Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму з усіх замежных палітыкаў украінцы найлепш ставяцца да Аляксандра Лукашэнкі?


Тры пытаньні для трох аналітыкаў: Уладзімер Глод, Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч.

Юры Дракахруст
Юры Дракахруст

Дракахруст: У студзені ўкраінскі досьледны цэнтар «Рэйтынг» правёў усеўкраінскае апытаньне пра стаўленьне да сусьветных лідэраў. Паводле вынікаў, найлепшае стаўленьне — да кіраўніка Беларусі, яго выказалі 63% рэспандэнтаў. 58% станоўча ацанілі канцлера Нямеччыны Ангелу Мэркэль, 51% — прэзыдэнта Літвы Далю Грыбаўскайце, па 49% сымпатыяў дасталася прэзыдэнту Польшчы Анджэю Дуду і прэзыдэнту ЗША Бараку Абаму. 37% атрымаў казахстанскі лідэр Нурсултан Назарбаеў, ну, і на апошнім месцы з 10% сымпатыяў — прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін.

Станоўчыя ацэнкі Лукашэнкі больш распаўсюджаныя на Поўдні і на Ўсходзе, чым на Захадзе і ў Цэнтры, больш сярод людзей сталага веку і зь нізкай адукацыяй, чым сярод моладзі і асобаў з унівэрсытэцкімі дыплёмамі, больш сярод прыхільнікаў уступленьня Ўкраіны ў Мытны саюз з Расеяй і Беларусьсю, чым сярод прыхільнікаў эўраінтэграцыі і ўступленьня ў НАТО.

Аднак і сярод тых групаў, дзе Лукашэнка менш папулярны, ягоны рэйтынг досыць высокі. Да таго ж краіна ўсё ж адна — з Захадам і Ўсходам, старымі і маладымі, адукаванымі і ня надта, і ў сярэднім беларускі кіраўнік на першым месцы.

Варта адзначыць, што і стаўленьне да беларускага кіраўніка, і яго месца ва ўкраінскім рэйтынгу замежных лідэраў не зьмянілася за амаль паўтара года — паводле апытаньня таго ж агенцтва ў жніўні 2014 году рэйтынг Лукашэнкі быў 62%, і ён таксама быў першы.

Чаму? Здаецца, так не павінна быць. Украіна зьдзейсьніла Эўрамайдан, вялікі гістарычны прарыў да свабоды і Эўропы. Лукашэнка — праціўнік «каляровых рэвалюцыяў», беларусаў увесь час заклінае, што не дапусьціць у Беларусі Майдану — таго, чым украінцы ганарацца.

Пуцін — украінскі антыгерой, вораг, 80% ацэньваюць яго адмоўна. А хто найбліжэйшы саюзьнік гэтага ворага? Лукашэнка.

Напэўна, важную ролю ў такім стаўленьні адыгрывае тое, што, на думку ўкраінцаў, Беларусь — прынамсі, ува ўкраінскім крызісе — ня поўная марыянэтка Масквы. Магчыма, многія ведаюць, што ён выказваўся супраць фэдэралізацыі Ўкраіны, што ня ганіў постмайданных кіраўнікоў Украіны як «фашыстаў», сёй-той, відаць, бачыў яго інтэрвію Савіку Шустэру, дзе найбліжэйшы саюзьнік Расеі казаў — а чаму вы не ваявалі за Крым, за сваю зямлю трэба ваяваць.

Але ня поўная марыянэтка — гэта, здавалася б, даволі няпэўная перавага. ЗША, Нямеччына, Польшча, Літва падтрымлівалі Майдан, яны адназначна сталі на бок Украіны ў канфлікце з Расеяй, увялі адносна Расеі санкцыі, Украіна фізычна выжывае дзякуючы дапамозе менавіта краінаў Захаду. Куды там афіцыйнаму Менску зь яго двухсэнсоўнай пазыцыяй? Чаму ж Лукашэнка з гэтай пазыцыяй — першы, а лідэры тых краінаў, якія на баку Ўкраіны, — ніжэй?

Яшчэ адно тлумачэньне: Лукашэнка — міратворац, гаспадар сталіцы, дзе былі заключаныя менскія пагадненьні, якія, пры ўсіх іх недахопах, уратавалі Ўкраіну ад ваеннай катастрофы і страты значна большай тэрыторыі. Але тлумачэньне не пасуе — рэйтынг Лукашэнкі ў жніўні 2014 году быў такі самы, як і цяпер.

Дык у чым жа справа? Магчыма, у тым, што гэты рэйтынг беларускага кіраўніка — своеасаблівае люстэрка ўкраінскага грамадзтва, вельмі адрознае ад паэтычнай карціны Майдану. Майдан быў супраць алігархічнага панаваньня, супраць «беспредела» каманды Януковіча. Ну, і каго свабодная, рэвалюцыйная краіна абрала сваім лідэрам на свабодных выбарах пасьля рэвалюцыі? Алігарха, які за два гады да таго быў чальцом, міністрам той самай каманды.

Гэта зусім не ў папрок, толькі да таго, што ўкраінцы — усё ж постсавецкі народ. Сапраўды — свабодалюбівы, сапраўды — вельмі праэўрапейскі. Але «праэўрапейскі» — не азначае эўрапейскі, гэта ня немцы і нават не палякі. Лукашэнка — сусед, усходні славянін, ягоныя хітрыкі, ваганьні паміж Расеяй і Захадам, яго гульні з Масквой украінцам мэнтальна зразумелыя і блізкія. Урэшце, на іншым узроўні, але ў падобную гульню хіба не гулялі ўсе папярэднія лідэры незалежнай Украіны, пачынаючы з 1991 году? Не, для знаных палітолягаў і экспэртаў, для палітыкаў і палітычных аглядальнікаў, вядома, не. Ну, а для народнай масы — так: яна рэагуе на тэмбар голасу, а не на словы. І часам правільна.

Ну, і — парадак. Украінцы ў гэтым сэнсе амбівалентная нацыя. Самая свабодалюбівая з трох усходнеславянскіх. Але і з марай, прагай пра правільнае, справядлівае, упарадкаванае жыцьцё. Нават лёзунг украінскіх нацыяналістаў «Бандера прийде — порядок наведе» — ён пра што? Не свабоду ўсталюе, не ў Эўропу прывядзе, не маскалёў усіх пераб’е — «порядок наведе». З гэтым на Кіеўскай Русі былі праблемы адвеку, нават да Рурыка, уласна, яго і запрашалі, як вядома зь летапісаў, з тае нагоды, што «зямля наша вялікая і багатая, а парадку ў ёй няма». З таго ж, дарэчы, надзвычайная папулярнасьць у сучаснай Украіне былога прэзыдэнта Грузіі, цяпер адэскага губэрнатара Міхаіла Саакашвілі, скажам мякка, ня самага выбітнага дэмакрата ў сьвеце.

Гледзячы па ўсім, у Лукашэнку ўкраінцы бачаць нешта падобнае — парадак навёў. Іншая справа, што гэта ў значнай ступені вобраз, пагалоска, а ня ўласны вопыт, самі б яны ад такога парадку ўзвылі б і паднялі б такога кіраўніка на вілы. Але калі ў суседзяў — дык прыгожая мара. Яно зразумела, у тых жа немцаў ці нават палякаў парадку, можа, і болей, і без дыктатуры, як у Беларусі. І ўкраінцы гэта разумеюць. Але хацець быць Эўропай і быць Эўропай — крыху розныя рэчы. Польшча, Нямеччына — узоры жаданыя, але далёкія і не зусім зразумелыя. А Беларусь — зразумелая.

Першае месца Лукашэнкі ўва ўкраінскім рэйтынгу замежных лідэраў многае тлумачыць у тых падзеях, якія адбыліся ва Ўкраіне зь лютага 2014 году.

Уладзімер Глод
Уладзімер Глод

Глод: Разважаньні абсалютна дакладныя, хоць я б так не ўскладняў. Як людзей апытвалі? Ну вось ляжыць сьпіс прозьвішчаў. Чалавек думае: што я чуў пра Лукашэнку? Што ён гаварыў пра Ўкраіну? Супраць падзелу Ўкраіны выступаў? Выступаў. Казаў, што нельга бурыць Украіну. Прыемна ўкраінцам гэта пачуць? Безумоўна. Не дазволім скарыстаць тэрыторыю Беларусі для пляцдарму расейскіх вайскоўцаў. Прыемна пачуць? Прыемна. А тое, што я б ніколі не аддаў Крым расейцам, а ваяваў бы за яго, казаў Лукашэнка? Гэта ж таксама, як кажуць, бальзам на раны жыхарам Украіны. Арганізаваў менскі фармат па Ўкраіне хто? Лукашэнка. Як жа яго не любіць! Далей эканамічны аспэкт. Украіна — другі гандлёвы партнэр Беларусі. Прадаюць ва Ўкраіну танныя беларускія тавары? Прадаюць. Бэнзін ва Ўкраіне чый? У значнай частцы — беларускі. Беларусы езьдзяць у Чарнігаў на закупы? Езьдзяць. Пакідаюць там даляры і эўрыкі? Пакідаюць. Для ўкраінцаў гэта добра? Канечне, добра.

Праўда, ёсьць факты зусім адваротныя. Але пра іх мала хто ведае, пра іх ня згадваюць. Галоўны, на мой погляд, такі. Калі ў ААН галасавалі за рэзалюцыю, якая асуджае Расею за захоп Крыму, хто выступіў супраць? З былога СССР толькі тры краіны — Расея, што само сабой зразумела. А таксама Беларусь і Армэнія. Азэрбайджан, напрыклад, галасаваў «за». Нават Казахстан і Таджыкістан, тыя ж партнэры Расеі, знайшлі выйсьце — яны проста ня ўдзельнічалі ў гэтым галасаваньні. А Лукашэнка загадаў Расею падтрымаць. Але зноў жа — ці шмат хто са звычайных украінцаў пра гэта ведае?

Дракахруст: Усё пазнаецца ў параўнаньні. Я паглядзеў, як адказваюць на гэтае пытаньне палякі, хто самы папулярны замежны палітык — Лукашэнкі і блізка там няма. Гэта проста па-за ўяўленьнямі палякаў, што Лукашэнка можа мець якое значэньне. Выказваньні Лукашэнкі — гэта рыторыка, а вось Мэркель сапраўды змагаецца супраць акупантаў. Яна ўводзіць санкцыі, яна рэальна падтрымлівае ўкраінцаў — але яна другая. А Лукашэнка першы, чаму?

Глод: Таму што былі разам у СССР, у адрозьненьне ад Нямеччыны і Польшчы.

Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Карбалевіч: Да Майдану Лукашэнку лічылі ва Ўкраіне абсалютнай марыянэткай Масквы. І раптам здарылася прыемная для ўкраінцаў нечаканасьць. Лукашэнка заняў пазыцыю нэўтралітэту. Прычым добразычлівага нэўтралітэту. Ён сустракаецца з украінскім кіраўніцтвам, едзе ў Кіеў на інаўгурацыю Парашэнкі, пастаўляе ва Ўкраіну нафтапрадукты, тэхніку і абсталяваньне для ўкраінскага войска.

Менск — пляцоўка для перамоваў аб урэгуляваньні ўкраінскага крызісу — тут Лукашэнка ў выглядзе міратворцы.

Нешта падобнае адбылося з адносінамі Грузіі да Беларусі. Саакашвілі актыўна падтрымліваў беларускую дэмакратычную апазыцыю, каб дапамагчы зрынуць маскоўскую марыянэтку. Але пасьля таго, як Менск не прызнаў незалежнасьць Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі, стаўленьне Саакашвілі і грузін да Лукашэнкі рэзка памянялася, былы грузінскі прэзыдэнт нават абараняў беларускага лідэра на Захадзе.

Акрамя таго, украінцы бачаць у Лукашэнку і Беларусі тое, што хацелі б бачыць у сябе. Лукашэнка — моцны лідэр, чаго бракуе ва Ўкраіне (з гледзішча абывацеля).

У Беларусі Лукашэнка збудаваў моцную дзяржаву, што зьяўляецца вялікім дэфіцытам ва Ўкраіне. Гэта асабліва выявілася падчас агрэсіі Расеі, калі высьветлілася, што ў краіны няма ні войска, ні міліцыі, ні службы бясьпекі.

У Беларусі парадак, а ва Ўкраіне — рэзрух. У Беларусі няма алігархаў, а ва Ўкраіне — яны галоўнае зло. Вось таму і такі вынік.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG