Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто першы нап’ецца кашэчай крыві


Сяргей Дубавец
Сяргей Дубавец

Выбары ў нас як абед у мэксыканцаў. Лукашысты і байкацісты ўсе як адзін пайшлі на сіесту, паляжаць.

Першыя самазадаволена парыгваюць тлустай лічбай, бессаромна забыўшыся на сьмяротны грэх абжорства. Другія самазадаволена пасапваюць, абвясьціўшы чарговую маральную перамогу.

«Ціхі час».

Трэція блукаюць па задымленых прасторах інтэрнэту, дабіваючы ўяўных ворагаў – агентаў КДБ, шэльмаў і здраднікаў – са свайго ж лягеру. Тут жа зьбіраюцца ў кучкі. Гучаць клятвы – ніколі ні з кім не супрацоўнічаць! Клянуцца на сымбалях нянавісьці. Але па-за сецівам іх не чуваць.

Па-за сецівам ёсьць яшчэ чацьвёртыя, імёны якіх мы звычайна даведваемся пад чарговыя выбары. Зноў усё закіпіць у неабыякавых душах. Нежартоўныя жарсьці зноў рассвараць учорашніх аднадумцаў і зьвядуць разам жабу з жуком. Але пакуль і ў чацьвёртых таксама – сіеста, якая больш нагадвае дзіцячую гульню ў маўчанку.

Ехали цыгане, кошку потеряли,

Кошка сдохла, хвост облез,

Кто промолвит, тот и съест,

А кто улыбнется —

Кошачьей крови напьется.

У палітыцы тое самае. Так ня хочацца есьці гэтую даўно абрыдлую ўсім дохлую кошку ды яшчэ й піць яе кроў з усьмешкай. Але й сатысфакцыі за іншае не прадугледжана. І тут ужо ўсё наадварот як у гульні. Хто першы скажа, той і перамог.

Ня ведаю, як вы, а я дык ні разу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў не адчуваў сябе такім заінтрыгаваным. З прэзыдэнтам і ягоным рэжымам «усё ясна», як ніколі раней – сюрпрызы з таго боку аж перавычарпаліся, настолькі там цяпер пуста, аж да страты палітычнай суб’ектнасьці дэ-факта. Само па сабе «цела» ўжо нічога ня зробіць, і ўсё, што нам застаецца, – назіраць за яго рэакцыямі на зьнешнія і ўнутраныя раздражняльнікі.

Мячык інтрыгі сёньня – на супрацьлеглым баку. Хто першы прамовіць слова, агучыць праграму, правядзе рэбрэндынг, проста хоць крыху прыцягне да сябе ўвагу, створыць інфармацыйную нагоду?

Я пра тое, што калі «ціхі час» расьцягнецца да Чарнобыльскага шляху, дык ён так «ціхім шляхам» і застанецца – бяз новай ідэі, новых герояў, новай надзеі.

І тут галоўнае слова – новае. Са старымі і сто разоў чутымі формамі трэба разьвітацца, бо ў іх энэргетычнага патэнцыялу столькі ж, колькі ў першага прэзыдэнта – лічба зь мінусам.

Эй, мэксыканцы! Далежвайце сваю сіесту, абвяшчайце фіесту! Куды нам выходзіць з нашымі маракасамі з нашага інтэрнэту? Мы таксама хочам напіцца кашэчай крыві, то бок усьміхацца гэтаму фантастычнаму жыцьцю, сваёй любімай краіне і таму, як хораша ў ёй усё ўладкавана для чалавека!

Ані гуку вакол.

Вось жа цікава – колькі працягнецца «ціхі час»? І хто першы парушыць маўчанку.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG