Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады Літвы хочуць дэпартаваць сям’ю беларускіх палітэмігрантаў, яны намагаюцца абскардзіць гэтае рашэньне


На акцыі салідарнасьці беларусаў у Вільні (Літва) 9 жніўня 2025 году. Ілюстрацыйнае фота
На акцыі салідарнасьці беларусаў у Вільні (Літва) 9 жніўня 2025 году. Ілюстрацыйнае фота

У Літве сямʼя Рамана і Натальлі Гладкіх, якая ў Беларусі актыўна ўдзельнічала ў пратэстах 2020 году, апынулася пад пагрозай дэпартацыі — Дэпартамэнт міграцыі Літвы абавязаў іх добраахвотна пакінуць тэрыторыю краіны да 5 верасьня.

Як паведаміў тэлеканал «Настоящее время», у выпадку, калі сям’я не пакіне тэрыторыю Літвы, іх могуць дэпартаваць.

Да эміграцыі Раман працаваў інжынэрам-энэргетыкам на ДРЭС у Навалукамлі Віцебскай вобласьці. У знак пратэсту ён выйшаў з афіцыйнага прафсаюзу, адмовіўся падпісацца за Аляксандра Лукашэнку і разам з жонкай удзельнічаў у акцыях пратэсту. Калі сілавікі 12 лістапада 2020 году ў Менску забілі актывіста Рамана Бандарэнку, Раман Гладкіх далучыўся да агульнанацыянальнага страйку.

«Натуральна, на працы былі і запалохваньні, і пагрозы. Адразу, літаральна праз гадзіну, стала вядома, што прыйшла каманда зь Віцебску, што мяне звольняць у кожным разе. Так і атрымалася», — сказаў Раман Гладкіх.

Праз пагрозы рэпрэсіяў сямʼя зьехала ў Літву. Працу Раман знайшоў у Клайпедзе. Сямʼя ўдзельнічае ў акцыях беларускай дыяспары за мяжой, падтрымлівае Ўкраіну пасьля поўнамаштабнага ўварваньня туды Расеі. Але, нягледзячы на сваю пасьлядоўную пазыцыю, Раман, Натальля і іх двое дзяцей ня могуць прадоўжыць дакумэнты.

Сям’я абскардзіла рашэньне Дэпартамэнту міграцыі ў судзе — выйгралі ў першай інстанцыі, але прайгралі апэляцыю ў Вярхоўным судзе. 28 жніўня 2025 году Дэпартамэнт міграцыі запатрабаваў ад сямʼі Гладкіх добраахвотна зьехаць у Беларусь да 5 верасьня.

«Вельмі складана сказаць, чаму да нас прымаюць такія санкцыі. Шчыра, няма тлумачэньня. Але сытуацыя такая, што гэта вельмі страшна», — сказала Натальля.

У грамадзкай арганізацыі «Дапамога», якая падтрымлівае беларусаў у эміграцыі, упэўненыя, што ў Беларусі Раману пагражае рэальны турэмны тэрмін.

«Мінімальная сытуацыя — ад трох да пяці [гадоў зьняволеньня]. Але ў яго быў заклік да санкцыяў і супраціву. Калі так, то гэта можа даходзіць да васьмі гадоў. Ён ня проста калісьці выйшаў і трапіў на фота. Ён чалавек з актыўнай пазыцыяй. Разумееце, гэта насамрэч вельмі жахлівая сытуацыя», — сказала кіраўніца арганізацыі «Дапамога» Натальля Калегава.

Раман Гладкіх дадаў, што Дэпартамэнт міграцыі прапаноўваў ім добраахвотны выезд у трэція краіны. «Але атрымалася так, што мы былі ў працэдуры вельмі доўгі час, і калі мы атрымалі гэтую прапанову, тэрмін дзеяньня пашпарта жонкі ўжо мінуў. У сутнасьці, у нас не было выбару», — адзначыў ён.

Цяпер Раман і Натальля плянуюць яшчэ раз прасіць палітычнага прытулку ў Літве. Праваабаронцы абяцаюць падтрымліваць беларусаў.

Праблемы зь легалізацыяй у Літве найчасьцей узьнікаюць у тых эмігрантаў, якія ў мінулым працавалі ў дзяржаўных арганізацыях або служылі ў войску.

«Мне не падабаецца, што літоўскія інстытуцыі, гаворачы аб праблемах беларусаў, зь нейкай нават ну ня тое каб радасьцю, але зь нейкім гонарам абвяшчаюць, што летась 1 500 беларусам адмовілі ў дазволе на жыхарства і выслалі назад у Беларусь, бо знайшлі, што ў 1995 ці 1996 годзе яны працавалі недзе ў мытні ці ў цэнтральным банку за кампутарамі. І гэтага хапае, каб нашы інстытуцыі вырашылі, што яны ствараюць пагрозу для бясьпекі», — сказаў Андрус Кубілюс, колішні прэмʼер Літвы (1999–2000 і 2008–2012), а цяпер эўракамісар у пытаньнях абароны і космасу.

Раман Гладкіх працягвае супрацоўнічаць з праваабаронцамі і спадзяецца на зьмену рашэньня Дэпартамэнту міграцыі.

«Мы ня ведаем, чаму выносяць такія рашэньні. Нас не прызналі пагрозай нацыянальнай бясьпецы. Але пры гэтым нас настойліва спрабуюць дэпартаваць менавіта ў Беларусь. Нам забараняюць уезд у краіны Шэнгену. У нашай сытуацыі застаецца толькі змагацца. Быць у складанай сытуацыі, але на волі, лепш, чым быць у Беларусі ў турме», — сказаў ён.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG