Аўтарытэтны расейскі часопіс The New Times 1 лютага апублікаваў артыкул, прысьвечаны старэйшай дачцэ Ўладзімера Пуціна — Марыі.
Афіцыйнай рэакцыі на публікацыю няма. The New Times спасылаецца ў ёй пераважна на ананімныя крыніцы і зьвесткі з інтэрнэту.
Паводле выданьня, старэйшая дачка Пуціна жыве ў Маскве ў элітным доме на Навінскім бульвары, побач з амбасадай ЗША ў Расеі. Дом пад узмоцненай аховай спэцслужбаў. Па словах ягоных жыхароў, строгі прапускны рэжым увялі пасьля зьяўленьня маладой бляндынкі, якая езьдзіць на джыпе зь мігалкай у суправаджэньні целаахоўнікаў. Дата нараджэньня бляндынкі цалкам супадае з выяўленымі дадзенымі старэйшай дачкі расейскага прэзыдэнта Марыі.
Паводле інфармацыі The New Times, дачка Пуціна раней карысталася дакумэнтамі на імя Варанцовай. Марыя Ўладзімераўна Варанцова вучылася ў МДУ з 2006 па 2011 год на факультэце фундамэнтальнай мэдыцыны (ФФМ). Як адзначае выданьне, мяркуючы па фатаграфіях у інтэрнэце, дзяўчына вядзе жыцьцё вельмі забясьпечанай лэдзі: шмат падарожнічае па сьвеце, катаецца на дарагіх яхтах і наймае за мяжой пэдагогаў.
МДУ Марыя Ўладзімераўна скончыла з чырвоным дыплёмам, потым паступіла ў асьпірантуру. Друкавалася ў часопісе «Праблемы эндакрыналёгіі». У навуковага кіраўніка Марыі Ўладзімераўны якраз у гэтыя гады стаў назірацца рэзкі рост па службовай лесьвіцы, а ягонага сына прызначылі судзьдзёй ад РФ у ЭСПЧ у Страсбуры.
Паводле дадзеных СМІ, Марыя Ўладзімераўна замужам за галяндзкім бізнэсмэнам Ёрытам Ёостам Фаасэнам і цяпер носіць яго прозьвішча. У Маскву Фаасэн прыехаў 15 красавіка 2006 году, з 2007 году ён пачаў працаваць у ААТ «Газпром» дырэктарам па разьвіцьці бізнэсу. Апошняе месца працы Фаасэна — намесьнік старшыні рады дырэктараў кансалтынгавай кампаніі «МЭФ Аўдыт». Як распавядаюць супрацоўнікі «МЭФ Аўдыт», галяндзец езьдзіць па Маскве на джыпе зь мігалкай і ў суправаджэньні целаахоўніка з ФСА.
У апошнія некалькі гадоў Марыя Ўладзімераўна нарадзіла дачку і стала кандыдатам мэдычных навук.
Што тычыцца інтарэсаў меркаванай дачкі Пуціна, то ёй падабаюцца фільмы «Матрыца», «Дзюна», «Шакаляд», ангельская тэлеперадача «Маленькая Брытанія», а ў ліку ўлюбёных пісьменьнікаў — Герман Гесэ, Олдас Гаксьлі і Артур Голдэн.