За 2015 год інфляцыя ў Беларусі склала 12%, перадае БелаПАН заяву начальніка Галоўнага ўпраўленьня статыстыкі цэнаў Нацыянальнага статыстычнага камітэту Аляксея Яркаўца.
Цэны на харчовыя тавары вырасьлі, паводле Нацыянальнага статыстычнага камітэту, на 11%, на нехарчовыя — на 11,5%, тарыфы на платныя паслугі — на 15,7%. Найбольш у 2015 годзе падаражэлі гародніна (37,7%), цукар (32,1%), рыба і рыбныя прадукты (21,9%), а таксама мэдыкамэнты (28,3%), сынтэтычныя мыйныя сродкі (22,1%), парфума і касмэтыка (18,5%). Турыстычныя паслугі падаражэлі на 26,7%, жытлова-камунальныя — на 20,2%, прававыя — на 20%, бытавыя — на 13,9%. Транспарт стаў даражэй на 13,9%.
Інфляцыя ў 12% уклалася ў прагноз ураду, хоць яшчэ ў верасьні старшыня Нацбанку Павал Калаўр казаў, што інфляцыя «не перавысіць прагнозаў, зробленых на пачатку году — 18% плюс-мінус два адсоткавыя пункты». Інфляцыя заўважна запаволілася ў красавіку.
Тым часам курс беларускага рубля за год заўважна ўпаў адносна замежных валют. За 2015 год даляр падаражэў з 11 900 да 18 569 рублёў (+56%), эўра — з 14 460 да 20 300 (+40%), расейскі рубель — з 207 да 255,33 (+23%). За першыя 12 дзён 2016 году даляр вырас да 19 200 рублёў, эўра — да 20 840, расейскі рубель жа патаньнеў да 249,5 рублёў.
Тым часам у Расеі інфляцыя амаль дасягнула ўзроўню крызіснага 2008 году — 12,9%, паводле Расстату. У Казахстане інфляцыя склала 13,6%, ва Ўкраіне — больш за 43%. У Польшчы ж перад лічбамі інфляцыі стаіць знак мінус — дэфляцыя склала прыблізна 0,5%.