Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы хоць і вярнуліся, аднак, як на іголках тут стаім». У Магілёве гандляры вяртаюцца на рынкі 


Пасьля двух месяцаў пратэсту супраць прэзыдэнцкага ўказу № 222 у Магілёве прадпрымальнікі паволі пачалі вяртацца на рэчавыя рынкі. Дробныя бізнэсоўцы не хаваюць, што пэўнасьці адносна сваёй будучыні ня маюць, тым ня менш, выйсьці на працу вымагае сытуацыя.

Найвялікшы ў абласным цэнтры Віленскі рынак пасьля двухмесячнай пустэчы запоўнены палаткамі меней, чым на траціну. Ранейшай ажыўленасьці на гандлёвай пляцоўцы няма. Гандляры не гаваркія, многія адмаўляюцца ад гутаркі з журналістам. Некаторыя пагаджаюцца на яе, але без дыктафону. У выказваньнях прадпрымальнікаў адчуваецца разгубленасьць.​

«Нас проста змусілі ўсё кінуць і сысьці на два месяцы, — зь неахвотай гаворыць адна з гандлярак. — Мы хоць і вярнуліся, аднак, як на іголках тут стаім. У нас ёсьць дакумэнты на тавар, але мы баімося. Як пачнуцца праверкі — а раптам гэтыя дакумэнты і несапраўдныя?

Народ запалоханы. Сытуацыя няпэўная, мо так станецца, што і ня будзем працаваць зноў. Ёсьць боязь, зразумейце нас, што мы можам апынуцца ні з чым. Няма будучыні тут ні ў нас, ні ў нашых дзяцей».

Суразмоўца не разумее, чаму ўлада, якая называе сябе народнай, ідзе супраць настрояў народу:

«Выходзіць, што прэзыдэнт сам па сабе, а народ сам па сабе. А так не павінна быць. Два разы мы зьбіраліся ў аблвыканкаме. Вы ж там былі і бачылі, які народ азлоблены быў. Людзі выказвалі там усё, што думалі. Усё, што ім набалела. Прэзыдэнт аднак не захацеў ісьці нам насустрач. Нават старшыня аблвыканкаму ня выйшаў да нас», — са скрухай адзначае прадпрымальніца.

Гэтак выглядаў гандлёвая пляцоўка рынку, калі дробныя бізнэсоўцы пратэставалі
Гэтак выглядаў гандлёвая пляцоўка рынку, калі дробныя бізнэсоўцы пратэставалі



Наступная прадавачка, пакуль ейныя калегі пратэставалі, выходзіла на працу. Яе палатка сіратліва тады глядзелася на бязьлюдным рынку. Гандлярка ня ўтойвае: стаўленьне да яе тых, хто не выходзіў на працу, было непрыязнае, многія дапікалі яе, што працуе. Тым ня менш, яна адзначае: пакупнікі былі за тых хто пратэставаў:

«Пакупнікоў тады было няшмат і амаль кожны пытаўся, калі запрацуе рынак. Дужа перажывалі за гандляроў, — апавядае бізнэсоўка. — У першыя дні, як апусьцеў рынак, нават пакупнікі праводзілі мітынгі. Былі дужа азлобленыя. Зьбіраліся групамі і выказвалі сваё абурэньне. Я, як магла, супакойвала іх».

Адзін са сходаў прадпрымальнікаў на Віленскім рынку. Грамада пратэстоўцаў, а непадалёк палатка прадпрымальніцы, якая выйшла на працу
Адзін са сходаў прадпрымальнікаў на Віленскім рынку. Грамада пратэстоўцаў, а непадалёк палатка прадпрымальніцы, якая выйшла на працу



Суразмоўніца перакананая, што з часам усе яе калегі выйдуць на працу, бо, як яна зазначае, падзецца ім няма куды. «За нешта ж трэба жыць», — заўважае яна.

«Уладзе цяпер не да прадпрымальнікаў, — працягвае гандлярка. — Вы ж бачыце якія праблемы ў краіне. Ёй усё роўна — што прадпрымальнікі, што дворнікі. Як рукі дойдуць да рынкаў у чыноўнікаў, тады яны і возьмуцца зноў за прадпрымальнікаў».

Наступныя суразмоўцы — двое маладых бізнэсоўцаў — зазначаюць: хоць і выйшлі на працу, але пакупніцкая актыўнасьць дужа нізкая. «Калі гэтак будзе працягваецца, то і рынак гэты ніхто трымаць ня будзе. Зачыняць яго», — прагназуюць яны.

«Мы два месяцы пратэставалі, але толку пакуль ніякага не відаць. Асабіста я і не спадзяваўся на скасаваньне 222 указу. Яго варта было б дапрацаваць з улікам цяперашніх цяжкасьцяў у эканоміцы. Зьменшыць штрафы. У Маскве як: прыяжджаюць гандляры, плацяць за месца і прадаюць свой тавар. Нікога не цікавіць, ці ёсьць на яго дакумэнты. Але калі ў нас адзіная мытная прастора, дык трэба, каб і законы былі агульнымі», — выказвае сваё бачаньне сытуацыі пасьля двух месяцаў прадпрымальніцкага страйку гандляр.

Цяпер гандляроў паболела, аднак не нашмат
Цяпер гандляроў паболела, аднак не нашмат



Для суразмоўцаў застаецца незразумелым, каму патрэбны быў прэзыдэнцкі ўказ, які паралізаваў працу рынкаў і гандлёвых цэнтраў:

«Калі ў вышэйшага кіраўніцтва краіны мэта была зьнішчыць прыватных прадпрымальнікаў, дык незразумела, хто прыйдзе на наша месца, — разважае бізнэсовец. — Калі нейкія гандлёвыя сеткі прыйдуць сюды з Расеі, дык валюту яны будуць вывозіць яшчэ больш, чым мы. Так, мы вывозілі яе, каб тавар набыць, але большую частку сродкаў пакідалі тут. Плацілі падаткі. Пазыцыя ўлады мне падаецца невытлумачальнай».

Віленскі рынак на працягу двух месяцаў быў у Магілёве асяродкам прадпрымальніцкага страйку супраць 222 указу. Многія адзначаюць, што тутэйшы пратэст дробных бізнэсоўцаў быў кепска арганізаваны, і з гэтым пратэстоўцы пагаджаюцца. Тым ня менш, два месяцы, кажуць яны, на пратэст мусіла рэагаваць мясцовую улада. «У аблвыканкаме чыноўнікам давялося выслухаць тое, што думае пра іх народ», — адзначаюць прадпрымальнікі.

Што да акцыі пратэсту, якая прызначаная на 28 лютага, то стаўленьне да яе магілёўскіх прадпрымальнікаў неадназначнае. Некаторыя заяўляюць, што яе арганізуюць апазыцыйныя сілы і толку ад яе будзе няшмат.

«Пагатоў, і пратэстны настрой згасае», — даводзілі дробныя прадпрымальнікі, зь якімі ўдалося пагутарыць.

Непадалёк ад рынку месяц таму праваліўся ходнік. Яміна разрастаецца. «Хутка адрамантуюць, бо прадпрымальнікі выйшлі. Аплацяць працу камунальнікам», — зьедліва выказваюцца мінакі.
Непадалёк ад рынку месяц таму праваліўся ходнік. Яміна разрастаецца. «Хутка адрамантуюць, бо прадпрымальнікі выйшлі. Аплацяць працу камунальнікам», — зьедліва выказваюцца мінакі.



Пакупнікоў на Віленскім рынку няшмат, але мала хто з іх сыходзіць зь яго без набытку. Наведнікі рынку, зь якімі гутарыў журналіст, з палёгкаю адзначалі, што дачакаліся вяртаньня гандлю:

«Вядома ж, кепска, што не працаваў рынак. Я прыйшла на яго, каб майткі патаньней купіць. Калі б у крамах было тое, што купляем мы тут, то бяз рынку маглі абысьціся, але пакуль гэта нерэальна. Простаму чалавеку цяжка выжываць бязь яго. Беларускае дужа дарагое», — выказвала меркаваньне адна з пакупніц.

«Ёсьць пэўныя катэгорыі насельніцтва, у каго дастатак невялікі, і крамнае для іх задарагое, — выказваецца наступны суразмоўца. — Тут на рынку ёсьць розны тавар: і дарагі і таньнейшы. Я падтрымліваю пратэст прадпрымальнікаў і іхныя патрабаваньні. Я займаюся грузаперавозкамі, дык ня выключана, што і да нас дабярэцца ўлада».

«Мне не зусім зразумела, навошта ўлада „замуціла“ гэту сытуацыю. Пакупнікоў пазбаўляюць выбару. Хто хацеў, дык купляў тавар без сэртыфікатаў, а не хацеў, дык не купляў, — далучаецца да гутаркі яшчэ адзін пакупнік. — Цяпер, наколькі я разумею, эканамічная сытуацыя ў краіне няпростая. Патрэбныя дадатковыя сродкі. Але як бы там ні было ўсе гэтыя сэртыфікаты адаб’юцца цаною на пакупніках. На рынку, безумоўна, тавар таньней, чым у краме».

Згодна з 222 указам, прадпрымальнікі могуць гандляваць таварамі лёгкай прамысловасьці, завезенымі з-за мяжы, толькі пры наяўнасьці дакумэнтаў, якія пацьвярджаюць якасьць і паходжаньне тавараў.

Адна з сустрэч прадпрымальнікаў з чыноўнікамі ў аблвыканкаме
Адна з сустрэч прадпрымальнікаў з чыноўнікамі ў аблвыканкаме



У Магілёве два разы дробныя бізнэсоўцы сустракаліся з чыноўнікамі аблвыканкаму. Сходы праходзілі эмацыйна. Незадаволеным гандлярам службоўцы абяцалі, што іх «у крыўду не дадуць». На пытаньні, як ня будзе даваць абласная ўлада крыўдзіць прадпрымальнікаў, канкрэтнага адказу не было. Прадпрымальнікаў інфармавалі, што іхныя патрабавалі перададзеныя ў адпаведныя міністэрствы і ведамствы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG