Пра гэта Радыё Свабода паведаміў начальнік упраўленьня спэцыяльных расьсьледаваньняў Генпракуратуры Сяргей Гарбацюк.
«Вядзецца сьледзтва ў дачыненьні да забойстваў праваахоўнікаў, іх агнястрэльных раненьняў. Правяраецца ўся інфармацыя, якая ёсьць на гэты конт, тыя самыя заявы Бубенчыка яшчэ да фільму. Яго выклікалі, але на допыт ён не зьявіўся», — сказаў Гарбацюк.
«Пытаньне ў тым, што ў лютым 2014 Вярхоўная Рада ўжыла амністыю, і ўсе асобы, якія мелі дачыненьне да любых злачынстваў супраць праваахоўнікаў [падчас Майдану — РС] трапляюць пад амністыю. Крымінальныя справы ў дачыненьні да іх павінны быць зачыненыя. Таму затрымліваць, паведамляць пра падазрэньні мы пазбаўленыя магчымасьці. Адзінае, што мы працуем для таго, каб усталяваць, як яно на самай справе было», — дадаў ён.
Напярэдадні ў Кіеве прэзэнтавалі фільм «Палонныя», прысьвечаны падзеям раніцы 20 лютага 2014. Адзін з герояў «Палонных» Іван Бубенчык распавядае, як застрэліў двух камандзіраў «Беркуту» і параніў іншых байцоў спэцпадразьдзяленьня, каб, паводле яго слоў, спыніць гвалт з іх боку.