Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літанкета Свабоды: Аляксандар Фядута


Аляксандр Фядута — нарадзіўся ў год адстаўкі Хрушчова. Гарадзенец, які заблудзіўся ў Менску. Кандыдат філялягічных навук. Ляўрэат прэміі імя Алеся Адамовіча Беларускага ПЭН-цэнтру і прэміі «Вольнае слова» БАЖ. Самы шумны з апублікаваных «тэкстаў» — «белыя плямы» ў газэтах сьнежня 1994 году. Астатняя біяграфія — у Вікіпэдыі.

1. Для каго вы пішаце? (Хто ваш ідэальны чытач?)

Кожны тэкст сам выбірае свайго ідэальнага адрасата — у залежнасьці ад жанру. Мне пашанцавала: у мяне былі два ідэальныя чытачы — мой навуковы кіраўнік Ігар Ягораў і мой рэдактар Яўген Будзінас. Абодвух ужо няма на сьвеце. Працягваю зь імі спрачацца, думаю, што яны маглі б сказаць мне пра прачытанае. Успаміны напісаў у «амэрыканцы» для жонкі — таму што па-іншаму ня мог зь ёй пагаварыць.

2. Дзе вам найлепшы пішацца, і калі?

У адзіноце. Жонка сказала, што мая «болдзінскай восень» была ў «адзіночцы» «амэрыканкі». Амаль так. На самай справе, пішу позна вечарам і ноччу, выспаўшыся да гэтага, уключыўшы на кампутары клясычную музыку.

3. Аўтарам якой ужо напісанай кнігі вы хацелі б быць?

«Чырвонае і чорнае» Стэндаля. «Лістапад» Генрыка Жавускага. «Жыцьцё спадара дэ Мальера» Міхаіла Булгакава. «Пецярбург» Андрэя Белага. «Прыгожыя, дваццацігадовыя» Марэка Хласка. «Ад Чачота да Багушэвіча» Генадзя Кісялёва. А наогул — хочацца напісаць падручнік па літаратуры для сярэдняй школы. Гэта самае важнае.

4. Які літаратурны герой найбольш падобны да вас?

Мумi-тата ў кнігах Тувэ Янсан. Хоць часам ўва мне пачынаюць бушаваць іншыя яе героі — Снусмумрык, Андатр, Хемуль.

5. Хто ваш улюбёны пісьменьнік?

У розны час розныя. Самая ўстойлівая любоў — да Філдынга, Стэндаля і Чэстэртана.

6. Што вы цяпер чытаеце?

«Вопыт аўтабіяграфіі» Гербэрта Ўэлса і «Паэтыка Пушкіна» Сяргея Бачарова.

7. На якіх замежных мовах (расейская ня лічыцца) вы можаце чытаць?

Польская і ўкраінская — свабодна. Ангельская — зьвяртаючыся да слоўніка. Баўгарская — трэба аднаўляць, але гэта пасьля габілітацыі.

8. Якая ваша найбольш улюбёная кніга з напісаных вамі?

Такіх дзьве. «Паэтычны аглядальнiк» і «Мой маленькі Парыж».

9. Якую кнігу вам яшчэ хочацца напісаць?

Я расплянаваў, што я буду рабіць пасьля габілітацыі. Прасьцей спытаць не пра адну кнігу, а пра кнігі. «Надзённае жыцьцё Віленскага ўнівэрсытэту першай траціны XIX стагодзьдзя». Біяграфіі Булгарына і Міцкевіча. І абавязкова — скончыць мэмуарную трылёгію, распачатую «Парыжам». Спадзяюся, дажыву да таго часу, калі пэрсанажы трэцяга тому паспрабуюць змагацца за тое, каб ён ня быў апублікаваны.

10. Калі вы адчуваеце сябе найбольш свабодным?

Трэба адрозьніваць свабоду і волю — як адрозьніваў іх Пушкін. Для яго свабода — гэта магчымасьць рабіць усё, ні на каго не аглядаючыся, аж да злачынства. Такім быў яго Алека ў «Цыганах». А воля — гэта калі дзейнічаюць маральныя самаабмежавальнікі. Вось свабодным у гэтым разуменьні я не адчуваю сябе ніколі, і, напэўна, ня вельмі хочацца. А вольным я адчуў сябе, калі зразумеў, што пасьля сьмерці Васіля Лявонава і Генадзя Бураўкіна маральны самаабмежавальнік для мяне ўсталяваны імі. Азіраюся на іх, думаю, што сказалі б мне яны. Ва ўсім астатнім я вольны. Асабліва калі выключаны тэлевізар і інтэрнэт, гучыць Вівальдзі або мазурка Манюшкі да «Страшнага двара» і я сядаю пісаць чарговы тэкст.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG