Алесь (Аляксандар Аляксандравіч) Пашкевіч нарадзіўся на Случчыне ў вёсцы Набушава 11 верасьня 1972. У 6 гадоў навучыўся чытаць, касіць (і выпіваць), аднак ня ўпэўнены, што ўсё тое аблегчыла яму жыцьцё. Закончыў філфак БДУ і асьпірантуру пры ім. Публікавацца пачаў, як ці не ўсе літаратары-гуманітарыі, у часы студэнцтва — у газэце «Чырвоная зьмена» (пры якой дзейнічала літаб’яднаньне «Крыніцы» і якое некалькі гадоў узначальваў). Цяпер у тое ўжо ня верыцца: у часы Шушкевіча і Кебіча «крынічанцы» заснавалі і выдавалі штомесячны часопіс маладых літаратараў «Першацьвет», атрымліваючы ад дзяржавы ганарары і заробкі. Іншыя запісы ў працоўнай кніжцы — загадчык аддзелу паэзіі часопіса «Нёман», дацэнт філфаку БДУ. Абараніў кандыдацкую дысэртацыю па паэзіі (1998) і доктарскую па прозе (2002). Паэт, празаік, літаратуразнаўца, публіцыст. Сябра Саюза беларускіх пісьменьнікаў (з 1995). Аўтар кніг паэзіі «Нябесная сірвента» (1994), прозы — «Пляц волі» (2001), «Круг» (2006), «Сімъ побѣдиши» (2012), «Кроў з крыві беларуса: Карусь Каганец» (2013), «Рух» (2015), а таксама літаратуразнаўчых манаграфій «Зваротныя дарогі» (2001) і «Канцэпцыя нацыянальнага быцьця ў беларускай літаратуры» (2002). Піша на беларускай мове. Вершы і проза перакладаліся на расейскую, украінскую, польскую, літоўскую, баўгарскую, ангельскую і швэдзкую мовы. З 2002 па 2011 гады быў старшынём Саюза беларускіх пісьменьнікаў. Дыплямант Міжнароднага Акадэмічнага Рэйтынгу папулярнасьці «Залатая фартуна» (2008). Ляўрэат Міжнароднай прэміі імя Валянціна Пікуля (з уручэньнем залатога мэдаля) за гістарычную праўду ў рамане «Пляц волі» (2009). Узнагароджаны Прэзыдэнтам Украіны ордэнам «За заслугі» (2006).
1. Для каго вы пішаце?
Найперш для сябе, родных і блізкіх, аднадумцаў — са спадзевам, што апошнія ўсё ж ёсьць.
2. Дзе вам найлепш пішацца, і калі?
Проза — дома, дажджлівай восеньню і сьнежнай зімой. Вершы — хто ж іх ведае?..
3. Аўтарам якой ужо напісанай кнігі вы хацелі б быць?
Аніякай. Дастаткова пачувацца іх — тых кніг — чытачом.
4. Які літаратурны герой найбольш падобны да вас?
Спадзяюся, ён яшчэ ствараецца...
5. Хто ваш улюбёны пісьменьнік?
Усе разам і ніхто паасобку.
6. Што вы цяпер чытаеце?
Чытаю амаль усю сёньняшнюю беларускую літаратуру, а яшчэ «падсеў» на замежныя аўдыёкнігі.
7. На якіх замежных мовах (расейская ня лічыцца) вы можаце чытаць?
На ўкраінскай, польскай, сэрбскай, харвацкай, чэскай, славацкай, нямецкай.
8. Якая ваша найбольш улюбёная кніга з напісаных вамі?
«Малодшая», апошняя па часе напісаньня, якую найбольш хваляць і, зрэдзь, крытыкуюць, — кніга «Рух».
9. Якую кнігу вам яшчэ хочацца напісаць?
Не самую горшую з выдадзеных і, спадзяюся, не адну.
10. Калі вы адчуваеце сябе найбольш свабодным?
Раней пачуваўся такім у дзяцінстве, цяпер жа — калі пішу і калі плаваю (не ў басэйне, а ў возеры ці моры).
Яшчэ на гэтую тэму
Самае папулярнае
1