У 2015 годзе зьявіліся адразу дзьве новыя краўдфандынгавыя плятформы. Спачатку Talaka.by запусьціла сэрвіс па зборы грошай «Талакошт», а потым адкрыўся першы адмысловы краўдфандынг Ulej.by. Таксама з 2011 году грошы на сацыяльныя праекты зьбіраюць на дабрачынным інтэрнэт-аўкцыёне «МаеСэнс».
Talaka.by — 380 мільёнаў рублёў
Плятформа Talaka.by працуе з 2013 году. Першапачаткова яна запускалася, каб абмяркоўваць свае ідэі й шукаць аднадумцаў. А сёлета, у сакавіку, на сайце адкрыўся разьдзел «Талакошт» — паўнавартасны краўдфандынг, дзе непасрэдна зьбіраюцца грошы на сацыяльную кампанію. За 9 месяцаў працы «Талакошту» былі сабраныя сродкі для 15 праектаў. Агульная сума ахвяраваньняў — каля 380 мільёнаў рублёў. Ніжэй прыводзім самыя папулярныя праекты.
Выданьне «Нататак пра Шэрлака Холмса» па-беларуску — 61,95 млн руб.
Група перакладчыкаў, што сабраліся вакол інтэрнэт-часопіса «ПрайдзіСвет», вырашылі выдаць усе кнігі пра Шэрлака Холмса па-беларуску. У 2014 годзе выйшла першая кніга — «Прыгоды Шэрлака Холмса».
Грошы на другую кнігу сабралі праз «Талакошт». Каб аплаціць працу рэдактараў, карэктара, вярстальніка, дызайнэра вокладкі, а таксама на паперу й друк, патрэбныя былі 64 мільёны беларускіх рублёў.
Вынік: Кніга ўжо здадзеная ў друк і мае быць прэзэнтаваная да канца 2015 году.
Беларуская агучка першага сэзону мультфільма «Сьвінка Пэпа» — 61,25 млн рублёў
Андрэй Кім з кінапраектам «Кінаконг» сабраў грошы для агучкі першага сэзону мультфільма «Сьвінка Пэпа» на беларускай мове. Усяго «Сьвінка» налічвае больш за 200 выпускаў. Пераклад адной сэрыі каштуе 750 тысяч рублёў. За першую кампанію «Кінаконг» сабраў 61,25 млн рублёў, чаго мела хапіць на 81 сэрыю.
Вынік: З 31 кастрычніка на youtube-канале «Кінаконгу» пачалі рэгулярна выходзіць сэрыі «Сьвінкі».
«Паласатая газэта» — 54,65 млн рублёў
Школьная настаўніца і псыхоляг зь Менску Ганна Граноўская ўжо два гады выдае дзіцячую газэту. Яе наклад — 2000 асобнікаў. Як кажа Граноўская, гэта не камэрцыйны, а выключна сацыяльны праект, у які яна ўкладае свае грошы, нічога не зарабляючы.
Аднак на пачатку 2015 году газэта магла зьнікнуць. Праз падзеньне курсу беларускага рубля, у Ганны ўтварылася запазычанасьць перад падпісчыкамі. Паколькі кошт падпіскі быў вызначаны ў канцы 2014 году, а непасрэднае выданьне газэты з новым курсам адбывалася ўжо ў 2015, яна аказалася ў мінусе — на 43 мільёны рублёў.
«Я думала ўжо заканчваць выпуск, — расказала Ганна Свабодзе. — Ніхто ня верыў, што мне могуць дапамагчы. Нават сваякі ўжо спачувалі. Але я зьвярнулася да людзей, і аказалася, што ў наш быццам бы „злы“ час, шмат хто мяне падтрымаў».
Вынік: «Паласатая газэта» працягвае выходзіць.
Ulej.by — 700 мільёнаў рублёў
Самы новы беларускі краўдфандынг (стартаваў у красавіку 2015 году) ужо мае 24 пасьпяховыя праекты. Дзякуючы Улею праведзены футбольны турнір для дзяцей-сірат у Жабінцы, выдадзеныя некалькі кніг і часопісаў, беларускія казкі для iPhone і iPad, праведзеныя канцэрты й запісаныя музычныя альбомы. Агулам за 2015 год тут сабрана 700 мільёнаў рублёў. Яшчэ 26 праектаў знаходзяцца ў рэжыме збору грошай.
«Кулінарная мапа Беларусі» — 43,22 млн рублёў
Пабачыўшы кулінарную мапу Беларусі, Валерыя Кліцунова вырашыла стварыць такі самы гайд і па беларускай кухні. Яшчэ да збору грошай аўтары наведалі 200 сядзібаў па ўсёй краіне, дзе пакаштавалі мясцовыя стравы.
На сабраныя грошы маюць выдаць мапу-даведнік са зборнікам старабеларускіх страваў, месцамі дэгустацыі й кулінарнымі маршрутамі. Першы наклад у 500 асобнікаў мапы й зборніка зьбіраюцца распаўсюджваць на выставах і праз амбасады. У будучым яна мае быць у вольным доступе.
Сэнсарны пакой для цяжка хворых дзяцей у Гародні — 44,3 млн рублёў
У Гародні вельмі мала адукацыйных ўстаноў, дзе прымаюць цяжка хворых дзяцей. Каб дзеці не праводзілі ўвесь час дома з бацькамі, пры Гарадзенскім дзіцячым хосьпісе ствараецца адмысловы пакой, дзе яны маглі б бавіць час. Сабраныя грошы пойдуць на рамонт памяшканьня й яго абсталяваньне: бескаркасныя крэслы, «сухі басэйн», паветрана-бурбалкавая тэрапія і інш.
«ДобраХата» — лялечны дом для дзіцячага дома — 30,85 млн рублёў
Журналістка Кацярына Рэбрык задумала пабудаваць лялечны дом для аднаго зь дзіцячых дамоў. «За прывабную дэкарацыю мы схаваем галоўную задачу праекту — прыцягнуць увагу да праблемаў кінутых дзяцей. Прасьцей за ўсё думаць, што яна заключаецца ў недахопе шампуняў і чаравікаў 27 памеру», — тлумачыць Кацярына сваю ідэю. На сабраныя грошы быў закуплены матэрыял, зроблены эскіз, а потым і сам лялечны дом.
MaeSens.by — 1,99 мільярды рублёў
Дабрачынны аўкцыён «МаеCэнс», дзе грошы на праекты зьбіраюцца галоўным чынам за кошт продажу сустрэчаў, працуе з 2011 году. Сёлета тут было сабрана 1 мільярд 990 мільёнаў рублёў, паведамілі Свабодзе ў кампаніі. А за ўвесь час існаваньня плятформы — 5,8 млрд рублёў.
«Дзеці» — 220 млн рублёў
Сабраныя ў гэтым праекце сродкі пералічваюцца дзецям, якія маюць патрэбу ў лекаваньні й рэабілітацыі, а таксама тым, каму неабходная своечасовая дапамога ў аздараўленьні.
«Місія праекту „МаеСэнс“ — дапамагчы захаваць шчасьлівае дзяцінства для ўсіх дзяцей, якія маюць патрэбу ў апэратыўным лекаваньні й рэабілітацыі», — тлумачаць ідэю праекту ў «МаеСэнс»
Вынік: Сродкі, якія паступаюць на рахунак, разьмяркоўваюцца паміж дзецьмі, чые бацькі зьвяртаюцца ў «МаеСэнс».
Конкурс сацыяльных праектаў «Social weekend» — 146,6 млн рублёў
20 чэрвеня 2013 году «МаеСэнс» запусьціла першы конкурс сацыяльных праектаў «Social Weekend». Мэта збору грошай — адкрыць новыя таленты, пазмагацца за званьне лепшага сацыяльнага праекту Беларусі й атрымаць грант на яго рэалізацыю.
Удзельнікі конкурсу могуць распавесьці аб існай праблеме шырокай аўдыторыі, атрымаць экспэртную ацэнку ад журы, знайсьці інвэстара для рэалізацыі праекту, а таксама выйграць грант і стварыць сваю фандрайзінгавую старонку на плятформе MaeSens.by. Акурат праз «Social Weekend» многія даведаліся пра праект онлайн-гульні «MovaCup» па вывучэньні беларускай мовы, пра што пісала Свабода.
Вынікі: «Social Weekend» стаў штогадовым конкурсам, дзякуючы якому дзясяткі праектаў атрымліваюць мэнтарскую дапамогу й грошы на рэалізацыю.
Рэабілітацыя Сашы Іванцовай — 103,5 млн рублёў
Большасьць праектаў на «МаеСэнс» адкрытыя акурат для збору грошай на лекаваньне, рэабілітацыю і адаптацыю дзяцей зь цяжкімі захворваньнямі. Некаторым грошы пералічваюць непасрэдна з апісанага вышэй праекту «Дзеці». Іншыя адкрываюць уласныя праекты, як, напрыклад, маці 5-гадовай Сашы Іванцовай. У дзяўчыны — ДЦП. Яна прайшла ўжо шматлікія шпіталі Беларусі й замежжа.
Апошняя рэкамэндацыя для яе — курс рэабілітацыі ў Польшчы. На яго аплату трэба было сабраць 6 тысяч эўра. Усе гэтыя грошы бацькі атрымалі ад фундатараў «МаеСэнс».
Вынік: Саша прайшла курс рэабілітацыі ў Польшчы летам 2015 году.
Незалежныя кампаніі — больш за 100 тысяч даляраў
Грошы на дабрачынныя праекты зьбіраюць ня толькі праз краўдфандынгі. Свабода адабрала тры самыя голасныя праекты па зборы грошай, якія ладзіліся самастойна.
Грошы на штраф «Кнігарні логвінаЎ» — 976 мільёнаў рублёў
Свабода падрабязна апісвала суд над «Кнігарняй логвінаЎ». Эканамічны суд Менску 9 студзеня 2015 году пастанавіў, што за гандаль безь ліцэнзіі «Кнігарня логвінаЎ» павінна заплаціць штраф і вярнуць «незаконны прыбытак». Агулам гэта 967 мільёнаў рублёў. Гэта пры тым, што ў 2014 годзе кнігарня шэсьць разоў безвынікова спрабавала атрымаць рэгістрацыю на гандаль кнігамі.
Каб сабраць патрэбную суму (на той час гэта было 62,5 тысячы даляраў), кнігарня правяла актыўную кампанію па зборы грошай. Цягам трох месяцаў праз асабістыя пераводы, аўкцыёны мастакоў, сустрэчаў аўтараў з чытачамі і настольным гульням удалося сабраць усю суму.
Вынік: у часе кампаніі ў кнігарні рэзка падвысілася наведваньне, сёньня яна працуе ў штатным рэжыме.
«Гуманітарны маршрут Беларусь-АТА» — 10 500 эўра
Валянтэр з Гомеля Андрэй Стрыжак зьбірае грошы для мэдыкаў, якія працуюць у зоне АТА. На сабраныя ў Беларусі грошы ён набывае мэдыкамэнты, якія перадае ўкраінскім лекарам. Таксама ініцыятывай «Гуманітарны маршрут Беларусь-АТА» былі купленыя тры машыны: рэанімабіль «Ратаўніца», джып для выездаў апэратыўнай брыгады мэдыкаў «Мая» й санітарны мікрааўтобус «Зорка».
Як расказаў Стрыжак Свабодзе, агульны кошт трох машын склаў 11 300 эўра, зь якіх беларусы сабралі каля 10 000. Яшчэ 500 эўра пайшлі на лекі, мэдабсталяваньне й іншыя мэдычныя тавары (кропельніцы, халаты, бялізну). Таксама сіламі ініцыятывы было перавезена каля 4.5 тон гуманітарнай дапамогі (зь іх каля 100 кг — харчаваньне, астатняе — вопратка, абутак, посуд, цацкі, коўдры й пасьцельная бялізна). Таксама на сродкі беларусаў былі ўфандаваныя бясплатныя курсы ангельскай мовы ў Чарнігаве для дзяцей уцекачоў, перасяленцаў і сем'яў байцоў АТА зь ліку забітых, параненых і зьніклых бязь вестак.
Вынік: Праект працягваецца, і цяпер «Гуманітарны маршрут Беларусь-АТА» рыхтуе пятую тону да адпраўкі ва Ўкраіну.
Сьнегавічкі для Андрэйкі — 32,5 тысячы даляраў
Вельмі рэзананснай аказалася гісторыя хворага на рак крыві 4-гадовага Андрэя Семіліта, які прыехаў лекавацца ў Гомель з Данецку. На курс лекаваньня бацькам трэба было сабраць 32,5 тысячы даляраў. Маці Алена прыдумала арыгінальны спосаб заробку — прадаваць самаробныя цацкі-сьнегавікі. Кошт кожнага быў усяго 2 даляры.
Пасьля таго, як пра гісторыю ўкраінскага хлопчыка напісалі СМІ, ягонай маці сталі паступаць замовы літаральна з усяго сьвету. Каб дапамагчы выканаць усе, у офісе беларускага партала TUT.BY правялі майстар-клясу, дзе валянтэры зрабілі некалькі сотняў сьнегавікоў. Сёньня Семіліты маюць замову на 10 тысяч цацак, у чым ім дапамагаюць валянтэры з многіх гарадоў Беларусі.
Вынік: Паколькі грошай сям’я атрымала ўжо болей, чым плянавала, частку яны перадаюць на лекаваньне іншай хворай дзяўчынкі з Данбасу, якая таксама ляжыць у Навукова-практычным цэнтры радыяцыйнай мэдыцыны й экалёгіі чалавека ў Гомелі.