Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На помнік чэкістам грошы знайшліся, на помнікі рэпрэсаваным — не


У Магілёве адкрылі памятны знак «Чэкістам Магілёўшчыны». Надпісы на памятным знаку зробленыя на беларускай мове.

У Магілёве адкрылі памятны знак «Чэкістам Магілёўшчыны». Журналістаў недзяржаўных мэдыяў і фрылянсэраў да будынка абласной управы КДБ дапусьцілі толькі па сканчэньні афіцыйнай часткі ўрачыстасьці. Пры гэтым людзі ў цывільным настойліва раілі не рабіць фота- і відэаздымкі.

Фатаграфаваць і рабіць відэаздымкі супрацоўнікі ў цывільным журналістам забаранілі на той падставе, што ў іх не было дакумэнту з адпаведным рэдакцыйным заданьнем. Пакуль доўжылася імпрэза, гэтыя супрацоўнікі не адыходзілі ад журналістаў. Тым часам тыя, хто проста прыйшоў пабачыць адкрыцьцё памятнага знаку, фатаграфавалі ўрачыстасьць без абмежаваньняў. На пляцоўку перад памятным знакам дапусьцілі толькі журналістаў афіцыйных СМІ.

Урачыстасьць адкрыцьця памятнага знаку праходзіла пры ўзмоцненых захадах бясьпекі. Адну з цэнтральных вуліц гораду, Піянэрскую, на дзьве гадзіны перакрылі. За гэты час на бліжэйшых перакрыжаваньнях утварыліся коркі. Да будынка абласной управы КДБ прапускалі толькі, як вынікала з тлумачэньняў супрацоўнікаў у цывільным, запрошаных асобаў. А не запрошаным прапаноўвалася паназіраць за адкрыцьцём памятнага знаку праз праезную частку — з адлегласьці ў пяцьдзесят мэтраў.

Вядоўца ўрачыстасьці гаварыў па-беларуску.

«Сёньня мы адкрываем памятны знак «Чэкістам Магілёўшчыны», —зьвярнуўся ён да грамады, — ідэя стварэньня якога належыць упраўленьню Дзяржаўнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь па Магілёўскай вобласьці і падтрыманая вэтэранамі ўсебеларускай грамадзкай арганізацыяй «Вэтэраны КДБ „Гонар“. Памятны знак — гэта даніна памяці супрацоўнікам органаў дзяржаўнай бясьпекі мінулых гадоў. Памятны знак як сымбаль непарыўнай сувязі чэкістаў і вернасьці найлепшым традыцыям органаў дзяржаўнай бясьпекі».

Перакрытая гарадзкая магістраль Піянэрскай вуліцы дзеля адкрыцьця памятнага знаку
Перакрытая гарадзкая магістраль Піянэрскай вуліцы дзеля адкрыцьця памятнага знаку

Выступоўцы на мітынгу прамаўлялі на расейскай мове. На ёй жа зьвярнуўся да падначаленых і кіраўнік Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Беларусі Валерый Вакульчык. Сваіх калегаў ён назваў «Таварышамі». Кіраўнік спэцслужбы ў прыватнасьці зазначыў:

«Мы маем гонар прысутнічаць на адкрыцьці памятнага знаку „Чэкістам Магілёўшчыны“. Увекавечваньне палеглых абаронцаў радзімы ў нашай краіне стала добрай традыцыяй, зьяўляецца справаю агульнанацыянальнага значэньня. Гэта ня толькі даніна юбілейным урачыстасьцям і эпахальным падзеям — у гэтым выяўляецца мэнтальнасьць беларускага народу, а таксама выяўленьне дзяржаўнай палітыкі, скіраванай на захаваньне гістарычнай памяці, адзінства і пераемнасьці пакаленьняў...»

Выступоўца ў прамове аднак не згадаў пра часы сталінскіх рэпрэсіяў, якія праводзіліся якраз рукамі чэкістаў. Прычым, многія зь іх потым самі былі рэпрэсаваныя.

Затор на цэнтральных вуліцах праз перакрытую вуліцу Ленінскую
Затор на цэнтральных вуліцах праз перакрытую вуліцу Ленінскую

Надпісы на памятным знаку зробленыя на беларускай мове. Пасярэдзіне надпіс «Чэкістам Магілёўшчыны». На ўрачыстасьці адкрыцьця знаку прагучала песьня «Чыстыя рукі, гарачае сэрца, халодная галава».

Фінансавая падтрымка па ўсталяваньні памятнага знаку, па зьвестках агучаных на мітынгу, аказвалася органамі ўлады і кіраваньня Магілёўскай вобласьці, а таксама добраахвотнымі ахвяраваньнямі Беларускай грамадзкай арганізацыі вэтэранаў КДБ «Гонар» ды супрацоўнікаў упраўленьня КДБ.

Тым часам у Магілёве на месцах масавых расстрэлаў за часамі сталінскіх рэпрэсіяў стаяць толькі крыжы, усталяваныя прадстаўнікамі мясцовай грамадзкасьці. Даглядаюць іх таксама грамадзкія актывісты.

На адкрыцьці знаку «Чэкістам Магілёўшчыны» прадстаўнікоў незалежніцкіх грамадзкіх супольнасьцяў не было. Намесьнік старшыні партыі БНФ Рыгор Кастусёў, камэнтуючы адкрыцьцё знаку ля будынка КДБ, адзначае, што адчувае сорам за Беларусь:

«Зьвярніце ўвагу: у дзяржавы знайшліся сродкі на помнік чэкістам, але не знайшлося да гэтай пары сродкаў на помнік сотням тысяч закатаваным ад гэтых чэкістаў, — зазначае партыец. — Яны і дагэтуль ня хочуць зьвяртаць увагі і нават часьцяком ня хочуць прызнаваць гэтых сотні тысяч ахвяр».

Рыгор Кастусёў прыгадвае, як грамадзкасьць Шклова зьвярнулася зь ініцыятывай да мясцовай улады, каб адну з бібліятэк назвалі ў памяць пра рэпрэсаванага літаратара Міхася Зарэцкага. Пісьменьнік нарадзіўся ў вёсцы Зарэчча, што пад Шкловам:

«Яго таксама закатавалі ў трыццатыя гады. Дык чыноўнікі нават і слухаць не захацелі пра такую справу. Праз такія паводзіны службоўцаў сорамна. Іншага слова я падабраць не магу».

Памятны знак Цішку Гартнаму ў Магілёве
Памятны знак Цішку Гартнаму ў Магілёве

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG