечага падобнага не адбудзецца. Незадаволенасьць застаецца, кажа ён, аднак публічна яе выказаць працоўныя не гатовыя.

Бліжэйшыя гады два сытуацыя да лепшага на прадпрыемстве ня зьменіцца. Яна дужа складаная.

«Ніякага супольнага рашэньня 19 лютага прынята не было працоўнымі. Людзі разышліся. Пратэставаць больш не зьбіраюцца. Пра перасьлед з боку адміністрацыі пакуль нічога не чуваць. Хто зьбіраўся звальняцца, той звольніцца. Той, хто застанецца, будзе працаваць за два мільёны. Ёсьць праслойка працоўных, якія зарабляюць нашмат больш, але яна нязначная. Бліжэйшыя гады два сытуацыя да лепшага на прадпрыемстве ня зьменіцца. Яна дужа складаная», — сказаў працоўны з Крычаўскага цэмзаводу.

У адміністрацыі прадпрыемства заяўляюць, што ніякай акцыі пратэсту не было.

«Гэта ўсё няпраўда. Ніякіх забастовак не адбывалася. Наагул інфармацыя зьявілася невядома адкуль. Няма ніякай гаворкі пра забастоўку», — заявіла прадстаўніца адміністрацыі.

Суразмоўніца сказала: калі журналісту патрэбная якая інфармацыя пра прадпрыемства і сытуацыю на ім, ён павінен пісьмова зьвярнуцца да кіраўніцтва заводу альбо ў холдынг «Беларуская цэмэнтная кампанія».

Пра пратэстны сход працоўных на новым крычаўскім цэмзаводзе стала вядома ўвечары 19 лютага. Працаўнікі заяўлялі, што на сход сабралася блізу 50 чалавек. У ім удзельнічалі ня толькі работнікі працоўнай зьмены, але і тыя, хто адпачываў ад працы.

Людзі хацелі разабрацца, чаму гэтак імкліва падаюць заробкі на прадпрыемстве.

«Людзі хацелі разабрацца, чаму гэтак імкліва падаюць заробкі на прадпрыемстве», — тлумачылі пратэстоўцы. Незадаволеных сытуацыяй, казалі яны, прадстаўнікі адміністрацыі запрашалі пагутараць у службовыя кабінэты.

Новы цэмэнтны завод на чыгуначнай станцыі Каменка, што пад Крычавам, 16 жніўня 2013 году ўрачыста запусьціў Аляксандар Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы застаўся задаволены прадпрыемствам, якое ўзьвялі на кітайскія грошы. Праз два месяцы, як завод пачаў працаваць, арыштавалі яго генэральнага дырэктара Леаніда Скоцкага, які суправаджаў Аляксандра Лукашэнку па новым заводзе. Крычаўскі раённы суд пакараў Скоцкага дзесяцьцю гадамі калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці за злоўжываньне ўладай і хабарніцтва.

Ужо пасьля запуску заводу ў яго зьявілася праблемы са збытам прадукцыі. Арыентаванасьць прадпрыемства на расейскі рынак не апраўдала сябе. Крычаўскі цэмэнт не вытрымлівае цэнавай канкурэнцыі з расейскім, бо энэрганосьбіты тут даражэйшыя, чым у Расеі. Прызнаецца, што цэмэнт, выраблены ў Крычаве, у суседнюю Расею прадаецца па сабекошце.

Што будзе са старым цэмэнташыфэрным заводам, які ў самім Крычаве, пэўнай інфармацыі няма. Паводле жыхароў райцэнтру, прадпрыемства не працуе і нібыта ў сакавіку яго зьбіраюцца закансэрваваць. Афіцыйна пацьвердзіць гэтыя зьвесткі пакуль не ўдаецца.

Стары крычаўскі цэмзавод
Стары крычаўскі цэмзавод

Летась у верасьні старшыня Магілёўскага аблвыканкаму Ўладзімер Даманеўскі згадаў, што на старым Крычаўскім цэмзаводзе людзі незадаволеныя. Кіраўнік абласной вэртыкалі запэўніваў крычаўцаў, што сытуацыю нармалізуюць.

«Да мяне даходзяць чуткі, што людзі пасьля выбараў застануцца бяз працы, — казаў Даманеўскі. — Сытуацыя на „Цэмэнтнашыфэры“, а менавіта на ўчастку, які вырабляе цэмэнт мокрым спосабам, вядомая ўраду, аблвыканкаму, і мы ні ў якім разе не пакінем гэтых людзей без заробку і працы».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG