Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кропкi над Б(ахарэвічам)


Павел Абрамовіч
Павел Абрамовіч

Перад чытаньнем новага раману Альгерда Бахарэвіча лепш вызначыцца, як вы ставіцеся да гендэрных праблемаў у беларускім грамадзтве і ці жадаеце вы чытаць аб гэтым у мастацкай прозе.

Калі я запытаўся ў сваёй жонкі, ці ёсьць у яе жаданьне прачытаць сучасны раман аб фэміністках, яна дала адмоўны адказ. «У „Шчыгле“ Доны Тарт ёсьць фэмінізм? А ў аповесьцях Горана Пэтравіча?» — запыталася жонка, апэлюючы да сваіх любімых пісьменьнікаў. І адзначыла, што, паводле яе меркаваньня, у Беларусі здавён цягнецца матрыярхат. «Але і пра сучаснае пакаленьне беларускіх мужчынаў, узгадаваных матулямі, мне б таксама не хацелася чытаць» — дадала яна. І, сканчаючы малацікавую тэму, прывяла контраргумэнт: «Тое, што Нобэлеўскую прэмію па літаратуры выйшла атрымліваць беларуска ў штанах — ці не чарговая перамога нашых жанчын? Пра тое, як Прадслава, будучая Эўфрасіньня Полацкая, адпрэчыла волю свайго бацькі дый яшчэ родную сястру ў манастыр за сабой зьвяла, я табе зараз нагадваць ня буду».

Я не падабцасьнік які-небудзь, але таксама лічу: у Беларусі ўладараць жанчыны, іх воля нічым сур’ёзна не абмежаваная. Яны гадуюць дзяцей, распараджаюцца сямейнымі бюджэтамі, плянуюць агульны адпачынак, ведаюць, дзе і што ляжыць у хаце, і як лепш падступіцца да будаўніцтва лецішча. Нават могуць сьмела сваіх мужыкоў зьбіць на горкі яблык альбо дапамагчы міліцыі затрымаць рабаўніка. Ці ў якасьці галоўнага бухгалтара «паставіць на месца» дырэктара прадпрыемства, калі ён дасьць нягеглыя распараджэньні наконт фінансаў. Карацей, калупні толькі пальцам якога мужчыну, і пабачыш, што зьлеплены ён жанчынай. Як казала на нашым вясельлі адна ружовашчокая маладзіца: «Муж — галава, а жонка — шыя. Куды шыя паверне, туды і галава глядзець будзе!». Ну а тое, што ў нас у парлямэнце ці ў якім міністэрстве мала прадстаўніц «слабога полу», то факт гэты, мяркую, сьведчыць толькі аб тым, што беларускі здавён прызвычаіліся кіраваць як шэрыя кардыналы, быць сапраўды шыяй, а не галавой. І дзе б апынуўся вялікі князь літоўскі Вітаўт, калі б дзьве жанчыны не ўратавалі яго ад Ягайлавага палону?..

Гэтыя думкі і пытаньні віравалі ў маёй галаве, калі чытаў новы раман Альгерда Бахарэвіча «Белая муха, забойца мужчын». Даводзілася прыкладаць пэўныя намаганьні, каб маё асабістае стаўленьне да праблемы ўзаемаадносінаў палоў у Беларусі не ператваралася ў прадузятасьць, не перашкаджала нармальнаму ўспрыняцьцю раману Бахарэвіча. (У часе чытаньня іншым разам мне здавалася, што пісьменьніка ўзяла ў палон групоўка FEMEN і, пагражаючы фізычнай расправай ці сэксуальным гвалтам, прымусіла стварыць гэты тэкст-маніфэст.) Бо жыцьцё, як і літаратура, ёсьць суіснаваньнем адрознасьцяў; важна ўлічваць меркаваньні іншых, чуць іх галасы. І калі аднаму чытачу зусім ня хочацца бачыць гендэрную праблематыку ў літаратуры, бо ён лічыць гэта справаю публіцыстыкі, то іншы толькі і чакае, каб зьявілася нешта новае накшталт зборніка апавяданьняў «Жанчыны выходзяць з-пад кантролю» (Логвінаў, 2007), каб існы жыцьцёвы канфлікт набыў менавіта мастацкае пераўвасабленьне.

Бахарэвіч малюе — шырокія мазкі, непрывабныя колеры — нашу родную Краіну Замкаў, дзе нібыта мячом і агнём, і жалезнай воляй (упярэмешку з моцнымі мацюкамі) здавён кіруюць мужчыны, раўняючы з плоскай зямлёю беларускай годнасьць і мары жанчын. Фэмінізм? Не, мы, здаровая нацыя, пра тое вычварэньне ня чулі! О, я люблю гэтага пісьменьніка за кіпучы гнеў і злосьць, якія імкліва пераліваюцца зь яго душы ў ягоную мову, маўленьне і тэксты. Праўду кажуць: стыль — тое чалавек, хоць зьнешне Бахарэвіч і падобны на бяскрыўднага мэлянхоліка, а не таго, хто зьвяргае асновы, імкнецца, калі не зьмяніць, то перапісаць Гісторыю, а таксама падручнік па беларускай мове. Адзін зь яго галоўных пэрсанажаў, такі ж самы беларускі літаратар, даводзіць, што гук «ф» не ўласьцівы нашай мове і, калі ён літаральна лез на нашу зямлю, яго нішчылі, ператваралі ў «хв», у «п», у пыл: «„Хвэмінізм“ — гэта было сьмешна і бяскрыўдна. Таму ніхто тут не казаў пра „хвэмінізм“ — няма сур’ёзнай зьявы, няма слова, а няма слова — няма праблемы».

Пэрсанаж Бахарэвіча мусіць зьмяніць мысьленьне і разбурыць свой пэрсанальны мужчынскі Замак — паступова тая справа робіцца неадкладнай жыцьцёвай патрэбаю для яго. Але разам з тым ён па-ранейшаму прагне непадзельна валодаць маладой жанчынай па мянушцы «Босая», якая ачольвае групу тэрарыстак, што кінулі выклік Краіне Замкаў. Зь яго боку гэта жарсьць, гэта каханьне ў абліччы двухсэнсоўных ролевых гульняў зь белымі жаночымі калготкамі, зацягнутымі на шыі: пэрсанаж то хоча дамінаваць у стасунках, выбіваючы на першым ранішнім сьнезе пыл ці то з кабеты, ці то з дывана («Што ты ўяўляеш сабе, калі б’еш?»), то жадае ператварыцца ў маленькага Гулівэра ў драўлянай скрыні, якая ляжыць на голых каленях веліканкі, марыць навучыцца ў тэрарыстак вольнасьці рухаў і ўчынкаў.

Надзвычай цікава назіраць за барацьбой супрацьлегласьцяў, цёмным і сьветлым бокам адной душы — тут выяўлена мастацкая глыбіня, і псыхалягізм. Дарэчы, калі вы заўважылі, стасункі між мужчынскім і жаночым пачаткам ужо рабіліся адным з галоўных прадметаў дасьледаваньня у папярэдняй кнізе Бахарэвіча, «Дзецях Аліндаркі». Але там гэтая тэма выкладалася па-іншаму, бо пэрсанажамі былі брат і сястра. Без аніякіх «эдыпавых» падтэкстаў: дзяўчынка сымбалізавала мову, ідэю, а хлопчык — зямны пыл і друз, матэрыю. Тады як у «Белай мусе, забойцы мужчынаў» дзьве стыхіі, інь і ян, варагуюць адчайна, да крыві — аніякай гармоніі альбо энэргетычнага саюзу ня будзе, тут табе, братка, не Кітай, каго хочаш — выбірай.

Бахарэвіч моцна зьмяніўся за апошнія гады як пісьменьнік — і ў лепшы бок. Яго новыя кнігі робяцца больш сюжэтнымі, выразна-кінэматаграфічнымі, набываюць дынамізм, інтрыгу і... значна шырэйшую аўдыторыю. Сапраўды, тыя ж «Дзеці Аліндаркі» дзякуючы абранай форме (прыпавесьць) будуць зразумелыя і прасунутым беларускім тынэйджэрам, прычым ня толькі з Коласаўскага ліцэю, і састарэлым на дзяржслужбе супрацоўнікам ЗАГСу ці пашпартнага аддзелу. Бо казка, хоць і мана, затое для ўсіх пакаленьняў падыходзіць, і сэнс пасланьня выразны: Мова шчэ зьявіцца па вашу душу, і вы падавіцеся сваім Языком, юды. Але галоўнае, раманы Бахарэвіча робяцца складанейшымі з пункту гледзішча Vernunft (Розуму) і Geist (Духу), а таксама з боку кампазыцыі і стылістыкі; гісторыі пачынаюць штораз шчыльней пераплятацца між сабою, і вось ужо пэрсанажы Бахарэвіча свабодна пераходзяць з адной яго гісторыі ў іншую. У той жа час пісьменьнікам засвоена новае правіла: «кожная сапраўдная гісторыя мусіць скончыцца нічым, каб пакінуць месца для новай, яшчэ больш сапраўднай». Дала плён вучоба ў нямецкіх рамантыкаў і ірляндзкіх мадэрністаў.

Ці трэба нам цяпер сherchez la femme? Альбо выпраўляць відавочныя памылкі Бахарэвіча, які, прыкладам, піша, што туфлікі на высокім абцасе — «нелягічны, прыдуманы мужчынамі абутак» (насамрэч той абутак «распрацавала» карантышка мадам Пампадур, фаварытка Людовіка XVI)? Я б не хацеў нікога з чытачоў схіляць на свой бок, то бок шчэ раз паўтарацца, што мужчыны — гэта галовы, і адмахніцеся вы, людзі, ад гэтай Белай мухі ці лепш плясьніце па ёй далоньню ці ружовай выбівалкай, праявіце нарэшце характар і волю. Але зьмены ў пісьменьніку адбываюцца, і вось ужо замест оды Шабанам чытаем у новай кнізе хваласьпеў Зялёнаму Лугу, які пачынаецца зь вялікай літары «о», адбітай коскай, і на раёне тым уладарыць пастаральная ідылія, тут дрэвы восеньню позна жаўцеюць, а бялізна спрэс сушыцца на ветры. Адкінем нарэшце жартачкі: зьмены шырацца і паглыбляюцца паступова. Ім шчэ далёка да геасфэры Бахарэвіча, ядра плянэты, каб прывесьці да выбуху альбо якіх іншых радыкальных зьменаў, у выніку якіх ня толькі Замак узьляціць у паветра — прыдаўся ўсё-ткі некаму практычны дапаможнік па руйнаваньні гарадоў і зьмене клімату на асобнай плянэце.

Так, Бахарэвіч пасталеў, стаў больш дасьведчаным у сваёй пісьменьніцкай справе — «не мальчик, но муж». Але хоць яго выбуховы талент і скіраваны цяпер супраць мужчынска-шавіністычнай гідры кансэрватызму Kinder, Küche, Kirche, Бахарэвіч па-ранейшаму кіруе ўласным стылем, і кропкі ставіць зарана, і разьвешваць ярлыкі таксама. У «Белай мусе, забойцы мужчынаў» ёсьць усё тое, за што гэты пісьменьнік выклікае павагу і ўдзячнасьць чытачоў. Найперш, ёсьць дзеясловы: уменне распавесьці цікавую, багатую сэнсамі, гісторыю з выразным нацыянальным націскам у словах; здольнасьць адным хуткім, моцным рухам выбіць табурэтку з-пад маладзенькай беларускай нацыі, якая зьбіралася з вышыні пісклява прадэклямаваць вершык «Мы, беларусы — мірныя людзі...»; майстэрства даць тыпажы, ажывіць пэрсанажаў — пераважна, землякоў-сУчаснікаў, бездакорных у сваёй пошласьці і агіднасьці, і ўпэўненым праве «людзьмі звацца» (прывітаньне, Галіна Вітольдаўна Бабец, можна вашу візітоўку?), а таксама прыроджаны навык не згубіцца сярод чужых тэкстаў, шчырая асобасная інтанацыя, чутная нават з глыбіні: «Іншыя ў маім узросьце ўжо абавязкова чымсьці камандуюць, камусьці загадваюць — а я ўсё кудысьці не туды, і чуецца мне нешта ня тое. А зіма ўсё ніяк ня скончыцца. А рана на Йвана. А ў нас сягоньня кошка. А захочаш бегчы — няма куды. А тралейбус едзе штуршкамі, рыўкамі, а тралейбус галоднымі вые ваўкамі, а сядзеньні цвёрдыя, быццам камень, сьпіны мяккія, як зямля...»

А Белая муха — яна цяпер лётае недзе на ўзгорку поруч з Плачкай, і ім ніколі не заснуць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG