Нехта трапна сказаў пра наплыў эмігрантаў у Эўропу – вам шкада, але вы шкадуеце не Эўропы, а таго, што сьвет больш ніколі ня будзе ранейшым, тым, «вашым». Вы шкадуеце сябе.
Сьвет зьмяняецца не заўсёды так, як табе хочацца, бо ў вышняй канцылярыі свае пляны на цывілізацыю, на антрапасфэру, на «нябесныя зьбегі». Ты хочаш у гэтым паўдзельнічаць? Тады ўлічвай, калі ласка, глябальныя працэсы, а ня дзьміся ў куточку, што яны пайшлі не туды. І пагатоў улічвай, калі сэрца табе баліць за Бацькаўшчыну і за тое, каб нацыянальныя каштоўнасьці ня сталі ў абноўленым сьвеце атавізмам. Разам з табою.
Цябе карабаціць ад аднаполых шлюбаў? Можа быць, праблема ў табе? Бо хоць ты галовы за гэта адразай, але ж ясна, куды ідзе караван. Можа і ў 1950-я нехта ў пятлю лез ад таго, што жанчынам (бабам, Карл!) далі выбарчае права. І калі Брэжнеў памёр, многія плакалі – што ж цяпер будзе?! І нават да істэрыкі – гэта канец! І пасьля рэфэрэндуму 1995-га ня толькі рукі апускаліся, усё.
Нехта так і застаўся там – дзе баб не пушчаць, дзе геям – крымінал, і ўжо сэрцам гатовы прыняць (аж сам не чакаў) шарыят. Нехта грыміць на ўсе СМІ: хопіць вы нацыяналістаў апазыцыяй называць, ворагі народа яны – так у ранейшым законе запісана.
Але сьвет ніколі ня будзе ранейшым. Не застацца б ранейшым у заўтрашнім сьвеце табе.
Хочаш нечага дасягнуць – будзь хітрэйшым за абставіны. Малайчына Міхалевіч, граматна вярнуўся. Дык так і скажы – малайчына. А не «Ўсё пралічыў, гад!» А ён проста – жывы і заўтра жыць зьбіраецца, у зьмененым сьвеце, у заўтрашняй Беларусі, якой ты баісься, як чорт ладану. «Зьяжджаю, – напісаў адзін у фб, – чужыя людзі, чужая краіна». Гэта пра Бацькаўшчыну. Абрусом сьцяжына, як той казаў.
Мяне прыклад Міхалевіча на адну думку наводзіць. Калі б у нас палітыкі ўмелі гуляць у такія шматхадоўкі, можа б тады яны і зьявіліся ў нас, палітыкі.
Цяпер шмат пішуць пра перавагі нелінейнага мысьленьня. І гэта – рэальнасьць зьмененага сьвету. Тым часам нашы тытульныя актывісты – спрэс лінейныя і аднахадовыя. Ты за байкот? – Наш! Ты за выбары? – прадажны агент! Пры тым, што ні выбараў, ні байкоту няма.
У палітыцы прабіваецца той, хто ўлічвае максымум фактараў. Да таго ж, пакажэце мне ў сьвеце хоць аднаго пасьпяховага палітыка, які б ня быў цынікам? (Ну ладна, «здаровым цынікам».) Гэта не палітыкі вінаватыя ў сваім цынізьме, а тое, што сьвет ніколі ня будзе ранейшым. Колісь цынізм быў зброяй палітыкаў, сёньня – частка іхнага партфоліё, прафэсіі.
Яна сфоткалася з імпэрцам! – І што, падтрымала ягоныя ідэі? – Не, адхрысьцілася. – У чым праблема, яна на выбарах, можа здымацца з усімі, нават з табой. – Усё адно няма дараваньня! Сёньня сфоткалася, заўтра падтрымае.
А ты за яе не дадумвай, і ўвогуле ні за каго не дадумвай. Мае камэнтатары любяць паразмазваць – што я падумаў, але не сказаў. Праціўна бывае чытаць. Асабліва, калі павее духам катакомбаў і зомбі з сэкты «Далакопы Бацькаўшчыны».
Хочаш перамогі нацыянальных каштоўнасьцяў – будзь мудрым, а не «прынцыповым», разумей, з кім маеш справу. Ня хочаш круціць хвастом – хвост закруціць табой, і станеш не пераможцам чыйгосьці цынізму, а ахвярай свайго ўласнага. Будзеш гнеўна выкрываць русіфікацыю, а ў самога электронны адрас на mail.ru… Але ж і наглядзеўся я такіх «патрыётаў».
Можа быць, самае дакладнае азначэньне таго, што ў нас адбываецца сёньня: мёртвы хапае жывога… І штурхае яго ў труну аджылага – дадаў бы Абдзіраловіч. Гэта і пра першага прэзыдэнта з камарыльляй, і пра «апазыцыю», якая ўчапілася ў Караткевіч (нарэшце, хоць нешта іх аб’яднала:)). Мёртвы хапае жывога ў нашых школах і з экрану БТ. Адусюль цягнуцца гэтыя ўчэпістыя зямлістыя рукі, адусюль гучаць замагільныя галасы пра непраўдзівасьць усяго, што адбываецца, пра мараль і прынцыпы, прадажнасьць і гэбізм.
Але што толку ад вас Бацькаўшчыне ў новым, зьмененым сьвеце, дзе ўсе вашы ранейшыя расклады абрынуліся ў нішто? Назіраю, як атакуюць Караткевіч, і разумею, што на першае месца выходзяць некарэктныя паводзіны да жанчыны. І толькі ззаду, у кучы хлуду ўсе тыя закіды «па сутнасьці» («Ды які яна палітык!», «Ды хто за ёй стаіць!», «Адкуль грошы!», «Агентура Лукі!»…). Вам гэта любы мінак на вуліцы скажа – нельга да жанчыны так. І ніякай сваёй учорашняй «рацыяй» гэтую рацыю не перашыбеце, не дакажаце.
(Да ведама аматараў пераходзіць на асобы. Сам я на выбары не пайду, але дзякуючы Караткевіч, буду сачыць за імі зь цікавасьцю.)
Вось павеяла нечым новым, не такім, як прызвычаіліся, і пацягнуліся кашчавыя кіпцюры – няправільная рэчаіснасьць, ня «наша». А значыць, гэб’ё, масква, ну і што там яшчэ, каб балючэй драпнуць.
Але сьвет ніколі ня будзе ранейшым – лінейным, аднахадовым, чорна-белым. Гэта пакуль яшчэ ў нас магчымае царства памерлых, бо…
Беларусь, якая пасьля доўгіх дзесяцігодзьдзяў нішчыміцы і бяспраўя дарвалася да матэрыяльных дабротаў, мякка кажучы, пераела. Ёй цяпер не да выбараў, не да палітыкі і не да навін. Ёй бы мізіму цяпер. У адной з самых абінтэрнэчаных краін сьвету навіны чытае статыстычная пагрэшнасьць. Але якім бы сьмяротным ні быў грэх абжорства, яно мінае, і на зьмену голаду страўніка прыходзіць голад мозгу.
Для тых, хто яшчэ ня ўвераваў у «наш асаблівы шлях» і хто больш-менш абазнаны ў гісторыі іншых народаў, перадусім суседніх, уся надзея на гэта.
Для іншых – любоў да Бацькаўшчыны даўно і трывала зьнітавалася з чаканьнем. А як кажуць, няма больш дэпрэсіўнага стану, чым чакаць. Чакаюць, калі міма праплыве труп ворага. Чакаюць, калі «прыйдуць нашы» і ўсё паправяць. Чакаюць, што сьвет зноў стане ранейшым, знаёмым, «сваім».
У маім разуменьні любіць Бацькаўшчыну – у кожную хвіліну і ў кожнай безнадзёзе разгледжваць яе самыя малыя, самыя нерэальныя, на першы погляд, шанцы. А не цягнуць яе ў магілу свайго учорашняга сьвету.
Як у той показцы пра веру ў Бога. Мужык зваліўся ў прорву, учапіўся за кволую галінку. Вісіць. «Божа, выратуй мяне, калі ласка, і я буду верыць у цябе да канца дзён сваіх». Бог: «Добра, выратую. Толькі адпусьці галінку». Мужык: «Э-э, ты што, здурнеў?».
Адпусьціце галінку.