Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кандыдаты пасьля рэгістрацыі агітаваць змогуць толькі тэарэтычна


10 верасьня а 12-й гадзіне пачнецца афіцыйная рэгістрацыя кандыдатаў на прэзыдэнта Беларусі. У адрозьненьне ад выбараў 2010 і 2006 гадоў, яна адбудзецца не ў Палацы Рэспублікі, а ў Доме ўраду. Ці зьявяцца на ўрачыстую цырымонію ўсе патэнцыйныя кандыдаты, невядома. Выбарчае заканадаўства дазваляе ім прысылаць замест сябе давераную асобу.

Сярод прэтэндэнтаў на рэгістрацыю, якія маюць шанец прайсьці гэтую працэдуру, у Цэнтравыбаркаме называюць Сяргея Гайдукевіча, Тацяну Караткевіч, Аляксандра Лукашэнку і Мікалая Ўлаховіча. Кожны зь іх сабраў болей за 100 тысяч подпісаў выбарцаў. Акрамя гэтага квартэту, дакумэнты на рэгістрацыю падалі Віктар Цярэшчанка і Жанна Раманоўская, у якіх, паводле Цэнтральнай выбарчай камісіі, сапраўдных подпісаў меней за 7 тысяч і 1 тысячу адпаведна.

Праўда, 9 верасьня Віктар Цярэшчанка, не дачакаўшыся пасяджэньня, заявіў, што здымаецца з выбараў. Сваё рашэньне спыніць прэзыдэнцкую кампанію Віктар Цярэшчанка тлумачыць тым, што вымушаны зрабіць гэта ў сувязі з рэальнай небясьпекай для свайго жыцьця і пагрозамі на адрас сям’і. Паводле ягоных словаў, на яго і на сябраў ягонай каманды ідзе вельмі моцны ціск, «у тым ліку і празь непасрэдныя пагрозы фізычнай расправы і крымінальнага перасьледу з боку ўлады».

Былы прэтэндэнт упэўнены, што ўлады спэцыяльна «зарубілі» яго. У якасьці прыкладу ён прыводзіць сытуацыю ў Горацкім раёне. Там тэрытарыяльная камісія, паводле экс-кандыдата, не ўлічыла подпісы за яго таму, што падпісныя лісты былі запоўненыя рознымі почыркамі. Але ж Выбарчы кодэкс патрабуе, каб толькі дата і подпіс былі зробленыя самімі выбарцамі. А іншыя рэквізыты можа запоўніць любы чалавек.

Сябра ініцыятыўнай групы Цярэшчанкі ў гэтым раёне Юры Седнеў кажа, што хадзіў у камісію, каб высьветліць сытуацыю. Але там яму адмовіліся паказаць забракаваныя падпісныя лісты. У выніку актывіст напісаў тры скаргі: у мясцовыя РАУС і пракуратуру, а таксама ў ЦВК.

Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік сказаў, што мясцовая камісія не парушыла заканадаўства, бо забракаваныя подпісы сабраў не спадар Седнеў, а іншы сябра ініцыятыўнай групы. Але, на яго думку, лепей было б, каб камісія ўсё патлумачыла і паказала памылкі. І тады не было б спрэчак і падазронасьці.

Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына ўчора сказала Свабодзе, што пачаць агітацыйную кампанію за сябе кандыдаты, якіх 10 верасьня зарэгіструюць, фармальна могуць літаральна пасьля заканчэньня пасяджэньня:

10 верасьня нават зарэгістраваныя кандыдаты нічога ня змогуць правесьці. Бо павінны за два дні да пачатку праінфармаваць мясцовыя ўлады

«Але 10 верасьня нават зарэгістраваныя кандыдаты нічога ня змогуць правесьці. Бо каб правесьці сваё мерапрыемства, яны павінны за два дні да пачатку праінфармаваць мясцовыя ўлады пра тое, дзе і ў якіх месцах яны зьбіраюцца правесьці гэтыя мерапрыемствы. Такім чынам, нават зарэгістраваныя кандыдаты нічога ня змогуць зрабіць, бо ім патрэбна выканаць гэтую ўмову.

А ўлёткі яны яшчэ не падрыхтавалі. Гіпатэтычна яны могуць агітаваць. Але — як? Усе плацяжы па фондах, пакуль яны знаходзяцца ў нявызначаным статусе, спыненыя. Фонды як бы замарожаныя, нават калі там ёсьць грошы. І размарозяць іх толькі 10 верасьня».

Я спытаўся ў спадарыні Ярмошынай пра яе стаўленьне да ініцыятывы Міколы Статкевіча правесьці 10 верасьня пікет у цэнтры Менску з патрабаваньнем вольных выбараў. Старшыня ЦВК адказала так:

«10 верасьня ён права ні на што ня мае. Ён можа як выбаршчык зьвярнуцца ў выканаўчы камітэт адпаведна з законам аб масавых мерапрыемствах і папрасіць дазволіць яму ў спрошчаным парадку правядзеньне мітынгу альбо пікету ў якім-небудзь месцы. Але тут будзе дзейнічаць, хоць і ў спрошчаным выглядзе, дазвольны парадак. То бок не заяўны, як для кандыдатаў і іх давераных асобаў, а дазвольны. Выканкам можа яму дазволіць, але ў іншым месцы».

Ярмошына кажа, што можна агітаваць за ўдзел у выбарах, за канкрэтнага кандыдата, за праграму партыі, якая падтрымлівае канкрэтнага кандыдата, за нейкія эканамічныя праекты:

«У прынцыпе, артыкул 47 кажа, пра што нельга. Гэта — распальваньне нацыянальнай варожасьці і розьні, зьнявага і паклёп. І цяпер зьявілася новае — за байкот выбараў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG