Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Я маю мару. Пракапенка, БАТЭ і «Крумкачы»


Алег Дашкевіч
Алег Дашкевіч

Апошні раз я бачыў легенду беларускага футболу Аляксандра Пракапенку ў 1989 годзе ў лазьні на вуліцы Маякоўскага. Ён неяк акуратна й залагоджана спаў у модным скураным плашчы, седзячы на крэсьле каля месца лазьніка.

Прачнуўся, сьцепануў плячыма, устаў і пайшоў. Ніхто ня лез да яго з пытаньнямі, абдыманкамі ці гарэлкай. Усе шанавалі ягоны статус, талент і ягоныя недахопы. Народны футбаліст адыграў сваё. Неўзабаве аматары футболу пачулі сумную вестку, што легендарны паўабаронца раптоўна памёр пад час вячэры ў рэстаране «Мінск».

Пракапенка, як сымбаль беларускага савецкага футболу, сышоў, бо ягоны футбол скончыўся. Наставалі іншыя часы, дый ня толькі ў футболе. Але сымбалем новых часоў у беларускім футболе стаў не футбаліст, а новапаўсталы бізнэсовец Анатоль Капскі.

Тыповы прадстаўнік сайго часу: малінавы пінжак, залаты ланцуг, ваяжы ў Расею для вырашэньня бізнэсовых справаў з гранатамі пад сядзеньнем. Але, апроч назапашваньня капіталу, была адна акалічнасьць, што выводзіла Капскага з шэрагу «малінавых пінжакоў». Чалавек любіў футбол і меў мару. Гэтай марай сталася заснаваньне ў красавіку 1996 году барысаўскага футбольнага клюбу БАТЭ. Капскі адчуў свой час, калі мары рэалізуюцца. Паветра працінала энэргія, на вуліцах бушавала «Менская вясна». Дэманстрацыі, сутычкі зь міліцыяй на праспэкце Скарыны. Віравалі цікавыя арт-праекты. Паўставалі новыя бізнэс-структуры. Старое зацята змагалася з новым, і што з гэтага атрымаецца, ніхто ня ведаў.

Аднавіўшы БАТЭ, Капскі аднавіў інтрыгу ў чэмпіянаце краіны. Упартае напачатку супрацьстаяньне паміж БАТЭ і безумоўным фаварытам чэмпіянату – менскім «Дынама» паступова вызначыла пераможцу. Мара й харызма аказаліся больш важкімі за афіцыёзны статус і грошы. У Капскага і БАТЭ атрымалася тое, чаго не атрымалася ні ў «Дынама», ні ўвогуле ў грамадзтва. Прарыў на іншую вышыню. Капскі – хацеў, быў выключна харызматычным у сваім жаданьні і ведаў як. Амбітная правінцыя скарыстала свой момант.

А што ж «Дынама»? Ня ведала й ня ведае дагэтуль, што рабіць. Недарэчныя зьмены ўладальнікаў клюбу ад дзяржавы да авантурыста Хвастовіча, ад Хвастовіча да ня надта ўважлівага да футбалістаў Чыжа. Бясконцыя штосэзонныя зьмены трэнэрскага складу не маглі вярнуць камандзе ні пазыцыю лідэра ў чэмпіянаце краіны, ні, пагатоў, кураж васьмідзясятых. Клюб меў выдатных гульцоў і сапраўдныя таленты, але ніводзін, улучна зь Бялькевічам, не займеў статусу народнага футбаліста, як Пракапенка.

Грамадзтва хварэла на тыя ж праблемы. Хацець быць і быць – розныя рэчы. Мара мусіць быць падмацаваная харызмай і тэхналёгіяй. У беларускім грамадзтве з таго часу й да сёньня гэтыя чыньнікі не супалі. Мара мела недастатковую харызму, каб, умоўна кажучы, вырашаць свае праблемы з гранатамі пад сядзеньнем, таму выбірала эміграцыю. Вонкавую й нутраную. Харызма й тэхналёгія ня мелі мары, таму займелі афіцыйны статус зьніклых. Прарыву не адбылося.

Як калісьці сьпяваў папулярны савецкі артыст, «несвоевременность, вечная драма…»

З тае пары мінула пятнаццаць-дваццаць гадоў. Мы звыклі да прадказальнасьці грамадзкіх кампаній. Мы звыклі да статусу БАТЭ, да заўсёдных перамог клюба ва ўнутраным чэмпіянаце. У сакавіцкім матчы за Супэркубак, не без дапамогі арбітраў, БАТЭ атрымаў элегантную перамогу над «Шахцёрам». Але было відаць, што атрымаў бы і без дапамогі. Адно ў міжнародных спаборніцтвах вынікі ня надта каб. Стомлены й замацярэлы Капскі ў інтэрвію сумуе па СССР… Усё, як у нашым грамадзтве… Кола замкнулася. Заслона.

Але жыцьцё нашмат мудрэйшае, чым мы яго ўяўляем. У змрочным царстве зьявілася нешта пад назвай ФК «Крумкачы». Вясёлы футбольны клюб, пачынаючы ад сваёй назвы, які прымусіў зьбірацца гледачоў на трыбуны нават у першай лізе. Патапіў статусны магілёўскі «Дняпро» ў змаганьні за выхад у лігу вышэйшую. У перадсэзонных гульнях зьняў скальп зь некаторых старажылаў вышкі. Старшыня клюбу, малады бізнэсовец Дзяніс Шунто, які ўкладаў уласныя сродкі ў гэты футбольны праект, у сваім інтэрвію не сумуе па СССР, але сьцьвярджае: мы ўскалыхнулі балота. Іншымі словамі, мы пачулі падзабытае: У мяне ёсьць мара!

Я ня ведаю, ці хопіць яму харызмы, ці знойдзе ён сваю тэхналёгію посьпеху, як і ня ведаю, ці знойдзецца хто, хто б разварушыў сёньня балота нашага грамадзтва такім заклікам, але сёлетні футбольны сэзон мае быць значна цікавейшым за мінулы, і мае сымпатыі ў ім, безумоўна, на баку «Крумкачоў».

На заканчэньне добрая навіна. Новы стадыён у Бабруйску названы ў гонар ягонага ўраджэнца, народнага футбаліста Аляксандра Пракапенкі. Гэта вельмі слушна. Народ павінен шанаваць сваіх герояў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG