Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія тараканы: 20. Акопны нацыяналізм


Севярын Квяткоўскі
Севярын Квяткоўскі

На першы погляд, гэта элітны таракан, які жыве ў некаторых нацыяналістычных галовах. Скарочана расшыфроўваецца як «з усіх бакоў ворагі».

«Літоўцы скралі нашу гісторыю» – нібы хтосьці замінаў адначасова зь літоўцамі фармаваць сваё бачаньне.

«Украінцы хутка стануць імпэрыялістамі і пасягнуць на нашу Берасьцейшчыну» – нібы ў Беларусі не малююць мапы, якія падводзяць уласныя межы да Чарнігава.

«У Польшчы да ўлады прыйшлі правыя, і яны захочуць адабраць нашу Горадню» – нібыта ў Беларусі ня любяць час ад часу ўзгадаць пра «наш Беласток».

«На мяжы з Расеяй трэба ўсталяваць мінныя палі» – замест таго, каб прасоўваць ідэі беларушчыны да этнічных суайчыньнікаў па той бок усходняй мяжы.

Па ўсім пэрымэтры Беларусі ёсьць такія самыя акопныя нацыяналісты, якія жывуць паводле прынцыпу «вакол ворагі».

Парадокс у тым, што «вакол ворагі» ёсьць і ў «савецкіх інтэрнацыяналістаў». Як у тым жарце, што нацыяналісты ведаюць па некалькі моваў, а інтэрнацыяналісты толькі адну – расейскую. Насамрэч, «інтэрнацыяналісты» такія самыя акопныя нацыяналісты, толькі савецкія. І колькасьць «ворагаў» у іх большая, бо мяжа савецкай імпэрыі значна вялікшая.

Акопныя нацыяналісты выбудоўваюць сацыяльныя сувязі па магчымасьці толькі міжсобку. Як яны бачаць будучыню сваіх краінаў? Можна толькі здагадвацца, што гаворка вядзецца пра ХІХ ст., калі быў шанец вылезьці з акопу і заваяваць суседа, зрабіцца імпэрыялістам.

Сучасны сьвет глябалізаваны. Усе з усімі зьвязаныя. Мы бачым, як на ўсходзе дажывае свой век апошняя ў Эўропе імпэрыя а ля ХІХ ст. І хацела б усіх захапіць, ды залежыць ад сьвету: фінансамі, тэхналёгіямі, харчамі ўрэшце.

Не акопны, а адкрыты нацыяналіст стварае гарызантальныя сувязі з усім сьветам, прынамсі, з суседзямі. Шукае падобных да свайго сьветагляду людзей, зь якімі разам выпрацоўвае канцэпцыю, як лепей жыць усім: і табе, і мне, і ім – нашым краінам.

Парадаксальным чынам глябалізацыя дапамагае выжыць беларускай нацыянальнай ідэнтычнасьці і нават пашыраць беларускую ідэю. Сродкі сувязі, адкрытасьць межаў, прафэсіі, што даюць зарабляць зь якой заўгодна кропкі на мапе.

Нацыяналіст/інтэрнацыяналіст/касмапаліт – усім ёсьць месца пад сонцам. Для ўсіх сацыяльных канфігурацый існуюць магчымасьці. Для ўсіх сьветаглядаў.

Пры ўмове, што грамадзтва свабоднае. А з акопу грамадзтва не збудуеш.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG