У Празе прэзэнтавалі шпіёнскі трылер пра дэмакратычную рэвалюцыю ў Беларусі, падаўленую Расеяй, што выклікала эўрапэйскі энэргетычны крызіс.
...у Беларусі пасьля вулічных пратэстаў перамагае апазыцыя. Новы лідэр заяўляе, што празь пяць год краіна ўступіць у Эўразьвяз, а празь дзесяць у НАТА. Устрывожаная Расея ўводзіць войскі ў Беларусь. НАТА пасылае батальёны ў краіны Балтыі. Крэмль перакрывае ўсе трубаправоды на Захад, і Эўропу чакае халодная зіма...
Такі кантэкст кнігі Міхаэла Жантаўскага «Пахаладаньне», галоўны герой якой — Ёзэф К., чэскі выведнік, які дзейнічае пад прыкрыцьцём аташэ ў справах культуры Чэскай амбасады ў Менску.
На сцэну пратэсту на менскіх вуліцах Жантаўскага натхніў уласны досьвед — разам з калегам, сэнатарам Янам Румлам, ён быў у Менску на Чарнобыльскім шляху дзесяць год таму.
— Так, я хацеў бы, каб гэту кнігу прачытаў Аляксандар Лукашэнка, чаму не? — адказаў Жантаўскі на беларускае пытаньне ад чытачоў. І патлумачыў, што нават ня зьдзівіцца гэтаму, бо нядаўна сустракаўся зь перакладнікам з Ірану і ўведаў, што кнігі Вацлава Гаўла выходзяць там, ставяцца п’есы, і нават вярхоўны аятала чытае і шануе Гаўла.
Хоць прэзэнтацыя кнігі адбывалася сёньня, упершыню яна пабачыла сьвет ў сьнежні 2008 года. Пазагаловак кнігі быў «шпіёнскі трылер бліжэйшай будучыні». 1 студзеня 2009 Расея спыніла пастаўкі газу ва Ўкраіну, што выклікала першы крызіс глябальнай энэргетычнай бясьпекі. Але ў 2008 годзе кніга выйшла пад псэўданімам — Жантаўскі, былы дысыдэнт, сябар Вацлава Гаўла, пасол у ЗША і Вялікабрытаніі, як дыплямат ня мог ставіць сваё імя.
— Пасьля выхаду кнігі ў кавярні «Krásný ztráty» сабраліся пісьменьнікі, журналісты, сябры, у тым ліку Гавэл, і спрабавалі ўгадаць, хто ж аўтар кнігі , — расказваў Жантаўскі, які ў той час быў амбасадарам у Ізраілі. Ён удзельнічаў у дыскусіі па тэлефоне, але праз прыстасаваньне якое зьмяніла голас. — Калі ў выніку галасавалі, тры галасы атрымаў нават Гавэл — толькі што выйшла яго п’еса з назвай, якая гучала падобна.
Пра незалежнасьць Беларусі Жантаўскі выказваецца аптымістычна — як і пра сваю.
— Я атрымаў назад сваю незалежнасьць і сваё імя — так Жантаўскі пракамэнтаваў выхад у адстаўку зь дзяржаўных пасадаў у верасьні летась (цяпер ён дырэктар Бібліятэкі Вацлава Гаўла). Што, аднак, не перашкодзіла яму напісаць бліскучую біяграфію Вацлава Гаўла, якая выйшла, калі ён быў паслом у Лёндане.
Але «Пахаладаньне», верагодна, было занадта гарачым і блізкім да расейска-эўрапейскіх рэалій. За апошнія сем гадоў некаторыя сюжэты раману праяўляюцца ўсё часьцей і больш інтэнсіўна. Кніга выйшла ў новай рэдакцыі.
Урывак з кнігі «Пахаладаньне», с. 43
«Вы адчуваеце тугу?» Ён мімаволі кіўнуў галавой, хаця ня вельмі добра зразумеў пытаньне. Тугу па чым, па кім? Па Менску, па працы, па X., па амбасадаравай жонцы, па Бадзі, па Доры, па пані Юнавай, па маме, па тату, па маладосьці? «Па кім?»
«Так, увогуле», — адказаў ён шчыра. У гэтай напаўпрамёрзлай краіне пад уладай манаманіякальнага калгасьніка, дзе вясна азначала мора бруду, лета — хмары камароў, а зіма — бела-шэрую няўцешнасьць, дзе хіба што восень зьнянацку выбухала колерамі лісьця бярозаў, алешынаў ды букаў і дзе людзі змагаліся проста за пражыцьцё, быццам жывёлы, ён увесь час адчуваў тугу. Тугу па крысе цяпла, па ўсполаху колеру, па долі эмоцыі.
«Чаму ў вас не было дзяцей?», — запыталася дзяўчына. Са стандартных прычынаў. Спачатку яны не сьпяшаліся, пасьля ня мелі часу, а, урэшце, жаданьня. Яны спажылі свой шлюб, прынамсі, за год да таго, як зьявіўся Юна, прычым настолькі грунтоўна, што, апроч паперы, у іх, заставалася толькі ўзаемапавага, а ў выніку і той не засталося. Часам яму хацелася прыпісаць віну за гэта падзеньню камунізму, які так доўга трымаў іх разам у адным месцы, у адной кватэры, у адной упартасьці. Раптам усё памянялася, адкрылася і перамяшалася так, што нічога не засталося. «Я ня ведаю. Мы не пасьпелі».
«Вам бы хацелася мець дзяцей?»
«Вашае пытаньне занадта абстрактнае», — ён зрабіў ёй заўвагу. «Кантэкст — гэта ўсё. Мець дзяцей з кім? Выхоўваць дзе? Пры якіх умовах? Зь якой будучыняй? Я ня бачу ніякай канкрэтыкі, відаць, я ўжо занадта стары». Але ён ведаў, што хлусіць. У бясконцай паўночнай начы, калі ён хадзіў туды —назад ля кніжнай шафы, наўздагад выцягваў кнігі са стэлажоў, глядзеў у іх і зноў вяртаў на месца, іншы раз яму хацелася адамкнуць дзьверы ў суседні пакойчык, паправіць коўдру і пагладзіць дзіцячы твар, які яшчэ пакуль ня зьведаў здраду. Але ў пакойчыку былі толькі яго пустыя валізкі і велатрэнажор, на якім ён пры дапамозе Дж. Дж. Кейла праганяў прэч з галавы падобныя думкі.
«Вы яшчэ пішаце?», — яна закранула набалелае месца. Ён пісаў увесь час, гэта праўда. За трыццаць гадоў ён прайшоў шлях ад шматабяцальнага маладога паэта, праз аднаго зь ня вельмі вядомых саміздатавых аўтараў да пісьменьніка тэлеграмаў, якія чытала вельмі абмежаванае кола людзей і якія былі цікавыя яшчэ больш абмежаванаму колу.
Пісаць. Яна наўрад ці магла ведаць, якую рану ўцьвяліла. Ён рос у доме поўным кніг, дзе гаварылі выключна пра літаратуру і пра дзяцей, таму што не было пра што іншае гаварыць, альбо гэта было занадта небясьпечна.
Хросным бацькам яго сястры быў чэскі паэт Францішак Галас. Ён стаў бы і яго хросным бацькам, толькі вось калі ён нарадзіўся, Галас ужо быў мёртвы, у яго краіне панавалі камуністы і бацькі не дазволілі яго пахрысьціць. Карэл Конрад, чэскі пісьменьнік і журналіст, называў яго «Бунцік», намякаючы на яго бунтаўніцкі характар і бунт на караблі «Баўнці», а славацкі левы інтэлектуал Лаца Навамескі няньчыў яго на сваіх каленях. Чэская пісьменьніца Марыя Маерава заўсёды пазычала яго разам зь сястрой ў якасьці талісманаў, калі ёй хацелася пачаставацца ў пралетарыяў з горада Кладна смажанкай, фазанамі і тортамі на блюдах, але ніколі не давала яму паесьці. На пахаваньні іншага чэскага пісьменьніка, Віцезслава Незвала, яго хацеў паняньчыць любой цаной міністар Вацлаў Копэцкі, толькі вось ад таго сьмярдзела алькаголем ды часныком, так што К. хутка вырваўся і ўцёк.
Літаратурная творчасьць ці стварэньне тэкстаў пра літаратуру, альбо хаця б размовы пра літаратурную творчасьць ці стварэнне тэкстаў пра літаратуру ў іх доме лічылася адзінай карыснай і пэрспэктыўнай дзейнасьцю, якая мае сэнс. На жыцьцёвым узроўні сям’і гэта ніяк асабліва не адбівалася, бацькі няспынна сварыліся з-за грошай, і нават калі ў іх сям’і заўсёды было што есьці, ежа гэта не была ані багатай, ані разнастайнай — у пяцідзесятыя гады такая карціна назіралася ў большасьці чэхаславацкіх сем’яў. Затое кожны тыдзень на абедным стале зьяўляўся стосік толькі што выдадзеных кніг, якія пахлі кніжным друкам і пераплётным клеем. У той вечар бацька не крычаў і не бразгаў дзвярыма, і ў сям’і запанаваў амаль калядны спакой. Авалодаўшы часткай сьвежага ўлову, кожны схаваўся з ёй у свой куток, каб пасьля ўсе разам змаглі аналізаваць, крытыкаваць і праклінаць няшчаснага аўтара і яго твор.
Літаратурная творчасьць і жыцьцё ў літаратуры былі найвышэйшай формай існавання, чымсьці, да чаго кожны імкнецца, але што дастаецца толькі абраным. Напісаць кнігу лічылася амаль натуральным абавязкам, якога пазбаўленыя хіба што небаракі, якія маюць пэўную форму разумовай адсталасьці ці парушэньні, зьвязаныя з дысграфіяй.
Апублікаваць раман азначала пакінуць свету трывалую каштоўнасьць. Толькі дзякуючы ёй жыцьцё набывала сэнс. Такім чынам, выдаць выключны зборнік прыраўноўвалася да ўзыходжаньня на Алімп, дасягненьня найвышэйшай мэты, якую перад сабой можа паставіць просты сьмяротны. Паводле гэтых крытэраўя К. прайшоў толькі нейкую першую траціну шляху і безнадзейна на ёй завязнуў.
«Толькі па доўгу службы», — адказаў ён. «Я заўсёды пісаў драбноты і бязглузьдзіцы, прынамсі, я так думаў. Насамрэч жыцьцё такое бязглуздае, што я проста ня ў стане.
У Беларусі мы стараліся дапамагчы дзесяці мільёнам людзей дамагчыся свабоды і прыстойнага жыцьця, хаця б такога, якое ёсьць у нас. Замест гэтага мы дапамаглі забіць некалькі сотняў беларусаў, а астатнія цяпер маршыруюць па вуліцах супраць імпэралістычнага ўмяшаньня Захаду ў беларускія справы. Паўлюшэнка мёртвы і сёньня ў гэтай краіне кіруе чалавек, які пару месяцаў прыкідваўся дэмакратам, але ў выніку паказаў сябе як кагэбэшны Велікарос, шавініст і ксэнафоб».
«Аднак, гэта ня наша віна. Гэтыя людзі спантанна бралі ўдзел у дэманстрацыі, яны самі хацелі свабоды, самі хацелі нашай дапамогі. Яны ведалі, што робяць».
«Не, ня ведалі, таму што каб ведаць, што ты робіш, трэба мець правільную інфармацыю, а яны ня мелі правільнай інфармацыі. Яны думалі, што Менск — гэта Прага альбо мінімальна Кіеў. Яны ня ведалі (ніхто ж і думкі такой не дапусьціць), што Менск — гэта дупа сьвету, якая ня вартая ня тое што крыві адзінага паморскага гранатчыка, але нават рэзалюцыі Рады бясьпекі. Яны ня ведалі, што Беларусь — гэта губэрня, якой доўгія гады кіруе няздольны і апантаны губэрнатар, але ўсё роўна губэрня, якая ня мае правоў. Які ідыёт-праваабаронца іх пацягнуў, што яны могуць прэтэндаваць на сяброўства ў Эўразвязе ці НАТА? Хіба ўздымецца хто-небудзь у Радзе Эўропы і скажа ‘У нас на руках кроў?’ Да чорта з два!»
«Адказнасьць на нас, тут вы маеце рацыю. Менавіта таму Эўразьвяз і Злучаныя штаты ўвялі санкцыі, таму Вараненка будзе змушаны асьцерагацца, бо інакш яму давядзецца расплачвацца».
«Скажыце мне, якім такім чынам. З валютнымі рэзэрвамі, якія яны маюць, і з цэнамі на нафту, якія ўсё яшчэ трымаюцца, мы ў іх на кручку, і яны гэта ведаюць. Калі б мы здавалі Паўлюшэнку гэтых ублюдкаў дысыдэнтаў, каб яму было прасьцей адпраўляць іх за краты, мы б дапамаглі ім і яму, i ўсім астатнім беларусам таксама. Яны маглі б заставацца ў жывых, нажырацца гарэлкай альбо нюхаць клей і аблайваць сытуацыю».
«Ёсьць увогуле нешта, да чаго вы неабыякавы, ці вы ўжо сталі поўным цынікам?», — рэзка запыталася яна.
«Калі быць поўным цынікам значыць не пасылаць людзей на сьмерць, то я поўны цынік. Свабода — цудоўная рэч, толькі калі вы можаце атрымаць ад яе асалоду. Свабода нахрэн не патрэбная, калі чалавек мёртвы».
«У лістападзе ні вы, ні вашыя сябры нічога такога не казалі. Калі б тады Вацак даў загад, магчыма, усё скончылася б гэтаксама. І вы былі б альбо мёртвы, альбо на вашых руках была б кроў».
«Магчыма. Але ж чалавек можа вырашаць толькі сам за сябе і ніколі за іншых. Ну і да таго ў нас было даволі дакладнае ўяўленьне пра тых іншых. Гэта былі прастатычныя, скарумпаваныя, прапітыя старыканы, каторыя ўжо нічому ня верылі і ня мелі за што змагацца, акрамя як за права набываць бухло ва ўрадавых крамах. Мы не абасраліся ад страху толькі таму, што ведалі, што яны абасруцца хутчэй».
Яна працягвала на яго глядзець, амаль не даючы веры і, магчыма, крыху расчаравана.
«Вы чыталі мае тэлеграмы? Пэўна ж, чыталі, бо інакш вас бы тут не было і вы не задавалі б мне гэтыя тупыя пытаньні. Такім чынам, вы ведаеце, што я папярэджваў наконт бойні, якой усё скончыцца. Гэтыя хлопцы з Усходу стала маюць за што змагацца. Няхай у Леніна яны ўжо ня вераць, але ў матушку Расею і ў сапсаванасьць Захаду, а таксама ва ўсю тую нафту і газ, на якіх яны сядзяць сваімі задніцамі».
«У вас гаворыць расчараваньне», — сказала яна. «Я вам ня веру».
«Ведаеце, для мяне па-ранейшаму важныя тыя ж рэчы, уласна кажучы, адна рэч. Каб чалавек мог раніцай прачнуцца, заварыць сабе каву, паглядзецца ў люстэрка і не званітаваць. Але як ты можаш паглядзецца ў люстэрка, калі ў цябе на руках кроў?»
(з чэскай пераклала Крысьціна Шыянок)