Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве ўвекавечылі памяць пра беларускага адраджэнца Валянціна Ермаловіча


У Магілёве адкрылі памятную дошку дзеячу беларускага адраджэньня, вэтэрану Другой усясьветнай вайны, драматургу Валянціну Ермаловічу.

Усё сваё жыцьцё ён прысьвяціў станаўленьню і разьвіцьцю беларускага тэатру. Усе ягоныя пастаноўкі былі беларускамоўныя. Самадзейныя тэатры, арганізаваныя рупліўцам беларушчыны, станавіліся народнымі. Пры канцы 1980-х гадоў ён старшыняваў у мясцовай філіі асацыяцыі «Мартыралёг Беларусі». Адшукаў месца пахаваньня закатаванага клясыка беларускай літаратуры Цішкі Гартнага. Казаў пра рэпрэсаваную беларускую мову.

Упершыню за дзесяцігодзьдзі ў Магілёве ўвекавечылі памятнай дошкай імя дзеяча беларускага адраджэньня. Дошку ўсталявалі на доме, дзе жыў Валянцін Ермаловіч. Сродкі, каб яе зрабіць, зьбіралі талакою. На ўрачыстасьць адкрыцьця сабралася немалая грамада людзей. Прыйшлі чыноўнікі, актывісты грамадзкіх і палітычных арганізацыяў, вучні драматурга і прыхільнікі ягонай творчасьці.

«Мы аддаём даніну павагі ўнікальнаму чалавеку, унікальнаму тэатральнаму дзеячу, які захапляў сваім талентам, сваёй энэргетыкай», — казаў на ўрачыстасьці адкрыцьця памятнай дошкі Валянціну Ермаловічу намесьнік старшыні Магілёўскага гарвыканкаму Андрэй Кунцэвіч.

Выступае Андрэй Кунцэвіч — намесьнік старшыні гарвыканкаму
Выступае Андрэй Кунцэвіч — намесьнік старшыні гарвыканкаму

«Мне давялося асабіста ведаць Валянціна Іванавіча, які наведваў заняткі ў нашым школьным тэатральным гуртку ў Бялынічах, — прамаўляў службовец. — Адразу кідалася ў вочы, зь якой павагай ён ставіўся да нас, звычайных школьнікаў. Яго шчырая ўсьмешка, позірк зь лёгкай хітрынкай і бездакорная беларуская мова назаўсёды застануцца ў маёй памяці».

Пра грамадзкую дзейнасьць Валянціна Ермаловіча згадаў у сваёй прамове ягоны паплечнік Міхась Булавацкі. Ён таксама быў сябрам «Мартыралёгу Беларусі». Паводле яго, Ермаловіч у далёкія 80-я гады казаў пра тое, што потым стала вызначальным у дзейнасьці арганізацыяў адраджэнскага кшталту.

Міхась Булавацкі: «Ермаловіч казаў пра рэпрэсаваную беларускую мову»
Міхась Булавацкі: «Ермаловіч казаў пра рэпрэсаваную беларускую мову»

«Тады сваёй постацьцю ён гатовы быў прыкрываць пакуль што наіўных, недасьведчаных змагароў за правы і памяць рэпрэсаваных людзей. На ўстаноўчай канфэрэнцыі філіі крыху сказаў пра людзей рэпрэсаваных, а потым доўга казаў пра рэпрэсаваную мову. Я тады яго не разумеў. У гэтым ён быў больш дальнабачны, чым я», — згадвае Міхась Булавацкі.

«У першы год былі адшуканыя месцы, дзе расстрэльвалі людзей. Там цяпер Крыж. Знойдзена было пахаваньне Цішкі Гартнага. Там цяпер памятны знак. Яго бацька быў рэпрэсаваны, і ён дужа востра адчуваў боль людзей, якія прайшлі праз рэпрэсіі».

Усталяваньне памятнай дошкі Валянціну Ермаловічу, як зазначыў магілёўскі гісторык Ігар Пушкін, — прыклад грамадзкай салідарнасьці. Грошы ахвяравалі пяцьсот асобаў. Выступоўца нагадаў, што 2015 год праходзіць пад знакам Валянціна Ермаловіча. Сёлета яго дзевяностагодзьдзе.

Магілёўскі гісторык Ігар Пушкін кажа пра салідарныя дзеяньні ў справе ўсталяваньня памятнай дошкі Валянціну Ермаловічу
Магілёўскі гісторык Ігар Пушкін кажа пра салідарныя дзеяньні ў справе ўсталяваньня памятнай дошкі Валянціну Ермаловічу

«Валянцін Ермаловіч — легенда культуры нашага краю. Усталяваньне памятнай дошкі ў яго гонар — гэта ўзор узаемадзеяньня грамадзянскай супольнасьці. Прыклад станоўчага ўзаемадзеяньня ўлады і грамадзкасьці. Супольнымі дзеяньнямі мы праверылі сябе на салідарнасьць», — казаў Ігар Пушкін.

На памятнай дошцы, зробленай у бел-чырвона-белых колерах, сьціплы надпіс: «У гэтым доме жыў заслужаны работнік культуры БССР, актор, рэжысэр Валянцін Ермаловіч».

На ўрачыстасьці адкрыцьця памятнай дошкі Валянціну Ермаловічу
На ўрачыстасьці адкрыцьця памятнай дошкі Валянціну Ермаловічу

Валянцін Ермаловіч — брат беларускага гісторыка Міколы Ермаловіча. Нарадзіўся 17 сакавіка 1925 году. Ваяваў. Чатыры разы быў паранены. У 1944 годзе родныя атрымалі «пахаронку» на яго. Працаваў рэжысэрам шмат якіх тэатральных калектываў. Заслужаны працаўнік культуры Беларусі. Памёр 22 сьнежня 2004 году. Пахаваны ў Магілёве.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG