Газэта Магілёўскага аблвыканкаму «Магілёўскія ведамасьці» апублікавала артыкул намесьніка старшыні партыі БНФ Рыгора Кастусёва. Апазыцыйны палітык цьвердзіць, што дамогся, каб дзяржаўнае выданьне дало яму магчымасьць выказаць сваё меркаваньне на крытычны матэрыял у яго адрас.
Артыкул Кастусёва суправадзілі рэдакцыйным камэнтаром. Разьмясьцілі меркаваньне апазыцыянэра на шостай паласе выданьня ў рубрыцы «Рэзананс» пад загалоўкам «Як у каралеўстве крывых люстэркаў».
Нагодай для газэтнай палемікі стаўся рэпартаж на тэлеканале «Белсат» пра вынікі дасьледаваньня групай апазыцыйных актывістаў сацыяльна-эканамічнай сытуацыі ў Круглянскім раёне. На рэпартаж «Белсату» адрэагаваў у «Магілёўскіх ведамасьцях» журналіст Віктар Кубека. Як вынікае зь ягонага матэрыялу, апазыцыянэры «згусьцілі фарбы», робячы высновы пра становішча ў раёне.
Рыгор Кастусёў артыкул Кубекі называе «груба крытычным». Заўважае, што быў бы задаволены тым, што і яму далі выказацца, каб не камэнтар рэдакцыі.
«Мая першая рэакцыя задаволенасьці тут жа згасла пасьля азнаямленьня з камэнтаром. У камэнтары я ўгледзеў тое, што было ў часы Савецкага Саюзу, калі партнамэнклятура імкнулася вось гэтак жа запляміць людзей, якія, як тады казалі, „ачарнялі сацыялістычную рэчаіснасьць“. І ўсё ж, як бы ім не хацелася перакруціць сытуацыю, рэдакцыя газэты вымушана была прызнаць, што ў мяне лічбы дакладныя. Газэце не ўдалося прыхарошыць сытуацыю ў раёне», заяўляе апазыцыйны палітык.
На думку Кастусёва, «Магілёўскім ведамасьцям» дазволілі апублікаваць ягоны матэрыял толькі з камэнтаром.
«Тры тыдні яны думалі, што рабіць з маім матэрыялам. І думала ня толькі рэдакцыя, але і абласныя, і гарадзкія ідэолягі», — лічыць апазыцыянэр.
«Самае прыкрае з гэтага, — заўважае ён, — што ў камэнтары на самым пачатку мяне ўпікнулі, што выправілі мае граматычныя памылкі. Я прагледзеў свой першасны тэкст і памылак не знайшоў. Прыкра, што пра памылкі ў беларускамоўным тэксьце кажа рэдакцыя газэты, у якой ад беларускай мовы засталася толькі назва».
Рыгор Кастусёў кажа, што пры ацэнцы сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Круглянскага раёну ягоныя калегі бралі зьвесткі з адкрытых афіцыйных крыніц. «Ніякіх скажэньняў і ачарненьня раёну ў высновах не было», запэўнівае ён.
Камэнтар рэдакцыі па аб’еме роўны артыкулу Кастусёва. Камэнтару да публікацыі Віктара Кубекі ў «Магілёўскіх ведамасьцях» не было.