Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Усе чатыры кандыдаты прагаласуюць 11 кастрычніка


Кандыдаты на прэзыдэнта Сяргей Гайдукевіч, Тацяна Караткевіч, Мікалай Улаховіч і Аляксандар Лукашэнка
Кандыдаты на прэзыдэнта Сяргей Гайдукевіч, Тацяна Караткевіч, Мікалай Улаховіч і Аляксандар Лукашэнка

Ніхто з чатырох кандыдатаў на прэзыдэнта Беларусі не зьбіраецца галасаваць датэрмінова. Кожны кажа, што ён асабіста прыйдзе да выбарчай скрыні ў нядзелю, 11 кастрычніка.

Сяргей Гайдукевіч: «Наша краіна кампактная, мы можам абысьціся без датэрміновага галасаваньня наагул»

Сяргей Гайдукевіч сёньня сказаў Свабодзе, што прагаласуе 11 кастрычніка ў Менскім раёне, там, дзе ён афіцыйна зарэгістраваны. А яго асабістае стаўленьне да самой працэдуры датэрміновага галасаваньня адмоўнае:

«Я лічу, што наша краіна параўнальна невялікая. Таму і вялікай неабходнасьці ў правядзеньні датэрміновага галасаваньня ў нас наагул няма. Мы кампактна разьмешчаныя, і я ня бачу нейкай неабходнасьці камусьці адмацоўвацца».

Тацяна Караткевіч: «Менавіта датэрміновае галасаваньне дае глебу для фальсыфікацыяў»

Кандыдатка на прэзыдэнта выпусьціла спэцыяльны відэаролік, у якім тлумачыць, чаму не патрэбна галасаваць датэрмінова:

«Я запрашаю ўсіх вас галасаваць 11 кастрычніка. Бо менавіта датэрміновае галасаваньне дае магчымасьць сфальсыфікаваць вынікі выбараў. Паводле закону ніхто ня мае права прымусіць вас галасаваць датэрмінова. Калі такое адбываецца, тэлефануйце ў мой штаб — разьбяромся.

11 кастрычніка я заклікаю вас галасаваць за мяне — Тацяну Караткевіч, за мірныя перамены. Толькі — так».

Аляксандар Лукашэнка: «Права людзей, калі ім галасаваць»

Дзейны кіраўнік дзяржавы прагаласуе 11 кастрычніка, паведамілі Свабодзе ў яго выбарчым штабе. Дакладны час, у які Лукашэнка прыйдзе на свой выбарчы ўчастак, вызначаць пазьней. Найверагодней, рашэньне пра гэта будзе прынята ў пятніцу, 9 кастрычніка.

15 сьнежня 2010 году, у другі дзень датэрміновага галасаваньня на папярэдніх прэзыдэнцкіх выбарах, Аляксандар Лукашэнка на нарадзе па пытаньнях выбарчай прэзыдэнцкай кампаніі і арганізацыі грамадзкай бясьпекі ў гэты пэрыяд заяўляў:

«Няма ніякай неабходнасьці сёньня падштурхоўваць людзей да датэрміновага галасаваньня. Людзей трэба прасіць, каб яны абавязкова прагаласавалі. А калі — гэта іх права... Калі зь нейкіх прычын трэба, каб людзі прагаласавалі датэрмінова, з ініцыятывы кіраўнікоў прадпрыемстваў або яшчэ зь нейкіх там прычын, людзей трэба папрасіць, і апошняе слова — за людзьмі. Хочуць яны ісьці датэрмінова галасаваць — няхай ідуць. Ня хочуць — мы іх чакаем 19 сьнежня на ўчастках для галасаваньня».

Мікалай Улаховіч: «Зь цягам часу галасаваць будуць толькі ў асноўны дзень»

Кандыдат на прэзыдэнта Мікалай Улаховіч сказаў Свабодзе, што прагаласуе 11 кастрычніка на сваім выбарчым участку, які месьціцца па вуліцы Беларускай у Менску. І ўдакладніў, што пойдзе галасаваць разам з жонкай, бо сумесны паход на выбарчы ўчастак ужо стаў у іх сямейнай традыцыяй.

А пра датэрміновае галасаваньне прэтэндэнт на вышэйшую дзяржаўную пасаду кажа так:

«Калі гаворка ідзе пра саму працэдуру галасаваньня, то што там можна мяняць? Я маю на ўвазе працэс галасаваньня — апусьціў бюлетэнь у скрыню, і ўсё.

Шмат хто хоча паехаць на лецішча ці яшчэ куды па сваіх справах. Таму прыйшлі, датэрмінова прагаласавалі — і ўсё. Але зь цягам часу, калі ў людзей зьявіцца пачуцьцё патрыятызму, канстытуцыйнага абавязку, то яны пойдуць на выбарчыя ўчасткі толькі ў той асноўны дзень галасаваньня».

У 2010 годзе ў датэрміновым галасаваньні на выбарах прэзыдэнта Беларусі ўзялі ўдзел 23,1% выбарцаў, або 1 мільён 629 тысяч 200 чалавек. Гэта дадзеныя Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў. Лічба гэтая меншая, чым на выбарах у 2006 годзе. Тады, паводле інфармацыі Цэнтравыбаркаму, датэрмінова прагаласавалі 31,3% выбарцаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG