Адбылося масавае самаспаленьне прадстаўнікоў дэмакратычных сіл. Да маральнасьці клікалі нават тыя, ад каго раней можна было пачуць толькі прагматыку. Цэлыя натоўпы «донкихотствующих» праходзілі міма, кусаючы ўсё і ўся, начыста забыўшыся, што Сэрвантэсаў раман – парадыйны. Але ніякі іншы жанр, апроч маралізацыі, не надаецца для самаспаленьня і ніякі іншы так выразна не апісвае саму працэдуру.
ЗМАГАНЬНЕ ПЕРАЕХАЛА Ў СЕЦІВА
Самаспаленьні, як вы разумееце, адбываліся ў інтэрнэце. «Амаральна ўдзельнічаць у фарсе», «У нас няма выбараў», «Толькі байкот», «Толькі ігнор», «Караткевіч – агент КГБ»…
Беспрэцэдэнтныя маштабы маралізму на гэтых выбарах беспрэцэдэнтна канцэнтраваліся выключна ў сеціве. Пераказваючы згаданыя лёзунгі каму-небудзь у жывым жыцьці, найлепшае, на што я мог разьлічваць, што іх успрымуць як мэтафару, а ня воклічы марсіяніна ці вар’ята.
Народ, як заўсёды, галасаваў, паказваючы зададзены вынік. Накруткі былі патрэбныя толькі на тое, каб дагадзіць самалюбству нязьменнага першага прэзыдэнта.
КАЛХОЗ ВЫБІРАЎ СТАРШЫНЮ
У сэнсе саміх выбараў не адбылося нічога новага. Калхоз выбіраў старшыню.
Пра тое, што ППРБ ператварыў краіну ў калгас, мы пішам 20 гадоў. Старшыня брутальны, не цярпіць пярэчаньня, у гаспадарцы парадак, як у кароўніку. Выбары – значыць выбары, мусяць прагаласаваць усе, статкам. Зразумела – за яго. Выбары старшыні – заўсёды з прадказальным і неаспрэчным вынікам. Гэта як вызначаны жанр, інакш проста ня можа быць, пакуль тып улады ў краіне – старшыня ў калгасе.
І тут самае важнае, на чым раней, магчыма, не канцэнтравалася ўвага. Беларусы галасуюць за Лукашэнку. І ня проста пад булкі з півам, а ў самы што ні ёсьць крызіс, пры адсутнасьці паблажак і бэнэфітаў, якія раней пад выбары заўсёды былі.
Згодны, што фальсыфікацыі рабіліся паўсюдна, дабраахвотна-рэальна ён набраў ня больш за 40 адсоткаў, але ж і больш за яго, нават у самых сьмелых фантазіях, не набраў ніхто.
БЕЛАРУСЫ ВЫБІРАЮЦЬ ЛУКАШЭНКУ
Беларусы галасуюць за Лукашэнку – чаму?
Мяне тут мала цікавіць «статак» – ён заўсёды павернецца за асноўнай масай. Ну і не пра тых гаворка, хто супраць. Мяне цікавіць вялікая колькасьць нармальных беларусаў, якія галасуюць за яго.
На маю думку, гэта і ёсьць аснова таго народу, які рэальна выбірае. І калі з кім і трэба працаваць дэмакратычным сілам, дык зь імі, з нармальнымі людзьмі, якіх большасьць, а паводле грамадзянскай адказнасьці – абсалютная большасьць.
Чаму – за яго? Няма (моцнай, прывабнай, рэальнай) альтэрнатывы. Няма іншага палітычнага суб’екта, які ва ўяўленьні чалавека быў бы сувымерны зь дзейным кіраўніком. Гэта можа быць асоба ці рух – агульнавядомыя, даступныя. Ім падабаецца Караткевіч, апазыцыя з чалавечым абліччам, але яны не адчуваюць яе «вагі», яе сувымернасьці яму.
АПАЗЫЦЫЯ З ЧАЛАВЕЧЫМ АБЛІЧЧАМ
Асноўны пасыл Караткевіч – улада павінна слухаць людзей. Перастаць душыць і прыніжаць гаспадара, прадпрымальніка, доктара, настаўніка, журналіста… Усё, што яна кажа па-за гэтым, ня мае вялікага значэньня. Бо ўсё па-за гэтым – ужо і не яе справа. Перастаньце душыць, мы з усім разьбярэмся самі.
Перастаньце душыць.
Караткевіч – таксама беспрэцэдэнтны кандыдат. Чалавечае аблічча і праграма вызваленьня асобы – такіх раней не было. Калі б за пяць гадоў яна з гэтым сваім пасылам набрала палітычнай вагі і стала сувымерным суб’ектам, на наступных выбарах можна было б казаць і пра рэальную Плошчу, і пра байкот, калі хочаце, – як выніковую палітычную кампанію.
Але ж колькі навыскалялася на Караткевіч апазыцыйнае сеціва! Асабліва ўвіхаліся камэнтатары-цёткі. Вось дзе адкрыўся яшчэ адзін «шлюз» нашай грамадзянскай супольнасьці. Цёткі цётку не прапусьцяць ні за што! Зусім у стылі ППРБ, які сказаў, што чалавеку ў спадніцы кіраваць беларускім народам рана. Чыста па-старшынёўску так сказаў.
Альтэрнатыўны палітычны суб’ект у Беларусі быў прыбіты ў 2001-м у асобе Домаша і канчаткова дабіты ў 2006-м у абліччы Мілінкевіча. З тых часоў беларускаму грамадзяніну ў масе сваёй проста няма за каго галасаваць, няма за кім выходзіць на Плошчу. 10 гадоў стагнацыі і разлажэньня ператварылі сёньняшнюю апазыцыйную тусоўку ў «пару тысяч чалавек», да якіх ніхто не далучаецца, бо проста няма да каго. «Яны не прадстаўляюць нашых інтарэсаў і яны не альтэрнатыва, каб мы перасталі галасаваць за Лукашэнку, а галасавалі за іх».
Старая апазыцыя сёлета ўразіла поўнай адсутнасьцю крэатыву, жывога розуму, драйву і дрыблінгу. Прыдумалі «фішку» – «Рух за дзяржаўнасьць і незалежнасьць Беларусі». Хіба ў нас іх няма? Гэта ў якім трэба жыць кам’юніты заўтрашняга дня, дзе мы ўжо ўсё страцілі і ўжо ваюем, каб вярнуць… Гэта як на фільм «Зомбі вяртаюцца» пайсьці ды там і застацца жыць. Нездарма людзі пратэстуюць, што іх у такое запісваюць сіламоц. Кіно, як той казаў, вельмі на аматара.
Зразумела, што ўсе моцна стаміліся – не ад таго, што працавалі, а ад таго, што вынікаў няма і нічога вакол не мяняецца. Але на тое ёсьць толькі адзін трывіяльны рэцэпт, які й нагадваць разумным людзям неяк сорамна: хочаш зьмяніць рэчаіснасьць, пачні зь сябе.
Пасьля сканчэньня жывой трансьляцыі з выбараў 2015 калега сабраўся дахаты са словамі «Праехалі». А я думаю, што не праехалі. Прычым пяты раз не праехалі. Але гэта ня значыць, што не праедзем ніколі.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.