Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебскія каталікі гатовыя захаваць гістарычны будынак. Толькі ці аддадуць яго вернікам?


Былая капліца 1859 году пабудовы ў Віцебску ў Батанічным садзе
Былая капліца 1859 году пабудовы ў Віцебску ў Батанічным садзе

Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч зьвярнуўся ў рэктарат ВДУ з прапановай прыняць будынак былой капліцы на балянс Віцебскай дыяцэзіі дзеля далейшага аднаўленьня.

Гэты гістарычны будынак у батанічным садзе быў пабудаваны ў 1859 годзе. Фундатарам выступіў Сьцяпан Дунін-Сьлепсьць. Будынак ня ўнесены ў сьпіс помнікаў архітэктуры, якія ахоўваюцца дзяржавай, і на пачатку кастрычніка гэтага года было прынята рашэньне яго зьнесьці.

Віцебская грамадзкасьць пачала пратэставаць, зьвяртаючыся ў розныя інстанцыі. Падчас ліставаньня зь імі высьветлілася, што гаспадар будынка — Віцебскі дзяржаўны ўнівэрсытэт, які ўжо абвясьціў тэндэр на працы па зносе. Знос будзе каштаваць 22 мільёны рублёў. Каб аднавіць будынак, ВНУ ня мае сродкаў: на гэта трэба 2 мільярды рублёў.

Міністэрства культуры, куды зьвярталіся актывісты, засталося ўбаку ад праблемы: адтуль паведамілі, што будынак шматкроць зьмяняў свой першапачатковы выгляд і таму ня можа быць унесены ў сьпіс падахоўнай гістарычнай спадчыны. Зь міністэрства таксама паведамілі, што Віцебскі аблвыканкам разглядае магчымасьць перадаць былую капліцу на балянс Віцебскай дыяцэзіі Рыма-каталіцкай царквы дзеля далейшага аднаўленьня.

Паводле інфармацыі хрысьціянскага партала «Крыніца», біскуп Віцебскі Алег Буткевіч зьвярнуўся ў рэктарат ВДУ з прапановай прыняць будынак, бо «ён некалі належаў каталікам, ён зьяўляецца помнікам каталіцкай веры». Паводле плянаў біскупа, былую капліцу найперш трэба ўратаваць ад зносу, захаваць і па магчымасьці аднавіць, вырашыўшы, зь якімі мэтамі яе выкарыстоўваць далей. Гэта, найхутчэй, давядзецца рабіць на дабрачынныя ахвяраваньні.

Але пытаньне ў тым, ці пагодзіцца Міністэрства адукацыі перадаць каталіцкай грамадзе заняпалую ўнівэрсытэцкую маёмасьць.

Віцябляне падтрымліваюць прапанову захаваць і аднавіць гістарычны будынак. На сайце «Народныя Навіны Віцебска» апублікаваная апытанка для чытачоў, якім прапанавана выказацца наконт лёсу былой капліцы. У галасаваньні ўзялі ўдзел амаль 200 чалавек, і толькі 11 зь іх падтрымалі пункт «зьнесьці, як і плянавалася». Астатнія лічаць, што будынак трэба «закансэрваваць да лепшых часоў» (37 галасоў) або "аднавіць у першапачатковым выглядзе (150 галасоў).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG