З новага году зьяўляюцца ўсё новыя прыкметы паглыбленьня сацыяльна-эканамічнага крызісу ў Беларусі. Што адбываецца на фінансавым рынку? Як крызіс уплывае на дабрабыт насельніцтва? Чаму ўлада нічога не тлумачыць?
Гэтыя пытаньні абмяркоўваюць за круглым сталом «Экспэртызы Свабоды» фінансавы аналітык кампаніі «Альпары» Вадзім Іосуб і дасьледчык аналітычнага цэнтру CASE-Belarus Уладзімер Акуліч.
Што адбываецца на фінансавым рынку?
Валер Карбалевіч: «На фінансавым рынку Беларусі адбываюцца працэсы, якія, здаецца, можна лічыць першымі прыкметамі панікі. Ужо каторы дзень валіцца абменны курс беларускага рубля. З пачатку году ён дэвальваваўся на 5%. Банкі сталі задзіраць курс продажу валюты, адхіляючыся ад афіцыйнага курсу аж на 4%, што шмат. Некаторыя банкі нават уводзяць пэўныя абмежаваньні на набыцьцё валюты. Насельніцтва здымае банкаўскія ўклады, і гэты працэс паскараецца. Чаму менавіта фінансавы рынак найхутчэй рэагуе на эканамічны крызіс?»
Вадзім Іосуб: «Ня стаў бы маляваць тое, што адбываецца на фінансавым рынку, у такіх чорных колерах. Справа ў тым, што зь лета мінулага году кошт валютнага кошыка ў нас практычна не мяняўся. Вагаліся толькі асобныя валюты ў кошыку. Напрыклад, даляр рос, а расейскі рубель падаў. З пачатку году беларускі рубель зьнізіўся к кошыку на 2,7%. Гэта няшмат. Але гэта натуральная рэакцыя на эканамічныя складанасьці.
А зьняцьцё банкаўскіх укладаў — натуральны працэс пасьля прыняцьця дэкрэту № 7, які перафарматаваў рынак дэпазытаў. У першую чаргу здымаюцца кароткатэрміновыя дэпазыты, якія не маглі прынесьці заўважнай карысьці эканоміцы.
Іншае пытаньне, што тыя рублі, якія ўкладчыкі здымаюць з дэпазытаў, трапляюць на валютны рынак, людзі купляюць валюту, і гэта ўплывае на зьніжэньне абменнага курсу беларускага рубля».
Уладзімер Акуліч: «Зь мінулага году Нацбанк перайшоў да плаваючага абменнага курсу. Таму мы бачым адлюстраваньне эканамічных працэсаў на абменным курсе пры мінімальных валютных інтэрвэнцыях. На тле падзей на ўсясьветных рынках тое, што адбываецца на беларускім рынку, — гэта нармальныя працэсы. Таму таксама я б не згушчаў фарбы.
Скарачэньне рублёвых дэпазытаў адбываецца ўжо пяць месяцаў, а скарачэньне валютных дэпазытаў — зь лістапада. Таму я б ня звальваў усе гэтыя факты ў адну кучу».
Як крызіс уплывае на дабрабыт насельніцтва?
Карбалевіч: «Крызіс ужо моцна ўдарыў па дабрабыце насельніцтва. Ліквідавана 15 падатковых ільгот. І гэта, напрыклад, вылілася ў павышэньне коштаў на газ і электрычнасьць для насельніцтва на 20%. Павысіліся цэны на гарадзкі транспарт. Кошт праезду па чыгунцы павялічваецца на 33%. Тарыфы на платныя паслугі дзяржаўных мэдычных устаноў павысіліся на 25–30%. Улады адмянілі рэгуляваньне цэнаў на сацыяльна значныя тавары, што прывядзе да іх росту. Памочнік Лукашэнкі Кірыл Руды выказаўся за скарачэньне дэкрэтных адпачынкаў для жанчын з трох да двух гадоў. Як можна гэта пракамэнтаваць?»
Акуліч: «Спынюся на апошнім пытаньні. Дасюль Беларусь займала чацьвёртае месца ў сьвеце па працягласьці дэкрэтнага адпачынку жанчын. Крызіс набірае абароты, зьмяншаюцца рэсурсы дзяржавы па выкананьні сваіх сацыяльных функцыяў.
Але гэтую ідэю нельга рэалізоўваць хутка з эканамічнага гледзішча. Бо цяпер у дэкрэтным адпачынку 300 тысяч жанчын. І скарачэньне гэтага адпачынку з 3 да 2 гадоў прывядзе да таго, што на рынак працы аднамомантна выйдзе каля 100 тысяч жанчын. І гэта можа рэзка павялічыць узровень беспрацоўя».
Іосуб: «У крызіс заўсёды дабрабыт насельніцтва пагаршаецца. Скарачаюцца заробкі. Ва ўладаў няма рэсурсаў, каб падтрымліваць ранейшы ўзровень жыцьця. Добра, што ўлады не друкуюць пустыя грошы».
Чаму ўлада нічога не тлумачыць?
Карбалевіч: «Наколькі рацыянальныя ў гэтых умовах паводзіны ўладаў? Падаецца, кіраўнік дзяржавы, іншыя афіцыйныя асобы павінны былі б нешта тлумачыць насельніцтву. А яны ў асноўным маўчаць, робяць выгляд, што нічога не адбываецца. Дзяржаўныя мэдыі больш апавядаюць пра падзеньне індэксаў на ўсясьветных рынках, чым пра сытуацыю ў беларускай эканоміцы. У першыя дні новага году галоўнай палітычнай падзеяй на беларускіх тэлеканалах быў калядны хакейны турнір, перамога на ім каманды прэзыдэнта. Ці правільная інфармацыйная палітыка ўладаў?»
Акуліч: «Я б не сказаў, што ўлада замоўчвае праблемы. Афіцыйныя асобы нешта камэнтуюць. Але, сапраўды, апошнія дні, калі падае абменны курс рубля, Нацбанк нічога не камэнтаваў. Хоць трэба адзначыць, што новае кіраўніцтва Нацбанку праводзіць актыўную палітыку, шмат тлумачыць і камэнтуе».
Іосуб: «Я бачу тут шэраг праблемаў. Па-першае, наша ўлада ўвогуле не адзначаецца асаблівай інфармацыйнай празрыстасьцю і адкрытасьцю.
Па-другое, казаць пра суцэльнае замоўчваньне праблемаў было б некарэктна. Розныя ўстановы паводзяць сябе па-рознаму.
Па-трэцяе, ва ўладаў няма стратэгіі выхаду з крызісу. Таму яны і не тлумачаць, дзеля чаго трэба цярпець.
Па-чацьвёртае, улады доўгі час фармавалі патэрналісцкія настроі сярод насельніцтва. То бок улады абяцалі, што дзяржава накорміць, напоіць, адзене людзей і інш. А цяпер трэба казаць насельніцтву супрацьлеглыя рэчы. То бок цяжка разьвярнуць ідэалягічную машыну на 180 градусаў».