Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія тараканы: 25. Брацкі народ


Севярын Квяткоўскі
Севярын Квяткоўскі

Міністэрства замежных справаў Беларусі робіць камэнтар, дзе Турцыя завецца сяброўскай краінай, а Расея – брацкай.

З Турцыяй усё зразумела – ёсьць адпаведны дакумэнт пра «сяброўства паміж краінамі». А вось дакумэнта пра брацтва ў прыродзе не існуе. Дый ці можа існаваць? Калі сяброўства – гэта ня толькі эмоцыя, але яшчэ і ўзаемадзеяньне, то што такое брацтва?

Выраз «брацкі народ» у Беларусі гучыць вельмі рэдка: што на вышэйшым узроўні, што сярод «простага люду».

«Брацкі народ» – імпартны таракан. Яго найперш ужываюць у дачыненьні да Расеі, падтрымліваючы размову з тым бокам.

Еду пад Новы Год у Варшаву расейскім цягніком, бо на беларускі разабралі квіткі. Размаўляю з дамай са Смаленску. «Брацкі народ», – пэрыядычна паўтарае кабета, абмяркоўваючы Беларусь.

– Чаму «брацкі»? А чым, напрыклад, палякі беларусам не браты? – Пытаюся.

Паўза, дама набірае паветра ў лёгкія і выгуквае з пачуцьцём:

– Но ведь они же католики!!!

Мы акурат праехалі Баранавічы. Паказваю на поўнач: «Там палова беларусаў каталікі». Паказваю на поўдзень: «Там значная частка беларусаў пратэстанты». Тлумачу: «У Беларусі рэлігійны фактар ня ёсьць вызначальным у ацэнках «свой-ня свой». Дама ў ступары, яна дазналася штосьці неверагоднае, невытлумачальнае для яе.

Іншым разам размаўляю з расейскімі журналістамі. Зноў мільгае «брацкі народ». Удакладняю – што ў іхным уяўленьні азначае выраз? Кажуць: «Супольная мова, супольная памяць пра Вялікую Айчынную вайну». Тлумачу, што ў Беларусі ў той ці іншай ступені ўсе валодаюць беларускай мовай, прынамсі, на ўзроўні разуменьня. Што чым далей ад індустрыйных цэнтраў, тым больш беларускай мовы ў гаворцы людзей.

Калі казаць пра Вайну, то памяць у беларусаў і расейцаў капітальна адрозьніваецца: усе беларусы ведаюць ад сваякоў акалічнасьці акупацыі. А ў Расеі менш за чвэрць насельніцтва пабыла пад акупацыяй. Дый сама вайна для амаль паловы беларусаў пачалася 1 верасьня 1939 году.

«Што ж мы ім зрабілі, што яны так з намі!» – камэнтуе беларускі спадар інфармацыю пра зьбіты туркамі расейскі бамбавік. Можна было б павесіць на дзядзьку клішэ, кшталту «ватнік». Але пачынаю спакойна размаўляць, і суразмоўца вінавата са смайлікам-усьмешкай тлумачыць, што «мы» напісаў па звычцы.

З расейцамі яго яднаюць успаміны юнацтва: войска, студэнцкія будаўнічыя атрады, савецкія фільмы. Ні слова пра вайну, мову ці рэлігію. Але тое самае яднае і зь іншымі нацыянальнасьцямі былога СССР. Але «брацкім» эстонскі ці таджыцкі народ у Беларусі ня клічуць. Бо слова чуваць з расейскага тэлевізара, а значыць і сэнс паўтараецца сучасны расейскі. Хоць і прыдумляўся выраз «брацкі народ» савецкімі ідэолягамі, як зьвязка рознаэтнічнага насельніцтва ўнутры СССР. А таксама для азначэньня ідэалягічна блізкіх замежных дзяржаваў: «брацкі польскі народ», «брацкі кубінскі народ».

«Брацкі народ» расшыфроўваецца, на мой погляд, проста: «вы за нас, ці не?» Сёньня брацкі, заўтра нябрацкі.

– «Кажуць жа сацыёлягі, што як толькі прапаганда перасунулася ў Сырыю, усе адразу забыліся, што яны не пераносяць украінцаў», – заўважае сусьветна вядомая расейская праваабаронца Людміла Аляксеева.

Масквічка Nina Semyannikova іранізуе:

– «Трэба, каб з валютнымі каціроўкамі штодня публікаваць сьпісы краінаў-сяброў. А то людзі блытаюцца, каго любіць, а каго – не».

Такім чынам, «брацкі» – чарговая ідэалягічная падманка. Раптам высьвятляецца, што «брацкі» беларускі народ ня хоча падтрымліваць расейскія вайсковыя агрэсіі. І тут паціху дзе-нідзе зьяўляецца інфармацыя пра «бандэраўскасьць» беларусаў, а начальнік карпарацыі-дзяржавы малюецца ледзь не галоўным нацыяналістам. Дастаткова ня вельмі працяглай, але масіраванай атакі ў СМІ, і вуаля – новы вораг Расеі, а пра «брацтва» рэзка забылі.

Незнаёмы да цябе зьвяртаецца: «Э, брат! Падкажы, як прайсьці». «Брат» – прэвэнтыўны захад, які настройвае незнаёмца на добразычлівы лад. Слова, напоўненае моцным пазытыўным зьместам.

Крэўныя браты могуць ненавідзець адзін аднаго, а някрэўнікі могуць зваць адзін аднаго братамі, бо іх яднае штосьці большае – ідэя.

А народы – гэта мільёны незнаёмцаў. Яны могуць толькі зьвяртацца на ўсялякі выпадак словам «брат», але ніяк ня быць дэ-факта брацкімі.

Толькі канкрэтныя людзі на ўзроўні ўласных пэрсанальных сувязяў, мільёнаў нітачак-знаёмстваў могуць утвараць брацтвы. У тым самым брацтве могуць быць расеец, турак, беларус, украінец, араб, габрэй і парагваец. Бо гэтых людзей можа зьвязваць ідэя і ўзаемадзеяньне паводле ідэі.

А ў дзяржаваў не бывае ня тое, што братоў, у дзяржаваў нават сяброў не бывае – толькі ўласныя інтарэсы.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG