Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейская лёгкая атлетыка — сыстэмны допінг пад прыкрыцьцём ФСБ


9 лістапада ў Жэнэве быў надрукаваны даклад незалежнай камісіі Ўсясьветнага антыдопінгавага агенцтва (WADA). Беспрэцэдэнтнае па сваёй адраснай скіраванасьці дасьледаваньне цалкам прысьвечана сыстэмнаму выкарыстаньню допінгу ў Расеі.

Самыя рэзанансныя высновы міжнародных адмыслоўцаў — наступныя:

— Выкарыстаньне забароненых прэпаратаў расейскімі лёгкаатлетамі ператварылася ў сыстэму.

— У працу акрэдытаванай Маскоўскай лябараторыі ўмешваліся супрацоўнікі ФСБ Расеі.

— Пакрываньне ўжываньня допінгу адбывалася зь ведама міністра спорту Віталя Мутко.

— У антыдопінгавай сыстэме Расеі ўсталявалася разгалінаваная сыстэма карупцыі, калі можна заплаціць за патрэбны вынік.

На падставе выяўленых дадзеных экспэрты рэкамэндавалі адхіліць расейскіх лёгкаатлетаў ад удзелу ў Алімпійскіх гульнях 2016 году ў Рыё-дэ-Жанэйра ды іншых турнірах, якія праводзяцца пад эгідай Міжнароднай фэдэрацыі лёгкай атлетыкі. Агучана патрабаваньне пажыцьцёва дыскваліфікаваць пяцёх бегуноў, чатырох трэнэраў і аднаго лекара.

Таксама прапанавана адклікаць акрэдытацыю ў Маскоўскай антыдопінгавай лябараторыі, выключыць расейскіх прадстаўнікоў з рады заснавальнікаў WADA. Рэкамэндавана адхіліць ад працы кіраўніка «Антыдопінгавага цэнтру» Рыгора Родчанкава, які ня толькі дапамагаў «маскіраваць» допінг-пробы, але і патрабаваў за гэта грошы. Менавіта пры ім было зьнішчана блізу 1500 пробаў расейскіх спартоўцаў.

Рада дырэктараў Усясьветнага антыдопінгавага агенцтва разгледзіць вынікі расьсьледаваньня незалежнай камісіі 18 лістапада на паседжаньні выканкаму арганізацыі ў амэрыканскім Каларада-Спрынгс. Тлумачэньні ад расейскага боку чакаюцца да канца гэтага тыдня.

Штаб-кватэра Расейскага алімпійскага камітэту
Штаб-кватэра Расейскага алімпійскага камітэту

Дык ці сапраўды ўжываньне допінгу ў расейскай лёгкай атлетыцы і яго пакрываньне дзяржаўнымі структурамі стала настолькі маштабным, што міжнародным органам нічога не застаецца, як ужыць захады небывалай за ўсю гісторыю сучаснага спорту жорсткасьці?

Меркаваньне выказвае адзін з самых уганараваных беларускіх лёгкаатлетаў, дыскабол Васіль Капцюх — заслужаны майстар спорту Беларусі, уладальнік кубку Эўропы, неаднаразовы прызэр чэмпіянатаў сьвету, бронзавы мэдаліст Алімпійскіх гульняў у Атлянце:

«Жыцьцё так выбудавана: лічыцца, што ўсе мэтады для дасягненьня мэты добрыя. Таму ня выключана, што некаторыя і спартоўцы, і трэнэры, і тыя ж чыноўнікі намагаюцца вырашыць пытаньні больш лёгкім шляхам. На жаль, у сучасным спорце пануюць іншыя тэндэнцыі: ня столькі працай, колькі хітрасьцю. Таму, напэўна, нешта спрабавалі зрабіць, як кажуць, за кулісамі. Хоць асабіста мне ня хочацца ў такое верыць, бо я ўсё сваё жыцьцё выступаў за чысты спорт. Не магу камэнтаваць, што было менавіта так, як сьцьвярджае камісія, але выглядае, што ўсё ж не бывае дыму без агню. Але калі такое насамрэч мела месца, то, мабыць, Расея пачала лічыць сябе звышдзяржавай, якая можа дазволіць сабе такія рэчы, не баючыся адказнасьці».

Мабыць, Расея пачала лічыць сябе звышдзяржавай, якая можа дазволіць сабе такія рэчы, не баючыся адказнасьці

Расейскія спартовыя чыноўнікі адмятаюць усялякую датычнасьць да допінгавых скандалаў, сьцьвярджаючы, што сябры незалежнай камісіі WADA намагаюцца палітызаваць сытуацыю; даносяцца гучныя заявы пра антырасейскую змову, абяцаюцца контразахады і г.д.

Агучваючы свой даклад, сябры камісіі падкрэсьлілі, што праблемы з допінгам характэрныя ня толькі для Расеі, і лёгкая атлетыка — не адзіная дысцыпліна, дзе ўжываюцца забароненыя прэпараты.

«У мяне ёсьць асабістае ўнутранае перакананьне, што сытуацыя з допінгам у Расеі — гэта працяг супрацьстаяньня часоў „халоднай вайны“», — заявіў кіраўнік незалежнай камісіі WADA Дзік Паўнд.

Кіраўнік незалежнай камісіі WADA Дзік Паўнд (Dick Pound)
Кіраўнік незалежнай камісіі WADA Дзік Паўнд (Dick Pound)

Для Беларусі допінгавыя скандалы — таксама ня рэдкасьць. Шэраг чэмпіёнаў пазбавіліся сваіх тытулаў за тое, што лябараторныя пробы паказалі станоўчы вынік пры аналізах на ўтрыманьне забароненых рэчываў. На сайце Нацыянальнага антыдопінгавага агенцтва можна знайсьці сьпіс спартоўцаў, дыскваліфікаваных на доўгія тэрміны ці нават пажыцьцёва. Усяго — блізу трох дзясяткаў прозьвішчаў, уключна з атлетамі, якія ў розныя гады кавалі славу беларускаму спорту. Вось некаторыя, хто ўваходзіў у склад нацыянальных камандаў у сваіх відах спорту:

Андрэй Міхневіч (штурханьне ядра). Пажыцьцёвая дыскваліфікацыя ад 06.08.2005.

Надзея Астапчук (штурханьне ядра). 4-гадовая дыскваліфікацыя (ад 15.08.2012 да 14.08.2016). Ануляваньне вынікаў чэмпіянатаў сьвету і Алімпійскіх гульняў ад 13.08.2005 да 12.08.2007, ад 05.08.2012 да 15.08.2012.

Андрэй Варанцоў (кіданьне молата). Пажыцьцёвая дыскваліфікацыя ад 09.10.2013.

Кацярына Шкуратава (цяжкая атлетыка). Пажыцьцёвая дыскваліфікацыя ад 26.10.2013.

Аліса Ўсманава (спартыўная акрабатыка). 8-гадовая дыскваліфікацыя ад 15.04.2011 да 14.04.2019.

Андрэй Пікуза (грэка-рымская барацьба). 4-гадовая дыскваліфікацыя ад 28.04.2015 да 27.04.2019.

Аніс Ананенка (лёгкая атлетыка, 800 мэтраў). 4-гадовая дыскваліфікацыя ад 16.06.2015 да 15.06.2019.

Дар’я Тавелева (цяжкая атлетыка). 2-гадовая дыскваліфікацыя ад 13.12.2014 да 12.12.2016.

І многія іншыя, хто прадстаўляе ў асноўным школы і цэнтры алімпійскага рэзэрву, а таксама абласныя спартыўныя таварыствы.

У розныя часы ў «чорныя сьпісы» таксама траплялі малатабойцы Іван Ціхан і Вадзім Дзевятоўскі, штангіст Міхаіл Аўдзееў, штурхальніца ядра Яніна Карольчык, кідальніца дыску Ірына Ятчанка, прадстаўніца вольнай барацьбы Васіліса Марзалюк, плыўчыха Аляксандра Герасіменя, біятляніст Вадзім Сашурын. Некаторыя па заканчэньні тэрміну дыскваліфікацыі вяртаюцца і дэманструюць высокія вынікі, а іншыя, як цяжкаатлет Генадзь Аляшчук, застаюцца ў сьпісе назаўсёды.

Штурхальніца ядра Надзея Астапчук, пазбаўленая алімпійскага золата Лёндану-2012 і выкрасьленая зь ліку пераможцаў ранейшых топ-турніраў, наракае на неабароненасьць спартоўцаў перад форс-мажорнымі абставінамі. Па яе словах, мэханізм доказу невінаватасьці надзвычай складаны і дарагі (дастаткова згадаць паўмільёна даляраў, патрачаныя ў судах Ціханам і Дзевятоўскім), а дзяржаўныя і спартовыя ведамствы лічаць за лепшае проста пусьціць сытуацыю на самацёк:

Надзея Астапчук
Надзея Астапчук

«Адназначнай пазыцыі ў мяне няма, але тое, што цяпер творыцца, часта досыць нелягічна. Усе змагаюцца за тое, каб не было парушэньня правоў чалавека. І ўрэшце атрымліваецца, што ўсе гэтага вартыя, толькі не спартоўцы. Бо ў іх ніякіх правоў насамрэч няма! Няма тэрміну даўнасьці, няма прэзумпцыі невінаватасьці, нічога няма. Захацелі — узялі і выкінулі, перакрэсьлілі ўсё жыцьцё. Няма законаў, якія дазваляюць пазбаўляць людзей мэдалёў празь нейкі працяглы тэрмін, асабліва калі гаворка пра спаборніцтвы чатырох- ці васьмігадовай даўнасьці. Проста вырашылі і пазбавілі. Як так? Абсалютна не разумею. І пакуль ня будуць ліквідаваныя такія вось белыя плямы, са спартоўцамі можна будзе рабіць усё што заўгодна. Іншымі словамі, да таго часу, пакуль канфліктныя моманты ня будуць юрыдычна карэктна аформленыя, будуць ісьці спрэчкі, будзе складацца ўражаньне, што нас проста рэальна «закопваюць».

Апроч ужо згаданага сьпісу, у Нацыянальным антыдопінгавым агенцтве Беларусі існуе пералік спартоўцаў, да якіх ужытыя санкцыі паводле рэкамэндацыі Дысцыплінарнай антыдопінгавай камісіі за парушэньне спартыўнага рэжыму, пачынаючы ад 2011 году. Гэта яшчэ два дзясяткі прозьвішчаў.

Але і гэта яшчэ ня ўсё: сёлета ва Ўсясьветным антыдопінгавым кодэксе зьявіўся новы артыкул, які забараняе супрацоўнічаць нават з пэрсаналам спартоўца, які парушыў антыдопінгавыя правілы. Маюцца на ўвазе трэнэры, мэнэджэры, агенты, чальцы штату каманды, мэдычны пэрсанал, а таксама бацькі. Беларусы адзначыліся і тут: у сьпісе асобаў, якія падпалі пад гэты артыкул, — Любоў Бялова, экс-трэнэр па паўэрліфтынгу.

Алімпійскі прызэр, кідальнік дыска Васіль Капцюх ні ў якім разе не апраўдвае ўжываньне стымулюючых прэпаратаў, але сумняецца ў адэкватнасьці некаторых мэтадаў, якімі ведамствы змагаюцца з парушальнікамі спартовых законаў. Найперш, выклікае пытаньні істотна павялічаны тэрмін даўнасьці, з-за чаго ў шэраг забароненых задняй датай трапляе тое, што яшчэ нядаўна было дазволена:

Uэта тое самае, што стаяў на дарозе знак абмежаваньня 80, сёньня паставілі 40 — і прад’яўляюць прэтэнзіі: маўляў, 8 гадоў таму ты ехаў зь недазволенай хуткасьцю.

«Усё пазнаецца ў параўнаньні, бо ў гэтым сэнсе ўсё вельмі памянялася. Раней разам з усімі пасьля спаборніцтваў здаў тэст на допінг-пробу, нейкі час прайшоў — і табе далі адказ. І далей ты спакойна выступаеш, трэніруесься. Цяпер усё інакш: мінула 8 гадоў — зноў бяруць пробу. Але час прайшоў, і легальны некалі прэпарат на дадзены момант ужо забаронены. І рэжуць па жывому: ануляваць, пазбавіць мэдаля і г.д. За ўсім гэтым — доўгія гады працы, якой аддадзена ўсё. Ведаеце, гэта тое самае, што стаяў на дарозе знак абмежаваньня 80, сёньня паставілі 40 — і прад’яўляюць прэтэнзіі: маўляў, 8 гадоў таму ты ехаў зь недазволенай хуткасьцю. Зь пераглядам старых вынікаў асабіста я ня згодны, навошта варушыць мінулае? Рабіце па сутнасьці: здарылася па факце — карайце. Нельга так, як цяпер, гэта не зусім прыгожа і карэктна. Бо мэта — знайсьці крайняга пад апраўданьне новых нормаў».

Адмыслоўцы прагназуюць, што колькасьць спартоўцаў, злоўленых за руку на ўжываньні забароненых прэпаратах, у Беларусі будзе расьці. Перадусім з-за недасканаласьці фармакалягічнай базы, якая ідзе па сьлядах чыіхсьці распрацовак і апрыёры трапляе ў прыцэл змагароў з допінгам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG