Слова пачало мільгаць раз-пораз у расейскамоўнай беларускай прэсе з канца 1990-х. Такое адчуваньне, што на слова зьвярнуў увагу хтосьці, хто не да канца валодае беларускай літаратурнай мовай, але займаецца публіцыстыкай, і вось яму спадабалася як смачна, гучна і крыху таямніча гучыць: па-мяр-коў-насьць. Нэўтральнае па сутнасьці слова, блізкае да «разважлівасьці».
Народжанае, каб узбагаціць вобразны шэраг дабразычлівай іроніяй, папулярызаванае СМІ, для многіх слова ператварылася ў таракана як адпаведнік нерашучасьці і баязьліўства.
«Ды што ты возьмеш з гэтых беларусікаў памяркоўных!» – з горыччу камэнтуе нейкую падзею беларус. Гаворыць пра такіх самых беларусаў, як сам, у трэцяй асобе, як бы адасабляючыся, глядзячы з боку, не жадаючы мець нічога агульнага з гэтымі, з гэтымі... З гэтымі «памяркоўнымі!»
Што кепскага ў тым, што чалавек паводзіць сябе ўзважана, не ідзе на неапраўданыя рызыкі, шукае кампрамісаў, ідзе шляхам перамоваў? Усё гэта таксама памяркоўнасьць. «Ды што ты возьмеш з гэтых беларусікаў памяркоўных!» – гэта не пра названыя якасьці. Гэта, на мой погляд, пра тое, што «з гэтымі беларусамі» немагчыма штосьці зрабіць супольна. «Памяркоўнасць» у дадзеным кантэксьце ідзе як «ня здатнасьць да салідарнасьці».
Сьвет розны, людзі розныя. Вось у Беларусі, напрыклад, ёсьць «памяркоўныя», «сьвядомыя», «ватнікі», «опы», «застабілы», «лехтарат», «масквапаклоньнікі», «пятая калёна Захаду» (дадай сваё).
Аднойчы я злавіў сябе на думцы, што драма ня ў тым, што ўлада ў краіне ўзурпаваная групай людзей, якія займаюцца нацыяразбурэньнем і ператвараюць краіну ў васала большай суседкі. І драма нават ня ў тым, што гэтую маленькую групу людзей падтрымлівае каля паловы насельніцтва, як па мне, паводле ірацыянальных матываў. Драма ў тым, што ў лягеры апанэнтаў улады я бачу капітальны раздрай паводле цывілізацыйных прыкметаў.
Адны гатовыя ня тое што на аўтарытарызм, нават на фэадалізм, абы толькі вярнулі сымболіку. Іншыя з жахам глядзяць на пэрспэктыву вяртаньня ў шырокі ўжытак беларускай мовы, бо бачаць у такім падыходзе ледзь не фашызм. Трэція ненавідзяць геяў і арабаў, але за эўрапейскі шлях краіны. Чацьвертыя за славяна-фашызм зь беларускай мовай. Пятыя проста акопныя нацыяналісты. І ўсе гэтыя рознагалосьсі выяўляюцца... памяркоўна. Бяз боек, хоць бы ў віртуальнай прасторы.
Памяркоўныя беларусы... А за што рызыкаваць? Адкінуць сваю стрыманасьць і пайсьці змагацца на ўмоўныя барыкады можна тады, калі ты ўпэўнены ў плячы побач. Так было ў 1990-х. Тады яшчэ не было панятку «крэатыўны кляс», але гэта была менавіта тая частка грамадзтва, якая дазваляла сабе рызыкаваць выгодамі, здароўем і нават свабодай, каб адстойваць свае ня толькі інтарэсы, але ідэі. А большасьць задавольвалася тым, што было.
Ці магу я асуджаць памяркоўнасьць тагачаснай большасьці? Людзі толькі-толькі выбраліся з савецкага і пасьлясавецкага жабрацтва, круціліся, каб нарэшце ўпершыню ў гісторыі сваіх сем'яў «зажыць па чалавечы». Груба кажучы, людзі яшчэ не наеліся, а іх ужо клікалі рызыкаваць за абстрактную будучыню.
Іх папярэджвалі, што праз пэўны час будзе горш, а яны паказвалі нядаўна набытыя патрыманыя нямецкія аўтамабілі, і казалі – вось, мы жывем лепш з кожным днём. Разважлівы падыход. Крэатыўны кляс пазмагаўся яшчэ колькі гадоў, і паціху заняўся сваімі – крэатыўнымі – справамі ў спадзеве, што плён гэтых справаў яшчэ спатрэбіцца. Падыйшлі да жыцьця разважліва – памяркоўна без двукосьсяў.
Беларуская памяркоўнасьць – гэта не баязьліўства і не нерашучасьць. Гэта адсутнасьць веры ў магчымасьць салідарнасьці. Выйсьце ёсьць. Трэба кінуць абагульняць усю краіну, і пачаць супрацоўнічаць на сваім узроўні ў дадзены момант. Мы так і не дачакаліся падобных дзеяньняў ад «афіцыйнай» апазыцыі. Але асабіста я заўважаю пазытыўныя зрухі на прыкладзе грамадзкіх ініцыятываў у сфэры культуры і сацыяльных праектаў. Мала? Які сэнс енчыць пра «згубленыя магчымасьці»? Усё роўна пачынаць трэба.