Якія асаблівасьці ў ідэйным і адміністратыўным сэнсе мае цяперашняя прэзыдэнцкая кампанія Аляксандра Лукашэнкі? Наколькі прапарцыйна ў дзяржаўных мэдыях прадстаўленыя розныя кандыдаты ў прэзыдэнты? Чаму афіцыйныя СМІ ахвотна запрашаюць незалежных экспэртаў і ці працягнецца гэтая лібэралізацыя пасьля выбараў?
На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы «Экспэртыза Свабоды» адказваюць мэдыяэкспэрт Паўлюк Быкоўскі і палітоляг Юры Чавусаў.
Цыганкоў: Як выглядае выбарчая кампанія Лукашэнкі? Лукашэнка сам любіць казаць, што кампаніяй не займаецца: маўляў, уся мая праца — гэта выбарчая кампанія. Ці так гэта? Ці вядзе каманда Лукашэнкі кампанію — адміністратыўна і ідэйна?
«Улады гэты ўрок засвоілі, і цяпер у Менску няма аніводнага прадстаўніка апазыцыі ў выбарчых камісіях»
Быкоўскі: Каманда праводзіць і сустрэчы з выбарнікамі, і пікеты, зьбірае наказы, прысутнічае ў СМІ. Калі разважаць пра тое, наколькі гэта інтэнсіўна — то, з аднаго боку, ёсьць прысутнасьць, з другога — я ня бачу барацьбы ідэяў ці прапановы, якая б усіх уразіла.
Цыганкоў: Раней на кожныя выбары Лукашэнка вылучаў нейкую ідэю, прапанову, лёзунг, які і станавіўся прыкметай кампаніі. Ці ёсьць гэта цяпер?
Быкоўскі: Перш за ўсё трэба зазначыць, што зьмяніўся лёзунг. Гэта адбылося досыць даўно, калі апэрыраваць межамі кампаніі. Лёзунг зьмяніўся з «квітнеючай» на «будучыню незалежнай Беларусі». Цяжка сказаць, ці тыя самыя ідэолягі, якія працуюць на Лукашэнку — ці могуць яны шчыра выказвацца ў тых варунках, якія закладзеныя новым лёзунгам. Бо трэба мець пэўную гнуткасьць і фантазію, каб нацягнуць тое, што гаварылася раней пра інтэграцыю, на сёньняшні лёзунг. Зьмянілася сытуацыя, у якой Лукашэнка спрабуе абаперціся на беларускі патрыятызм і пераключыць увагу з дабрабыту, на які спасылаліся раней.
Чавусаў: Трэба разумець, што для Лукашэнкі агітацыйная кампанія — гэта толькі адзін з кампанэнтаў, і пры тым зусім ня самы важны. Ёсьць яшчэ іншыя, і самы галоўны, напэўна, — адміністратыўны. То бок забесьпячэньне неабходнага выніку працы выбарчых камісіяў, тых лічбаў, якія абвесьціць спадарыня Ярмошына.
І тут мы маем нэгатыўныя зьмены — беспрэцэдэнтна нізкая колькасьць апазыцыянэраў у выбарчых камісіях адрозьнівае гэтую кампанію ад усіх іншых. У 2010 годзе ў Менску былі прадстаўнікі апазыцыі ў камісіях, і яны «ламалі сцэнар» на канкрэтных участках. Улады гэты ўрок засвоілі, і цяпер у Менску няма аніводнага прадстаўніка апазыцыі ў выбарчых камісіях.
Другі кампанэнт — рэпрэсіўны, і тут таксама ёсьць адрозьненьні ад ранейшых кампаніяў. Няма палітвязьняў. Хоць прадстаўнікі спэцслужбаў прысутнічаюць на пікетах апазыцыйных кандыдатаў, праводзяцца ператрусы — у партыйных актывістаў, праваабаронцаў, але гэта хутка ўсё было нівэлявана: спынілі перасьлед актывістаў, спынілі нават перасьлед журналістаў-фрылансэраў. І няма такіх застрашвальных заяваў, як рабіў Сухарэнка пра дохлых пацукоў у 2006 годзе, як Макей у 2010 годзе.
Гэта азначае, што рэпрэсіўны кампанэнт пакуль падпарадкаваны неабходнасьці замежнапалітычнага забесьпячэньня гэтай кампаніі. Падкрэсьлена вітальнае стаўленьне да замежных назіральнікаў і імкненьне не сапсаваць карцінку залішняй рэпрэсіўнай актыўнасьцю.
«У любы момант гэтае „сьвята дэмакратыі“ можа спыніцца»
Цыганкоў: Як Лукашэнку і іншых кандыдатаў прадстаўляюць дзяржаўныя СМІ? Ці ёсьць нейкае зьмястоўнае абмеркаваньне іхніх праграмаў, ці толькі кароткія ўзгадваньні ў навінах?
Быкоўскі: Тут можна знайсьці шмат падабенства зь мінулымі выбарамі. Галоўны ньюсмэйкер — кіраўнік дзяржавы, ён адзін стварае навіны і пра яго паведамляюць дзяржаўныя мэдыі. Дый незалежныя мэдыі прысьвячаюць яму больш часу, чым іншым. 80 працэнтаў часу «Панарамы» на БТ прысьвечана Лукашэнку.
Але калі паглядзець, чым адрозьніваюцца матэрыялы якасна, то цяпер, па-першае, наяўнасьць апазыцыі заўважылі, а па-другое, зьявіліся матэрыялы, у якіх апазыцыя не крытыкуецца. Цяпер ужо не абавязкова пра апазыцыю кажуць кепска — і гэта моцна адрозьнівае гэтую кампанію ад папярэдніх. Але гэтага не заўважыць вялікая аўдыторыя, бо тут вельмі малы аб’ём.
Цыганкоў: У 2010 годзе галоўная аналітычная перадача ОНТ, якую вёў Сяргей Дарафееў, перад выбарамі відавочна асьмялела, і гэта скончылася тым, што Дарафееў апынуўся ва Ўкраіне. А апазыцыя цалкам зьнікла з тэлеэфіру на 4 гады. Цяпер часам запрашаюць незалежных экспэртаў, некаторых ня самых зацятых апазыцыйных палітыкаў. Ці гэта скончыцца 11 кастрычніка, ці гэта стратэгічны трэнд?
Быкоўскі: У любы момант гэтае «сьвята дэмакратыі» можа спыніцца. Але, з другога боку, той самы спадар Гігін цягам вялікага пэрыяду часу спрабуе запрашаць на сваю праграму прадстаўнікоў розных палітычных сілаў. Я не скажу, што да іх ставіліся бесстаронна і яны адчувалі сябе камфортна на гэтых перадачах — але яны прысутнічалі. Для фармальнай справаздачы Гігін забясьпечвае пэўныя лічбы.
Чавусаў: Я бачу тут асноўнай прычынай неабходнасьць забесьпячэньня лагоднага стаўленьня замежных назіральнікаў да гэтай кампаніі. А адзін з кампанэнтаў тут — гэта роўная прысутнасьць альтэрнатыўных меркаваньняў у дзяржаўных СМІ.
Выбары ператвараюцца ня проста ў «бой зь ценем», а ў спаборніцтва Лукашэнкі сёньняшняга з самім сабой ранейшым
Мне падаецца, што задача, якая стаіць цяпер перад ідэалягічнай кампанэнтай каманды Лукашэнкі, даволі складаная. Вялікая частка апазыцыі ігнаруе гэтыя выбары. Таму яны ператвараюцца ня проста ў «бой зь ценем», а ў спаборніцтва Лукашэнкі сёньняшняга з самім сабой ранейшым. І гэта патрабуе складанага пазыцыянаваньня кандыдата. А тыя кампаніі, якія мы бачым, выглядаюць проста як расьпіл грошай тымі псэўдаграмадзкімі структурамі, якія традыцыйна забясьпечваюць кампанію Лукашэнкі. Ім сказалі выходзіць на пікеты — яны і выходзяць. Але гэтыя пікеты не ствараюць якасна іншага пазыцыянаваньня дзейнага кіраўніка дзяржавы.
І я магу меркаваць, што лічбы, якія агучаць сацыёлягі пасьля выбараў, могуць паказаць якасна іншую карціну. Традыцыйна мы бачылі, што ў пэрыяд выбараў рэзка павялічвалася падтрымка Лукашэнкі. Але цяпер, я мяркую — у выніку гэтых дыскусіяў з удзелам апазыцыі, магчыма, падтрымка апазыцыі не павялічыцца, але ня вырасьце і падтрымка прэзыдэнта.