Адміністрацыі раёнаў Менску прымаюць рашэньне па адмене абмежаваньняў аб рэалізацыі алькагольных, слабаалькагольных напояў і піва. Адпаведны загад дадзены Менгарвыканкамам.
Пра гэта паведамляе FINANCE.TUT.BY са спасылкай на ўпраўленьне гандлю і паслуг Менгарвыканкаму.
«Учора ўжо тры раёны — Заводзкі, Партызанскі і Першамайскі — адмянілі абмежаваньні. Сёньня ўсе раёны прадставяць мне такія рашэньні, — заявіла начальнік упраўленьня гандлю і паслуг Менгарвыканкаму Ніна Емяльянава. — Таму зь сёньняшняга дня ўсе крамы будуць рэалізоўваць алькагольную прадукцыю на працягу ўсяго рэжыму працы».
Гэта значыць, калі крама працуе да 23.00 або 2.00, то продаж дазволены да самага закрыцьця. Гэта ж тычыцца ранішняй рэалізацыі: з таго моманту, калі гандлёвая кропка адкрываецца, яна мае права прадаваць алькаголь.
Раней продаж алькагольных, слабаалькагольных напояў і піва ў крамах сталіцы быў забаронены з 22.00 да 9.00. Забарона пратрымалася два месяцы і дзесяць дзён.