Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Моц рэжыму – у немачы апазыцыі


Сяргей Дубавец
Сяргей Дубавец

Наша апазыцыя – спрэс цудоўныя людзі, вартыя пашаны і падтрымкі. Гэта не абмяркоўваецца.

Але як палітычная сіла апазыцыя больш падобная да дысэнту, да гурткоў па інтарэсах. Яна малаініцыятыўная, некрэатыўная і разьяднаная.

Слабасьць апазыцыі, на маю думку, у найменшай ступені тлумачыцца асабістымі якасьцямі актывістаў – у большасьці, паўтаруся, годных людзей. Гэтая слабасьць – вынік працы аграмаднага апарату рэжыму, які атрымлівае салідныя заробкі зь дзяржаўнага бюджэту адно толькі за дэмаралізацыю апанэнтаў.

З гэтага вынікае наступная выснова: за слабасьцю апазыцыі трэба бачыць інсьпірацыі рэжыму, за кожным збоем і правалам (няяўнымі, у першую чаргу) трэба разглядаць маштабную працу адпаведных структур.

Возьмем выбарчую тэму. Помніце Домаша? Як у той показцы: бачыш сусьліка? І я ня бачу. А ён ёсьць. Толькі ўжо Ганчарык. Згадзіцеся, абсалютна нелягічная схема, у якую тады нас прымусілі паверыць і прагаласаваць. Няўжо гэта ня ўрок пра «адзінага кандыдата»? Не. Бо далей зноў паўтараецца. Помніце Мілінкевіча? Ён адзіны кандыдат, так? А вось вам ні з пушчы ні з поля яшчэ і Казулін – яшчэ больш радыкальны ў пляне сказануць (гдзе дзеньгі, Саша?), прабіцца з бойкай на сход, павесьці на штурм. Бачыш адзінага? Не. Бо іх два. Рэжым беспардонна троліць апазыцыю паводле сваіх падступных сцэнароў, а мы вядзёмся і вядзёмся, таму што для нас гэта краіна, нацыя, жыцьцё – усё па вялікім рахунку, а для іх – зарплата, пагоны, тэрыторыя. На наступныя выбары «сусьлікаў» было 9. Кантора, відаць, каталася з рогату, бо нічога сьвятога для іх, ясная рэч, не было і няма. Астатнія ляжалі «снапамі на таках», у крыві і крыўдзе невымернай. Яшчэ на наступныя выбары – адзін, нарэшце, але цяпер – цур яго! – «ня наш». Нібы ранейшыя былі нашэйшыя…

З гэтага боку – любоў, свабода, Радзіма. З таго боку – зарплата, пагоны, тэрыторыя. Яны глядзяць на нас, як на наіўных лузэраў, прафэсуру ў галёшах – штурхані паваліцца. Пара б і нам паглядзець на іх, ацаніць іх сцэнарныя здольнасьці.

Калі чыста фігуральна, апазыцыя заўсёды дзейнічала і дзейнічае на адзін крок, кантора – як мінімум, на два. Таму пасткі і сюрпрызы расстаўляе і раздае толькі адзін бок – рэжым. Мы «гуляем у вайнушку» на перадавой, а ў штабе сядзяць яны, бо ў нас штабу няма. І таму мы прайграем. Апошні штаб – БНФ – застаўся на мяжы 1990-х, там, дзе і апошнія нашы перамогі.

Яны моцныя ня зброяй і не турмой, а подласьцю – залезьці ў кватэру, пракалоць шыны, адабраць дзіця. Іх ахілесава пята – адсутнасьць якіх-кольвек ідэалаў, сардэчная пустата. У большасьці яны – звычайныя гопнікі, слухаюць Дробыша на айфонах і глядзяць ТНТ («мы не делаем новости, мы просто хотим, чтобы ты смеялся»), у іх няма ні Радзімы, ні гісторыі, ні будучыні, яны жывуць на тэрыторыі кожны сваёй кар’еры. Але ў іх ёсьць штаб. І пакуль мы думаем, ці варта зьбірацца, яны ўжо ведаюць, хто з нас будзе супраць, бо недзе там у Клічаве за бізнэс наехалі на цешчу…

Штаб і мысьленьне на два крокі – усё, што трэба апазыцыі, каб аб’яднацца і стаць альтэрнатыўным палітычным суб’ектам. Калі нехта супраць, гэта сыгнал – у справу ўключыўся іншы штаб – тысячы спэцыялістаў у подласьці і маніпуляцыі людзьмі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG