Вярхоўны прадстаўнік Эўрапейскага зьвязу па зьнешняй палітыцы Фэдэрыка Магерыні назвала прысуд украінскаму рэжысэру Алегу Сянцову і актывісту Аляксандру Кольчанку парушэньнем міжнароднага права і элемэнтарных нормаў правасудзьдзя.
У заяве Магерыні, апублікаванай на афіцыйным сайце зьнешнепалітычнага ведамства ЭЗ, гаворыцца, што расейскі суд ня мае паўнамоцтваў пры вынясеньні прысудаў па дзеяньнях, якія былі зьдзейсьненыя па-за межамі прызнанай міжнароднай супольнасьцю тэрыторыі Расеі. Кіраўнік дыпляматыі ЭЗ падкрэсьлівае, што Расея «незаконна анэксавала» Крым у сакавіку 2014 году.
Эўрапейскі зьвяз заклікае Маскву неадкладна вызваліць Сянцова і Кольчанку і гарантаваць іх бясьпечнае вяртаньне ва Ўкраіну, заявіла Магерыні.
Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША, у сваю чаргу, заявіў, што прысуд Сянцову і Кольчанку зьяўляецца судовай памылкай. Украінцы былі ўзятыя ў закладнікі на тэрыторыі Ўкраіны, перапраўленыя і заключаныя ў турму ў Расеі. Ім было навязанае грамадзянства Расеі супраць іх волі, адзначае Дзярждэпартамэнт.
Кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Расеі Сяргей Іваноў адмовіўся камэнтаваць прысуд. Па словах Іванова тэлеканалу «Дождь», ён чуў «пра нейкі прысуд», але ў Расеі абвяшчаюць дзясяткі тысяч прысудаў у дзень, таму ён за імі ня сочыць.
У аўторак Паўночна-Каўкаскі акруговы вайсковы суд прысудзіў Алега Сянцова да 20 гадоў калёніі строгага рэжыму, а Аляксандра Кольчанку — да дзесяці гадоў паводле абвінавачваньня ў тэрактах і іншай падрыўной дзейнасьці ў Крыме. Яны віну не прызналі. Amnesty International і расейскі праваабарончы цэнтар «Мэмарыял» прызналі Сянцова і Кольчанку палітвязьнямі.