У Менску адбудзецца прэзэнтацыя кнігі вершаў Уладзімера Высоцкага «Пра жыцьцё, пра волю, пра сябе...» у перакладах Міхася Булавацкага.
У кнігу ўвайшлі і сур’ёзныя творы, такія як «Кони привередливые» ці «Я несла свою беду», і жартаўлівыя, напрыклад «Весёлая покойницкая».
Перакладчык Міхась Булавацкі распавёў Свабодзе, чым Уладзімер Высоцкі зьвязаны зь Беларусьсю і чаму варты быць перакладзеным на беларускую мову:
«Высоцкі праяжджаў празь Беларусь, калі езьдзіў з Марынай Уладзі ў Парыж. Але ён часта бываў у Беларусі і зь іншай прычыны — таму што здымаўся тут у фільмах Віктара Турава. Напрыклад, Высоцкі быў у Магілёве зь Віктарам Туравым. А фільмы зь яго ўдзелам здымаліся каля Наваградку. Да 70-годзьдзя барда, дарэчы, у Наваградку паставілі бюст Высоцкага — праўда, адкрыцьцё было вельмі сьціплае, без журналістаў. Улады не хацелі рабіць гучнае мерапрыемства, а варта было б, таму што асоба Высоцкага вельмі прыкметная. У Берасьці, дзе калісьці жыў дзед Уладзімера Высоцкага, у канцы 2015 году прайшоў Міжнародны бард-форум імя Высоцкага, а ў гатэлі „Буг“ адчынілі музэйны пакой сьпевака. Таму я лічу, што мясьцінаў, зьвязаных з Уладзімерам Высоцкім, у Беларусі шмат і ён цікавы для нас чалавек».
Міхась Булавацкі адзначае, што тэксты Высоцкага застаюцца актуальнымі для Беларусі, як былі актуальныя ў СССР часоў застою:
Цяпер Беларусь — самая закаранелая частка СССР. Таму ў сучаснай Беларусі песьні Высоцкага актуальныя як нідзе і ніколі.
«Песьні Высоцкага былі вельмі актуальныя ў Савецкім Саюзе. Менавіта з-за гэтых песень яго не любілі ўлады. Высоцкага не паказвалі па тэлебачаньні, ён не гучаў па радыё, дый у фільмы стараліся яго не пускаць, хоць гэта і ня вельмі атрымлівалася. Але Высоцкага добра ведалі праз магнітафонныя запісы. Няякасныя, самаробныя, але яны давалі магчымасьць пашыраць яго творчасьць. Цяпер Беларусь — самая закаранелая частка СССР. Таму ў сучаснай Беларусі песьні Высоцкага актуальныя як нідзе і ніколі».
Перакладчык узгадвае, як раскупляліся квіткі на канцэрт Высоцкага, які прайшоў у Менску ў 1979 годзе:
«У часы СССР у Беларусі Высоцкі быў надзвычай папулярны. Білеты на канцэрт, які прайшоў за год да яго сьмерці, у 1979 годзе, разыходзіліся імгненна. А старшыню таварыства кнігалюбаў праектнага інстытуту Льва Лісіцу судовымі органамі БССР асудзілі на 8 гадоў пазбаўленьня волі — за арганізацыю канцэрту. Цяпер, безумоўна, хваля папулярнасьці Высоцкага спала — таму што ён больш не забаронены, слухай колькі хочаш. Але ўсё адно — і постаць Высоцкага, і яго творчасьць карыстаюцца вялікай увагай».
У прэзэнтацыі кнігі возьме ўдзел бард Зьміцер Бартосік, які прасьпявае некалькі песень Высоцкага ў перакладзе Міхася Булавацкага.
Зьміцер Бартосік адзначыў, што пераклад вершаў Высоцкага ўзбагаціць беларускую мову — у сваёй творчасьці сьпявак выкарыстоўвае нечаканыя жарганізмы, прастамоўе і вулічную лексыку:
«Я ня ведаю, ці дадае пераклад на беларускую мову нешта паэзіі Высоцкага. Але гэта вельмі нямала дадае самой беларускай мове. Высоцкі — вельмі нязручны і паэт, і сьпявак. Для перакладчыка ён вельмі цяжкі аўтар. Таму што так, як працаваў з расейскай мовай Высоцкі, рэдка хто працаваў. У яго вельмі шмат жарганізмаў, вулічнай простанароднай лексыкі. Пры гэтым ён так па-майстэрску ёй жангліруе. Зразумела, што для перакладчыка гэта вельмі цяжка. Але і цікава. У той жа час цікава і назіраць за тым, як з гэтай задачай спраўляецца перакладчык. А рамантычныя песьні рыцарскага цыклю Высоцкага ніколі ня будуць лішнімі ў ніводнай культуры — ні ў латыскай, ні ў польскай, ні тым больш у беларускай. У гэтых песьнях вядзецца гаворка пра паўстаньне, пра рыцарскія баі».
Прэзэнтацыя кнігі «Пра жыцьцё, пра волю, пра сябе...» пройдзе 4 лютага а 19-й у Кнігарні «логвінаЎ» (пр. Незалежнасьці, 37а).
Адзін зь вершаў Уладзімера Высоцкага ў перакладзе Міхася Булавацкага:
Кони привередливые
1972 |
Коні наравістыя
|