Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Перазагрузіць мазгі», — 10 выказваньняў чыноўнікаў пра крызіс, якога ў Беларусі «няма»


Усьлед за Аляксандрам Лукашэнкам беларускія чыноўнікі цьвердзяць пра «цяжкасьці ў эканоміцы, зьвязаныя з вонкавымі чыньнікамі»: падзеньне цэнаў на нафту, дэвальвацыя расейскага рубля і няпэўная сытуацыя на рынках, куды пастаўляецца беларуская прадукцыя — ўсё гэта, паводле чыноўнікаў, адбіваецца на працы прадпрыемстваў. Але крызісу ў Беларусі ўсё адно няма, настойваюць чыноўнікі.

Як характарызуюць чыноўнікі стан беларускай эканомікі сваімі выказваньнямі? Цытатнік Свабоды.

1. Ніякага крызісу няма, крызіс у галаве

Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка

«Усялякія размовы, выбачайце мяне, якія ператвараюцца ў траскатню, з нагоды нейкага крызісу непрымальныя! Ніякага крызісу няма, крызіс у галаве! Зьмяніліся ўмовы, па асобных кірунках зьмяніліся істотна. Дык што? Гэта што, упершыню ў нашай гісторыі?! І ня толькі нашай. Мы ведаем, як працаваць у такіх умовах, як на іх рэагаваць», — казаў Аляксандар Лукашэнка на нарадзе па падвышэньні эфэктыўнасьці сацыяльна-эканамічнага комплексу 16 лютага 2016 году.

2. Ёсьць пэўныя складанасьці

Кірыл Руды
Кірыл Руды

«Вядома ж, трэба прызнаць, што ёсьць пэўныя складанасьці, і ў апошнія гады наша эканоміка расьце ня тымі хуткімі тэмпамі, як было раней, больш за тое, яны ўжо сталі ніжэй за ўсясьветныя. І абстаноўка памянялася зьнешняя. І расейскі рынак „упаў“. Цэны на нафту скараціліся. Спадзявацца, што яны падымуцца ўверх — гэта малаверагодна... Мы апошні час жылі на піку ўсясьветных цэнаў на нафту, і магчыма, яны зьніжаюцца да сваёй гістарычнай раўнавагі», — памочнік прэзыдэнта Кірыл Руды, інтэрвію тэлеканалу «Беларусь 1».

3. Трэба перазагрузіць сваё разуменьне і мазгі

Міхаіл Русы
Міхаіл Русы

«У той эканамічнай сытуацыі, якая складваецца ў сьвеце, Беларусь мае цудоўную матэрыяльную базу і кадры. Цяпер нам трэба перазагрузіць сваё разуменьне, свае мазгі (або гэты крызіс у мазгах) пад стварэньне і рэалізаваць тыя задачы, якія ёсьць», — гэтак бачыць пераадоленьне «крызісу, якога няма», намесьнік прэм’ер-міністра Беларусі Міхаіл Русы. Днямі ён удзельнічаў у нарадзе актыву Магілёўшчыны, на якой гаварылі пра выкананьне прэзыдэнцкага ўказу № 78 «Аб захадах па падвышэньні эфэктыўнасьці сацыяльна-эканамічнага комплексу Рэспублікі Беларусь».

4. Каб разьбу не сарваць

«Калі шрубку закручваць, дык галоўнае, каб разьбу не сарваць, але пад іржаўчынай у нас ёсьць яшчэ шмат віткоў, якія ляжаць на паверхні. Гэта, будзем казаць, і невыкананьне тэхналягічных парамэтраў ды расходаў. Гэта парушэньне працоўнай і тэхналягічнай дысцыпліны. Такія вось задачы павінны быць даведзеныя да кожнага выканаўцы: ад чалавека, які стаіць на працоўным месцы, да кіраўніка», — яшчэ адна цытата намесьніка прэм’ер міністра Беларусі Міхаіла Русага.

5. У цэмэнтнай галіне зьмяншаецца спажываньне цэмэнту

Уладзімер Даманеўскі
Уладзімер Даманеўскі

«Як бы мы не намагаліся быць аптымістамі, трэба ацэньваць сытуацыю правільна. І сапраўды шэраг прамысловых прадпрыемстваў згубілі рынкі збыту, або попыт на сваю прадукцыю. Мы гэта адчуваем па прадпрыемствах, якія займаюцца будаўніцтвам або вагонабудаваньнем. У цэмэнтнай галіне назіраецца зьмяншэньне спажываньня цэмэнту. Ім не хапае абаротных сродкаў і зьніжаюцца аб’ёмы вытворчасьці...», — прызнаваў старшыня Магілёўскага аблвыканкаму Ўладзімер Даманеўскі на прэсавай канфэрэнцыі 26 лютага 2016 году.

6. Спачатку крэслы — потым грошы

Андрэй Кабякоў
Андрэй Кабякоў

«Неабходнымі ўмовамі для таго (фінансавай стабілізацыі прадпрыемстваў, якія апынуліся ў складанай эканамічнай сытуацыі,— РС) ёсьць перадусім зьніжэньне затрат, разгрузка складоў, комплексная рэалізацыя захадаў па фінансавым аздараўленьні. Маюць быць рэальна пралічаныя фінансавыя плыні, якія дазволяць абслугоўваць даўгавыя абавязкі, і рост рублёвай ды валютнай выручкі. Пасьля гэтага магчымыя захады падтрымкі. Як гаворыцца ў творы вядомых клясыкаў: спачатку крэслы — потым грошы. Але па рэсурсы для латаньня дзірак, што ўтварыліся праз безгаспадарчасьць і няўменьне працаваць, прашу не зьвяртацца», — настойваў прэм’ер-міністар Беларусі Андрэй Кабякоў на нарадзе кабінэту міністраў «Аб выніках сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Рэспублікі Беларусь за 2015 год» 20 лютага 2016 году.

7. Надзеньце кайданкі

«Значыць, надзеньце кайданкі тым, хто ня выканаў даведзеныя па маім распараджэньні тарыфы. Надзеньце і публічна пасадзіце дзясятак-другі чалавек. Усё стане на свае месцы. Тут мае быць сьпіс, хто гэту «балду» прыдумаў. Даволі з імі жартаваць. Мы тут нешта лічым, плянуем, а яны робяць усё па-свойму«,— пагражаў Аляксандар Лукашэнка 22 лютага 2016 разьбіраючы сытуацыю ў жыльлёва-камунальнай гаспадарцы.

Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка

8. Скончыліся іх мядовыя гады

«Зь першага студзеня скончыліся іх (прадпрымальнікаў, — РС) мядовыя гады. Трэба працаваць у роўных умовах з адпаведнымі дакумэнтамі. І трэба ім разумець, што сэртыфікацыя прадукцыі (прывазнога тавару легпраму, — РС) — гэта першы крок», — абрынуўся на дробных бізнэсоўцаў Аляксандар Лукашэнка на нарадзе з нагоды зацьвярджэньня пастановаў на ахову дзяржаўнай мяжы органамі памежнай службы 14 студзеня 2016 году.

9. Бізнэс — драйвэр эканомікі

«Трэба знайсьці кансэнсус на ўзроўні дыялёгу між уладай і бізнэсам. Пазыцыя кіраўніка рэгіёну (Уладзімера Даманеўскага, — РС) ў любым выпадку: прыватны бізнэс у крыўду не дамо, бо ён драйвэр нашай эканомікі», — заклікаў намесьнік старшыні Магілёўскага аблвыканкаму Віктар Некрашэвіч на сустрэчы з прадпрымальнікамі 20 студзеня 2016 году.

Віктар Красоўскі (крайні зьлева). Віктар Некрашэвіч (у сярэдзіне)
Віктар Красоўскі (крайні зьлева). Віктар Некрашэвіч (у сярэдзіне)

10. Купіў у віетнамцаў

«Купіў у Расеі недзе ў віетнамцаў, прывёз сюды, але ж гэта ня бізнэс. Гэта ні да якога прадпрымальніцтва не павінна адносіцца і паводле лёгікі мелася яшчэ раней спыніцца без сэртыфікатаў і дакумэнтаў», — ня ўтойваў абурэньня начальнік упраўленьня прадпрымальніцтва і зьнешнеэканамічнай дзейнасьці камітэта эканомікі Магілёўскага аблвыканкаму Віктар Красоўскі на сустрэчы з індывідуальнымі прадпрымальнікамі 12 лютага 2016 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG