Міністэрства гандлю зьнізіла максымальныя нацэнкі на моцны алькаголь, які прадаецца ў аб’ектах грамадзкага харчаваньня.
Адпаведнае рашэньне зьмяшчаецца ў пастанове Міністэрства гандлю ад 26 жніўня 2015 году № 25. Згодна з пастановай усталёўваецца гранічная максымальная нацэнка ў памеры 60% на алькагольныя напоі мацункам звыш 28%, якія вырабляюцца і рэалізуюцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, пры іх рэалізацыі ў аб’ектах грамадзкага харчаваньня. Такім чынам, усталёўваць нацэнку звыш 60% у рэстаранах і барах ня маюць права.
Гэта ўжо другое рашэньне ўладаў пра алькаголь за пяць дзён. На мінулым тыдні ў Менску зьнялі абмежаваньні на начны і ранішні продаж алькагольных напояў. Калі гэтыя абмежаваньні ўводзіліся ў ліпені, то яны тлумачыліся нэгатыўным уплывам рэалізацыі напояў у начны час сутак на крымінагенную сытуацыю.
Сустаршыня аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі бачыць у двух гэтых рашэньнях уладаў палітыку «мэтанакіраванага спойваньня насельніцтва».
«Улады ў першую чаргу сваёй мэтай ставяць утрыманьне ўлады і выцягваньне грошай з насельніцтва ўсімі сродкамі. Па сутнасьці, зьніжэньне коштаў на алькаголь азначае наступны крок у алькагалізацыі насельніцтва Беларусі. Гэта злачынства супраць нацыі, супраць беларускага народа — я заяўляю гэта абсалютна адкрыта. Зьніжэньне коштаў на алькаголь будзе спрыяць павялічэньню алькагалізацыі, павялічэньню забойстваў на глебе алькагольнай залежнасьці, ДТЗ і проста няшчасных здарэньняў.
Спойваньне насельніцтва адбываецца якраз у пэрыяд перадвыбарчай кампаніі. Безумоўна, за гэтую ўладу ў цьвярозым стане галасаваць ніхто ня будзе. Вядома, уладам выгадна, каб беларусы ператвараліся ў такую нецьвярозую аморфную масу, а не грамадзян Рэспублікі Беларусь. Можна сказаць, што сёньня бюджэт, безумоўна, папоўніцца за гэтыя грошы, але гэта азначае, што ўлада прадае здароўе беларусаў дзеля напаўненьня бюджэту. Здароўе, жыцьцё людзей выстаўлена цяпер на гандаль», — заявіў палітык у інтэрвію Радыё Свабода.