Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Партыя БНФ патрабуе ад ЦВК не рэгістраваць Лукашэнку


Дом ураду ў Менску
Дом ураду ў Менску

Афіцыйная рэгістрацыя кандыдатаў на прэзыдэнта Беларусі пачнецца а 12-й гадзіне 10 верасьня ў Доме ўраду. Пра гэта Свабодзе сёньня паведамілі ў Цэнтральнай выбарчай камісіі. Сярод прэтэндэнтаў на рэгістрацыю ў Цэнтравыбаркаме называюць Сяргея Гайдукевіча, Тацяну Караткевіч, Аляксандра Лукашэнку і Мікалая Ўлаховіча. Акрамя гэтага квартэта, дакумэнты на рэгістрацыю падалі Віктар Цярэшчанка і Жанна Раманоўская.

Як стала вядома Свабодзе, у праекце пастановы ЦВК прапануецца зарэгістраваць чатырох кандыдатаў — Сяргея Гайдукевіча, Тацяну Караткевіч, Аляксандра Лукашэнку і Мікалая Ўлаховіча.

Другому квартэту ў складзе Сяргея Калякіна, Анатоля Лябедзькі, Жанны Раманоўскай і Віктара Цярэшчанкі ў рэгістрацыі плянуецца адмовіць. Падстава — ніводзін з гэтых прэтэндэнтаў ня змог сабраць неабходны мінімум у 100 тысяч сапраўдных подпісаў выбарцаў. Праўда, ініцыятыўная група Цярэшчанкі здала на праверку каля 130 тысяч подпісаў. Але, паводле ЦВК, зь іх сапраўднымі былі прызнаныя менш за 7 тысяч.

Сам прэтэндэнт гэтаму ня верыць, таму і перадаў у Цэнтравыбаркам праз давераную асобу ўвесь камплект дакумэнтаў, неабходных для рэгістрацыі. Спадар Цярэшчанка зьбіраецца 10 верасьня прыйсьці на пасяджэньне ЦВК і «дамагацца там праўды». Ён спадзяецца, што стан здароўя дазволіць яму зрабіць гэта.

Аднак сёньня Цярэшчанка вымушаны быў адмяніць сваю прэсавую канфэрэнцыю якраз з прычыны дрэннага самаадчуваньня, пра што і сказаў Свабодзе:

Віктар Цярэшчанка
Віктар Цярэшчанка

«Сытуацыя ня лепшая. Я здаў у шпіталі шмат аналізаў. Але вынікаў ніводнага зь іх дагэтуль ня ведаю. Нічога мне ня кажуць. Таму вымушаны дамагацца праўды праз паўторную здачу аналізаў.

Галава па-ранейшаму кружыцца. Арыентацыя не паляпшаецца. Хаджу з дапамогай жонкі, пад ручку, як у маладосьці. Здаю паглыбленыя аналізы ў розных мэдычных установах — і ў першым шпіталі, і на Казінца, і ў прыватных.

Што тычыцца прэсавай канфэрэнцыі, то яна, найхутчэй, пройдзе заўтра. Сёньня я проста фізычна не змагу».

Тым часам сябры сойму Партыі БНФ даручылі кіраўніцтву партыі зьвярнуцца ў Цэнтравыбаркам з патрабаваньнем не рэгістраваць Аляксандра Лукашэнку ў якасьці афіцыйнага кандыдата на прэзыдэнта. Адказны за падрыхтоўку дакумэнту Юрась Чавусаў тлумачыць:

Юрась Чавусаў
Юрась Чавусаў

«Гэта — скарга. Яна рыхтуецца з дапамогай дадзеных, якія зьбіраюцца назіральнікамі ў межах кампаніі „Права выбару — 2015“.

Для нерэгістрацыі ёсьць тры групы аргумэнтаў. Першая — шматлікія выпадкі ўжываньня адміністратыўнага рэсурсу, ціску на выбарцаў падчас збору подпісаў, выкарыстаньне адміністрацыяў прадпрыемстваў дзеля збору подпісаў.

Другі блёк зьвязаны зь ціскам на былую нашу ініцыятыўную групу (Тацяны Караткевіч) і ініцыятыўныя групы іншых дэмакратычных кандыдатаў. Шмат было выпадкаў перасьледу.

Трэці блёк аргумэнтаў тычыцца юрыдычнай немагчымасьці Лукашэнкі балятавацца, паколькі рэфэрэндум пра зьняцьце абмежаваньняў у два тэрміны быў незаконны».

«Ад тых супернікаў Лукашэнкі, якіх зьбіраюцца зарэгістраваць, я не чакаю ніякага сюрпрызу», — кажа палітоляг Уладзімер Роўда:

Уладзімер Роўда
Уладзімер Роўда

«Ёсьць такі тэрмін палітычны — лузэр. Палітычна гэта ня вельмі карэктна, але па сутнасьці гэта так. У выглядзе лузэраў выступаюць і прадстаўнікі апазыцыі. Ім трэба весьці сваю гульню. І не высоўвацца. Ніякіх кантактаў, камунікацыяў з насельніцтвам.

Эканамічная сытуацыя цяпер нядобрая для рэжыму. І гэта можна было б выкарыстаць. Прадэманстраваць сваю, хацеў сказаць, магутнасьць. Магутнасьці, зразумела, у апазыцыі няма. Але выкарыстаць выбарчыя магчымасьці можна было б значна лепей: правесьці мітынгі, няхай несанкцыянаваныя. І каб на іх гучалі разам і палітычныя, і эканамічныя праблемы. Каб людзі ведалі, што такое апазыцыя, чым яна займаецца.

Нашы апазыцыянэры прыстасаваліся да сытуацыі ўжо вельмі добра. 20 год яны зьяўляюцца лузэрамі. І таму нічога добрага ад іх я асабіста чакаць не магу».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG