Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сямігодка Лукашэнкі


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў

Прэзыдэнт Лукашэнка кіраваў сем гадоў, хоць выбіралі на пяць. Чаму, чаму так? Душа беларуская не знаходзіць адказу.

Ёсьць такая парода людзей – праўдашукальнікі. Адзін такі шукае і не знаходзіць адказу на пытаньне: чаму, калі Лукашэнку абралі ў 1994 годзе, наступныя выбары адбыліся толькі праз сем гадоў – у 2001-м? Выбіралі яго на пяць, як у канстытуцыі, кажа мне мужчына за шэсьцьдзесят, я не п’яны быў, усё памятаю! І што ты яму скажаш? Спрачацца не выпадае. «Мэдычны факт», адказваў у такіх выпадках любімы некалі чытаючым народам Астап Бэндэр.

Журналістам такія праўдашукальнікі скрозь трапляюцца. Мусіш выслухаць, нічога ня зробіш, такая прафэсія. Быў такі прыклад, успамінае: калі Хрушчоў зь пяцігодкі зрабіў зьнянацку сямігодку, не параіўшыся, яго ўмэнт на пэнсію адправілі. Правільна я гавару? Ну, Вам лепей відаць, можа так і было, хто ведае з тым Палітбюро. І тут: на пяць гадоў балятаваўся, і раптам як абухом – цэлых сем і быццам так і трэба… Выбары ж павінны былі быць наступныя ў 1999-м, затым у 2004-м і гэтак далей. Я ж за яго гатовы быў хоць сто разоў галасаваць, але ня так: то пяць сказаў, а сем зрабіў, то зноў пяць!

Куды ён толькі не зьвяртаўся па тлумачэньні. У ваенкамаце сказалі: усё, што зьвязана з Лукашэнкам – ваенная тайна, таму што ён галоўнакамандуючы, разгалошваць нельга. У выканкаме сказалі, што такога ня можа быць, што ў яго не ў парадку з арытмэтыкай. Напэўна шлянгамі прыкідваюцца? – робіць здагадку… Але хто для іх чалавек з народу? Ніхто. Што зь ім цацкацца. Хаця ў чалавека крытыка, можна сказаць, канструктыўная. Каб яму далі людзкае тлумачэньне першай сямігодкі, у яго ў загашніку прапанова: зрабіць усё па сем гадоў, як першы раз. Тады выйдзе, што Лукашэнка кіраваў на сёньняшні час усяго тры разы па сем гадоў. А значыць выбраўся чацьвёрты раз, а ня пяты, вы разумееце? Што азначае зусім нямнога, можна зараз сем гадоў тады быць, а потым яшчэ сем, напрыклад… Такія ў чалавека думкі ў галаве, але дробнае начальства слухаць не жадае, а да вялікага далёка.

У душы беларускай цёмны лес, інстытут прэзыдэнцтва пасьпеў міталягізавацца да дзівосаў часам. У галовах ён існуе быццам гадоў дзьвесьце. Ва ўсякім разе, ім здаецца, што Лукашэнка кіраваў заўжды, пры Гарбачове таксама, ніякіх іншых першых сакратароў прозьвішчы ў памяці не захаваліся. Апроч хіба што Машэрава. Але калі ён быў? Невядома. Страшэнна даўно. А Лукашэнка – вось ён, заўсёды на месцы, каля дзяржаўнага стырна.

Словы «прэзыдэнцкія выбары» многія ўспрымаюць нібы руцінна: трэба схадзіць, як звычайна, і прагаласаваць за Лукашэнку. Праўда, пры гэтым выкрэсьліваюць на карысьць Караткевіч. Але ж на словах за яго, толькі за яго, як заўжды. А на справе, як аказваецца, «прэзыдэнцкія выбары» адмыкаюць ключыкам патаемныя дзьверцы ў беларускай душы, і што за гэтымі дзьверцамі – начальству невядома. Нам таксама.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG