Прадпрымальнікі даслалі кандыдатам сьпіс пытаньняў, якія адлюстроўваюць сёньняшнія праблемы дробнага бізнэсу, апавяла Ірына Яскевіч, каардынатарка аргкамітэту па стварэньні прафсаюзу ІП «Разам».
Аднак прадпрымальнікі атрымалі адказ толькі ад Тацяны Караткевіч. У штабе Сяргея Гайдукевіча паабяцалі падумаць над пытаньнямі, але адказу дагэтуль няма. Зьвязацца зь Мікалем Улаховічам або з чальцамі ягонай ініцыятыўнай групы не ўдалося, кажа прадпрымальніца Ірына Яскевіч:
«Паколькі шырокай грамадзкасьці, да якой належаць і прадпрымальнікі, пра спадара Ўлаховіча ўвогуле вядома няшмат, і кантактных дадзеных мы анідзе здабыць не змаглі, то папрасілі нашых менскіх актывістаў схадзіць да яго ў офіс. Тыя хадзілі тры дні, і штораз офіс быў зачынены. Мусіць, Мікалай Улаховіч вырашае нейкія іншыя праблемы, але даведацца ягонае стаўленьне да праблем малога бізнэсу ў нас так і не атрымалася».
Не ўдалося атрымаць якіх-кольвек адказаў і ад Аляксандра Лукашэнкі, працягвае прадпрымальніца:
«Сустрэчаў з гэтым кандыдатам не анансавалася, і адзінае, што нам засталося — гэта скарыстацца формай для зваротаў на сайце www.president.gov.by. Я асабіста пазначыла, што наш зварот — менавіта да кандыдата Аляксандра Лукашэнкі, а не да дзейнага прэзыдэнта. Мы чакалі чаго заўгодна, напрыклад, нейкіх абяцаньняў вырашыць усе праблемы, як было раней. Аднак адказ быў неспадзяваны: мне напісалі, што мы зьвярнуліся „у неналежнай форме“. Дык што, існуе нейкая асаблівая форма зваротаў да кандыдата на прэзыдэнцкую пасаду? Ніколі пра такое не чула!»
Прадпрымальнікі сфармулявалі 9 пытаньняў, ад вырашэньня якіх залежыць лёс дробнага прадпрымальніцтва ў Беларусі. Іх цікавіла, ці гатовыя патэнцыйныя прэзыдэнты падтрымаць зьмены ў заканадаўстве, улічваючы прапановы ІП, ці будзе падтрымана ініцыятыва зарэгістраваць прафсаюз прадпрымальнікаў, ці зьбіраецца новаабараны кіраўнік дзяржавы ўлічваць меркаваньне прадпрымальнікаў пры прызначэньні галіновых міністраў і іншых адказных асобаў, і гэтак далей.
Пытаньні былі дасланы ўдзельнікам прэзыдэнцкіх выбараў яшчэ на этапе збору подпісаў — усім, хто абвясьціў пра свой удзел у выбарчай кампаніі. У дыялёг з прадпрымальнікамі ўступілі Віктар Цярэшчанка і Анатоль Лябедзька, якіх Цэнтравыбаркам не зарэгістраваў у якасьці кандыдатаў. А з тых, хто ў кандыдаты трапіў, на пытаньні адказала толькі Тацяна Караткевіч. На думку аўтараў звароту, або астатніх праблемы прадпрымальніцтва ў Беларусі не хвалююць, або некаторыя з іх абсалютна ня вераць у тое, што змогуць трапіць на вышэйшую дзяржаўную пасаду і нешта вырашаць у краіне.