Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У Расеі спорт кладзецца ў канцэпцыю вялікадзяржаўнага патрыятызму»


Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімер Пуцін у хакейнай форме
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімер Пуцін у хакейнай форме

Ці магчымы ў Беларусі допінгавы скандал такога маштабу, які разгараецца цяпер у Расеі? Якія формы набывае ўмяшаньне дзяржавы ў спартовыя справы ў дзьвюх краінах? Ці дапамагае беларускаму спорту пільная ўвага да яго з боку дзяржаўных структураў?

На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы «Экспэртыза Свабоды» адказваюць публіцыст, спартовы аналітык Уладзімер Хільмановіч і аглядальнік газэты «Прессбол» Сяргей Шчурко.

Цыганкоў: Усясьветнае антыдопінгавае агенцтва (WADA) афіцыйна рэкамэндавала дыскваліфікаваць Усерасейскую фэдэрацыю лёгкай атлетыкі (ВФЛА) і адхіліць яе спартоўцаў ад удзелу ў спаборніцтвах да завяршэньня расьсьледаваньня, якое вядзецца спэцыяльнай Незалежнай камісіяй агенцтва. Паводле кіраўніка Незалежнай камісіі Рычарда Паўнда, ёсьць падазрэньні, што ў Расеі дзейнічае допінгавая праграма, якая падтрымліваецца дзяржавай. Ці магчымае ў Беларусі нешта падобнае?

Сяргей Шчурко
Сяргей Шчурко

Шчурко: Думаю, у нас такое немагчымае. Расея славіцца сваімі маштабамі. Няма ў іх там надта граматна выбудаванай дзяржаўнай сыстэмы ў спорце. У спорце іхняя сыстэма такая ж бардачная, як у палітыцы і эканоміцы. Карупцыйныя скандалы здараюцца на любым узроўні, і калі іх не ўдаецца замяць (што здараецца ў 90 працэнтах выпадкаў), то тады гэта выходзіць навонкі, і ўсімі сіламі яны імкнуцца ратаваць свой твар. Нам гэта вядома з часоў СССР, таму, мяркую, апошні скандал мала каго зьдзівіў.

У нас, у Беларусі, усё больш сьціпла. Была чарада допінгавых скандалаў, але цяпер усё цішэй.

Цыганкоў: Што гэта азначае — «цішэй»? Ці тое, што спартовыя чыноўнікі добра працуюць і нарэшце навялі парадак? Ці проста нешта добра прыхоўваецца?

Шчурко: У нас ніколі не было такой выбудаванай сыстэмы, каб яна працавала на вялікі спорт з дапамогай фармакалягічных праграмаў — як забароненых, так і дазволеных. На дзяржаўным узроўні ў нас дакладна няма арганізаванай фармакалягічнай падрыхтоўкі. Скандалы ёсьць — у лёгкай атлетыцы, цяжкай атлетыцы — але гэта прыватныя моманты. Ёсьць віды спорту, дзе ў прынцыпе няма допінгу. Я думаю, тут мы рухаемся ў правільным кірунку.

Цыганкоў: Для Расеі спорт стаў неад’емнай часткай новай вялікадзяржаўнай ідэалёгіі, разам з «Крымнаш». Ад спартоўцаў патрабуюць перамог, каб умацаваць нацыянальны характар. Ці ня ёсьць апошні допінгавы скандал лягічным працягам такога стаўленьня?

Уладзімер Хільмановіч
Уладзімер Хільмановіч

Хільмановіч: Гэта даўняя допінгавая традыцыя, якая цягнецца ад часоў СССР. На кароткі час дэмакратызацыі ў Расеі, на пачатку 90-х, яна прыпынілася — і, заўважце, у тыя пераходныя гады ў расейскіх спартоўцаў было менш посьпехаў. Гэта традыцыя сацыялістычнага мінулага, якая была ня толькі ў СССР, гэтаксама было з баўгарскімі штангістамі, вугорскімі штурхальнікамі, плыўцамі з ГДР. Спорт — даўно частка ідэалёгіі дзяржавы, гэта назіраецца па ўсім сьвеце, але ў Расеі гэта дасягае абсалютных маштабаў. Удзел спартоўцаў у спаборніцтвах мае характар дзяржаўнай палітыкі.

У нас маштабы розныя, але мадэль тая самая. Іншая рэч, што ў нас у Беларусі колькасьць выдатных спартоўцаў зьменшылася, іх усяго некалькі дзясяткаў. Таму іх лягчэй пільнаваць. Таксама мяркую, што беларускае антыдопінгавае агенцтва працуе сапраўды прафэсійна і імкнецца пасьля ранейшых шматлікіх скандалаў мінімізаваць наступствы.

Цыганкоў: Ці адбыліся зьмены ў стаўленьні беларускай дзяржавы да спорту за апошнія гады? Часам складаецца ўражаньне, што ўвага дзяржавы, у тым ліку і матэрыяльная, зьменшылася.

Шчурко: Мяркую, што ня зьменшылася. У Беларусі праводзяцца чэмпіянаты сьвету па розных відах спорту. Ёсьць арыенціровачныя пляны, спартоўцы маюць заданьні і ведаюць, чаго ад іх хоча краіна. І гэта дастаткова рэзонна, бо дзяржава ўкладае даволі вялікія грошы ў спартоўцаў.

Цыганкоў: Ці стала яна больш укладацца ў масавы спорт, ці ў спорт высокіх дасягненьняў?

Шчурко: Я думаю, гэтая інфармацыя да канца не вядомая нават Міністэрству спорту, гэта даволі закрытая тэма. Вось у нас на Polo-маратон выйшлі 16 тысяч чалавек, гэта быў сапраўдны прарыў у масавым спорце. Трэба аддаць належнае Вадзіму Дзевятоўскаму — можна да яго па-рознаму ставіцца, але нельга ў яго адняць вялікі энтузіязм. Гэта быў добры прыклад, калі прыватны бізнэс супрацоўнічаў з спартовымі чыноўнікамі. Калі гэты прыклад будзе разьвівацца — гэта можна толькі вітаць.

Цыганкоў: Тая мадэль, калі большасьць фэдэрацыяў узначальваюць чыноўнікі — ці даказала яна сваю дзеяздольнасьць?

Профільнымі відамі спорту павінны кіраваць прафэсіяналы, спартоўцы, трэнэры. А гэтыя «вясельныя генэралы» толькі замінаюць

Хільмановіч: Я думаю, яна даказала сваю неэфэктыўнасьць. Профільнымі відамі спорту павінны кіраваць прафэсіяналы, спартоўцы, трэнэры. А гэтыя «вясельныя генэралы» толькі замінаюць. Вядома, ёсьць выключэньні (напрыклад, кіраўнік фэдэрацыі гандболу Канаплёў, як бы мы да яго ні ставіліся) — але яны, як выглядае, толькі пацьвярджаюць агульнае правіла.

Што да ўсёй сыстэмы, то ў Беларусі кожны выдатны спартовец пэрсанальна прыватызуецца кіраўніком дзяржавы. У Расеі няма прывязкі да асобы Пуціна, гэта кладзецца ў канцэпцыю вялікадзяржаўнага патрыятызму на мяжы з шавінізмам. У нас жа кіраўнік дзяржавы пэрсанальна раскладае трасы, расьпісвае графікі пераможцаў — вядома, постфактум.

Масавы спорт у Беларусі ў заняпадзе. Калі кажуць, што мы захавалі лепшае, што было ў СССР, то гэта няпраўда. У сёньняшняй сыстэме ў школьнікаў у 12–13 гадоў ужо стаіць выбар — альбо ісьці ў прафэсійны спорт, альбо пераставаць займацца любімым спортам. Масавы спорт страчаны, і таму мы маем правалы ў шмат якіх клясычных «беларускіх» відах спорту, такіх, як барацьба, спартовая гімнастыка.

Шчурко: Узровень кіраўніцтва фэдэрацыяй часта залежыць ад канкрэтнага чалавека. У таго ж Канаплёва ўжо даўно няма адміністратыўнага рэсурсу, але ён на сваім месцы і працуе лепш за многіх людзей «з рэсурсам». Спэцыфіка сытуацыі ў тым, што звычайна да чыноўнікаў, якіх прызначаюць кіраўнікамі фэдэрацыяў, прышпільваюць віцэ-прэзыдэнтам сапраўднага прафэсіянала. Ён становіцца вачамі і вушамі фармальнага кіраўніка. Але іншая справа, што многія кіраўнікі фэдэрацыяў ня здольныя вырашаць пытаньні, і ў спорце гэта відаць як нідзе.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG