Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія тараканы: 22. Кварціра ў Мінске


Ціхан Чарнякевіч
Ціхан Чарнякевіч

Такіх бабульчыных размоваў у электрычцы – вагон з цеплавозам:

– А Паўлік мой кварціру пастроіў. У Мінске. Стаялі на очарадзі.

– Ну?

– Планіроўка харошая.

Кожнаму вядома, што чалавек у Беларусі толькі тады чалавек, калі мае ў сталіцы прыватную жыльлёвую плошчу. Толькі тады ён склаўся як асоба, даказаў усім, выйшаў у людзі. Які заўгодна посьпех ня можа лічыцца сапраўдным, калі не манэтызаваны яшчэ ў «аднушачку», «двушачку», а як пашанцуе, то і ў «трошачку».

Бо «ў Мінске» і «ў Беларусі» – гэта, па вялікім рахунку, геаграфічна несутыкальныя тэрытарыяльныя адзінкі. У галаве менчука і нават нованароджанага «панаехаўшага» зь цягам часу ўключаецца нейкі тумблер: за кальцавой аўтадарогай знаходзіцца выключна трывожна-стабільнае шчасьце з заробкамі сто дваццаць даляраў, сумнеўнымі закусачнымі «Аракс» і «Вегас», зачыненымі кінатэатрамі, напаўмёртвымі вёскамі з напаўжывымі жыхарамі.

І пляваць на родныя гоні й пагоркі, лясы і паркі, былыя фальваркі. Усё гэта ня больш рэальна, чым палёт Луі Армстранга на Месяц. За кальцавой аўтадарогай могуць знаходзіцца толькі руіны мінулага, у лепшым выпадку – сьвежа адрамантаваныя й пакрытая сайдынгам. Таму і на новых грашах узору 2009 году (як, зрэшты, і на старых) няма чалавечых твараў – толькі руіны, сымбалі і функцыі. Нішто ня можа замяніць сабою Цэнтар. А Цэнтар замяняе ўсё.

У Мінску ёсьць барбэршоп, фэстываль крафтавага піва і cold brew кава.

Мінск можа пратэставаць супраць расейскай базы ў Бабруйску і яму нічога за гэта ня будзе.

Тут можна жыць. Дакладней, толькі тут і можна жыць. У астатніх месцах жыцьця няма апрыёры.

Ён скажа адмовіцца ад усяго, і ты адмовісься. Ён абмацае твой заплечнік вільготнымі мянтоўскімі рукамі. Пераломіць праз калена, раструшчыць, засуне ў сваю форму і паставіць у духоўку спажываньня.

Сьпі, спадарыня зямля – Быхаў, Ліда, Астравец. Мінск адмоліць твае грахі, вып’е нявыпітае табою махіта. Выштурхоўвай з дому сваіх сыноў.

Патлумач ім, што толькі кварціра ў Мінске зробіць іх шчасьлівымі. Толькі так яны змогуць атрымаць свае пяць лыжак risotto. Праўда, для гэтага трэба будзе напружыцца. Трошкі. Ненадоўга. Бяжы, сынок, у эўразьвязаўскі Мінск, а мы пасядзім тут, пачакаем, пакуль гіпэрмаркет адкрыецца. Неўзабаве адкрыецца. Некалі ж напэўна адкрыецца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG