Перамовы Расеі і ЗША аб скарачэньні ядзерных узбраеньняў не ўяўляюцца магчымымі - з такой заявай выступіў намесьнік міністра замежных спраў Расеі Сяргей Рабкоў. У Маскве лічаць неабходным падключэньне да такога дыялёгу ўсіх краін, якія валодаюць ядзернай зброяй.
Рабкоў абвінаваціў Вашынгтон у тым, што ЗША самі дэстабілізуюць сытуацыю, у прыватнасьці, стварэньнем сыстэмы супрацьракетнай абароны.
Напярэдадні дарадца прэзыдэнта ЗША па нацыянальнай бясьпецы Сюзан Райс заклікала Расею да аднаўленьня перамоваў аб далейшым скарачэньні ядзерных патэнцыялаў. Райс выступіла са зваротам да Масквы 5 лютага, у пятую гадавіну падпісаньня Дагмовы паміж Расеяй і ЗША аб мерах па далейшым скарачэньні і абмежаваньні стратэгічных наступальных узбраеньняў, СНВ-III. Дамова была падпісаная прэзыдэнтамі ЗША Баракам Абамам і Расеі Дзьмітрыем Мядзьведзевым у красавіку 2010 году і ўступіла ў сілу 5 лютага 2011 году. Дагавор разьлічаны на 10 гадоў з магчымым яго падаўжэньнем на пяць гадоў па ўзаемнай дамоўленасьці бакоў.
Дакумэнтам прадугледжана скарачэньне ядзерных боезарадаў да 1550 адзінак, міжкантынэнтальных балістычных ракет, балістычных ракет падводных лодак і цяжкіх бамбавікоў - да 700 адзінак для кожнай з абедзьвюх краін.
Дагавор зьмяніў дамову СНУ-I, якая скончылася ў сьнежні 2009 году. У заяве дарадцы Белага дома па нацыянальнай бясьпецы Крамлю прапануецца адказаць на выказаную прэзыдэнтам ЗША пяць гадоў таму ідэю пра пачатак перамоваў па далейшым скарачэньні ядзерных арсэналаў ЗША і Расеі.